У мінскім аэрапорце ізноў «мініраванне»
Праз паведамленне пра бомбу спыненая пасадка на рэйс «Lufthansa» «Мінск — Франкфурт», піша «Еўрарадыё».
![Фота Дзмітрыя Дзмітрыева Фота Дзмітрыя Дзмітрыева](/img/v1/images/_aeraport__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Прэс-служба аэрапорта паведамляе, што на электронную пошту прыйшоў ліст «ад невыяўленых асоб» пра намер здзейсніць тэракт на «Lufthansa». І прыносіць прабачэнні за нязручнасці.
Пасажыраў, якія ўжо селі ў самалёт, папрасілі выйсці з яго і адправілі на паўторны дагляд. Іх багаж выгрузілі. Борт, які мусіў вылецець з Мінска ў 14:20, па-ранейшаму знаходзіцца ў аэрапорце.
Па стане на 16.15 паведамленне пра «мініраванне» не пацвердзілася. Самалёт рыхтуецца да ўзлёту.