Што не так з версіяй аб мініраванні самалёта «Ryanair» ад імя салдат «ХАМАС»

Мінтранс Беларусі заявіў, што паведамленне аб мініраванні самалёта «Ryanair», на якім ляцеў Раман Пратасевіч, прыйшло ад імя салдат палесцінскай групоўкі «ХАМАС». Яны нібыта пагражалі падарваць бомбу над Вільняй.

Баевікі ХАМАС. Фота Adel Hana/AP

Баевікі ХАМАС. Фота Adel Hana/AP

У пагрозе ад ЕС патрабавалі спыніць падтрымліваць дзеянні Ізраіля, сцвярджае дырэктар дэпартамента авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі.
Беларускі Мінтранс сцвярджае, што тэкст пагрозы, з-за якой самалёт «Ryanair» быў пасаджаны ў Мінску, выглядаў так: «Мы, салдаты ХАМАС, патрабуем, каб Ізраіль спыніў агонь у Сектары Газа. Мы патрабуем, каб Еўрапейскі Саюз адмовіўся ад падтрымкі Ізраіля ў гэтай вайне. Вядома, што ўдзельнікі Delfi Economic Forum вяртаюцца дадому рэйсам 4978. У гэты самалёт закладзена бомба. Калі вы не выканаеце нашы патрабаванні, бомба выбухне 23 траўня над Вільняй».
Застаецца незразумелым, чаму ліст прыйшоў у мінскі аэрапорт, а не віленскі, задаецца пытаннем «Наша Ніва», альбо ў аэрапорт Афінаў ці кампанію «Ryanair», якой належаў самалёт? Таксама няясна, чаму тэрарысты патрабуюць спыніць агонь у Сектары Газа праз два дні пасля заключэння перамір’я з Ізраілем, заўважае «Еўрарадыё».