Супраць людзей і гісторыі

У Мінску жыхары дамоў па вуліцы Рэвалюцыйнай змагаюцца супраць гарадскіх уладаў за сваю маёмасць і захаванне гістарычнай забудовы горада.

Жыхарам дамоў 24 і 32 па вуліцы Рэвалюцыйнай пагражае адсяленне з кватэр, якія знаходзяцца ў іх прыватнай уласнасці. Дом, што з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, можа быць знішчаны, а на яго месцы пабудаваны новы камерцыйны аб’ект.



b38e5ff5f816ac6e4169bce9314b2996.jpg

У Мінску жыхары дамоў па вуліцы Рэвалюцыйнай змагаюцца супраць гарадскіх уладаў за сваю маёмасць і захаванне гістарычнай забудовы горада.
Жыхарам дамоў 24 і 32 па вуліцы Рэвалюцыйнай пагражае адсяленне з кватэр, якія знаходзяцца ў іх прыватнай уласнасці. Дом, што з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя, можа быць знішчаны, а на яго месцы пабудаваны новы камерцыйны аб’ект.
Дом па Рэвалюцыйнай, 32, адпаведна Пастановаў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 верасня 2008 г. № 1288 і ад 19 жніўня 2009 г. № 1088, уваходзіць у склад комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Гістарычны цэнтр г. Мінска».
Таму на будынак у поўнай меры распаўсюджваецца дзеянне міжнародных і нацыянальных прававых актаў у галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але цяпер побач з гістарычнымі дамамі ва ўсю ідзе будоўля шматфункцыянальнага комплексу з падземным паркінгам. Тут шчыруе тэхніка, будаўнікі забіваюць палі, а дамкі апынуліся бы на выспе ў атачэнні катлаванаў. Натуральна, гэта не найлепшым чынам паўплывала на іх стан. Гарадскія ўлады спрабуюць давесці жыхарам гістарычнага цэнтру, што іх жытло знаходзіцца ў аварыйным стане.
Супраць такіх грошай вы — нішто
Жыхары дома па вуліцы Рэвалюцыйная, 32 пратэстуюць супраць рашэння гарадскіх уладаў і, каб адстаяць сваё права на маёмасць, нават звярнуліся ў суд. Падрыхтаваная і скарга ў пракуратуру на дзеянні КУП «Спадчына», у падпарадкаванні якога знаходзіцца забудова, з просьбай завесці крымінальную справу па факту знішчэння гістарычных помнікаў і культурнай спадчыны.
Цікава, што не так проста было знайсці адваката, які б пагадзіўся адстойваць іх інтарэсы, — людзі папросту баяцца звязвацца з гарадскімі ўладамі. «Нам так і сказалі падчас судовага пасяджэння: тут такія грошы задзейнічаныя, што вы ніякіх шанцаў не маеце, — расказвае жыхарка дома № 32 па вуліцы Рэвалюцыйнай Галіна Паўлаўна. — Прадстаўнік Мінгравыканкама нам гаварыў: «Ды што вы дзёргаецеся? Усё адно ў вас нічога не атрымаецца, бо супраць такіх грошай вы — нішто. Выселяць і выкінуць. Нам нават не прапанавалі два-тры варыянты. Прапанавалі адзін — і праз месяц у абавязковым парадку высяляйцеся».
За справу ўзялася адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Вераніка Варава. Яна гаворыць, што дзеянні гарадскіх уладаў супрацьпраўныя. «Тое, што тут адбываецца знішчэнне, ні для каго не сакрэт. Парушаны цэлы шэраг заканадаўчых нормаў. Гэта і Канстытуцыя Беларусі, і Жыллёвы кодэкс, і Грамадзянскі».
Жыхары старасвецкіх дамоў кажуць, што пагадзіліся б на адсяленне, калі б ведалі, што будынкі будуць захаваныя і, напрыклад, іх перададуць пад музеі ці архівы. Але, на жаль, гістарычную забудову чакае сумны лёс знішчэння.
«Я вельмі трапятліва стаўлюся да захавання гістарычнай, культурнай спадчыны. І мне не падабаецца, што адбываецца цяпер: нягледзячы ні на што руйнуецца прыгажосць, а ўзводзяцца стандартныя шматфункцыянальныя комплексы. Напэўна, трэба думаць пра душу, пра тое, што людзям патрэбна нешта яшчэ, апроч шматфункцыянальных комплексаў і гандлёвых кропак, — разважае пра маральны аспект сваёй справы адвакат Вераніка Варава. — Людзі, якія тут жывуць, не прыносяць матэрыяльнай карысці ўладам. А будуць пабудаваныя гандлёвыя комплексы, і нешта з іх прыбытку перападзе ўладам горада. На жаль, паўсюль запраўляюць грошы».
Да слова, у 1986 годзе дом быў капітальна адрамантаваны: з 32-х кватэр зрабілі толькі 8, унутры ўсё памянялі, пакінулі толькі знешнія сцены. Кватэры тут насамрэч з добрым рамонтам, утульныя, таму пра занядбанасць гаворка не ідзе.
Ашчаджэнне на спадчыне
Хвалююцца за лёс свайго дома і жыхары Рэвалюцыйнай, 24. Зрэшты, як яны гавораць, змаганне за маёмасць доўжыцца больш за 20 гадоў, і не дзіва — зямля ў гістарычным цэнтры Мінска надзвычай дарагая, то і ласых на яе хапае. Жыльцам таксама даводзяць, што дом знаходзіцца ў аварыйным стане, таму ім трэба выехаць на ўскраек Мінска. Спадарыня сталага веку, карэнная мінчанка Надзея Міхайлаўна жыве ў гэтым доме больш за паўстагоддзя: «Я не хачу, каб мой дом знеслі. З дому 24-А выселілі людзей, і адразу ж знеслі. Я не за тое, каб атрымаць кватэру. Мне ўсё адно — магу і на ўскрайку жыць. Хачу, каб дом застаўся, я — патрыёт сваёй вуліцы, свайго дома».
«Дом — унікальны. Сцены таўшчынёю больш за метр, столі — амаль чатыры метры. Праводзілася экспертыза дзяржаўным прадпрыемствам ААТ «Будкомплекс», і ў актах было пазначана, што ніякай аварыйнасці дом не мае. Сказалі, што дом перажыве нас і нашых унукаў. Чыноўнікамі адмыслова даводзіцца дом да такога стану. Нам гавораць, што на капітальны і бягучы рамонт няма сродкаў, тэрміны не прыйшлі. Гісторыка-культурная каштоўнасць даводзіцца да такога стану, каб пасля яе разбурыць ці прадаць камерцыйным структурам», — з абурэннем распавядае жыхарка дома Галіна Міхайлаўна.
Жыхары ў адзін голас кажуць, што дом вельмі камфортны — у цёпла-цёпла, добрая вентыляцыя, ды і атмасфера душэўная, хаця будынку больш за сто год. Дарэчы, апошні капітальны рамонт у ім рабіўся ў 1961 годзе. І, нягледзячы на гэта, жыльцы ацэньваюць стан будынка як здавальняючы і нават добры.
Жыхары дома па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24 таксама судзяцца з гарадскімі ўладамі. Цяпер справа знаходзіцца на разглядзе ў судзе Маскоўскага раёна сталіцы. Былі прадстаўленыя ўсе дакументы, што дом не аварыйны. Але зрухаў пакуль няма — гарвыканкам не збірае камісій, каб зрабіць ацэнку дома, і трымае справу ў падвешаным стане.
* * *
«Гістарычны цэнтр — адно з самых прэстыжных, выгодных месцаў, таму без фінансавых інтарэсаў тут не абышлося. Але лічу, што калі нічога не рабіць, то нічога і не будзе. Мы павінны нарасціць нейкую крытычную масу, пасля якой мусіць пачацца пазітыўны працэс. А без элементарных захадаў нічога і не будзе», — падбадзёрвае жыхароў Рэвалюцыйнай старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антон Астаповіч.
Эксперты сцвярджаюць, што адсяленне дома і закрыццё яго на так званы капітальны рамонт ці рэканструкцыю прывядзе да знішчэння гэтага помніка архітэктуры, як адбылося з домам на Рэвалюцыйнай, 17, які быў зруйнаваны ва ўгоду бізнес-інтарэсам для ўзвядзення офіснага комплексу. Да слова, нягледзячы, што факт знішчэння помніка кваліфікуецца па ч. 2 арт. 344 Крымінальнага кодэкса, органы пракурорскага нагляду і Мінкульт не прыцягваюць да адказнасці разбуральнікаў спадчыны.
«Рэвалюцыйная 12, 14, 24-А, 17, 32, шматлікія іншыя будынкі гістарычнага цэнтра, вуліца Гандлёвая, Бернардынскі кляштар, плошча Свабоды, 15, і іншыя — усё гэта ці зруйнавана, ці пад пагрозай. Ніякіх станоўчых зменаў, нягледзячы на гучныя дэкларацыі, поўная адсутнасць жадання структурных зменаў. Гістарычны цэнтр Мінска як помнік горадабудаўніцтва на мяжы поўнага знішчэння», — канстатуюць спецыялісты Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.