Свята Божага нараджэння за кратамі
У Беларусі пазбаўленыя волі каля 40 тысяч чалавек, калі лічыць разам з падследнымі. Ці пазбаўленыя яны таксама магчымасці адзначыць свята Божага нараджэння?
Былы палітвязень Зміцер Дашкевіч кажа, што ў беларускіх вязніцах фактычна ніяк не адзначаюць Раство. І не толькі таму, што адміністрацыя гэтаму не спрыяе.
А найперш таму, што, на думку шчырага верніка Змітра Дашкевіча, па-ранейшаму збольшага атэістычным застаецца грамадзтва:
«Божае Раство як свята, на жаль, бальшавізмам было выкараненае. І ў сучасным лібэральным свеце гэта таксама не вітаецца. Таму калі што і святкуецца ў зоне, дык гэта Новы год. Але калі ёсць пара сапраўдных вернікаў у зоне, яны, вядома, сустрэнуцца, запараць гарбаткі, памоляцца і адсвяткуюць і Раство. Але гэта адзінкавыя выключэнні. І не толькі ў зоне, а нават у грамадзтве. Паглядзіце, што ў нас святкуюць цяпер? Яны што, святкуюць Раство? Большасць з іх, 95 ці нават 99%? Не, яны ж ядуць і п’юць шампанскае на Новы год, хоць праваслаўны пост ніхто не адмяняў, а яны быццам бы ўсе праваслаўныя».
У жонкі Дашкевіча Насты свой досвед адзначэння Раства — у следчым ізалятары КДБ «амерыканка». Маладая жанчына трапіла туды пасля
19 снежня 2010 году і сядзела ў адной камеры з журналісткай Ірынай Халіп. Наста Дашкевіч згадала, што нават за кратамі ў КДБ Раство
яны ўсё ж адзначылі, прычым двойчы:
«У прынцыпе, любому верніку не так шмат і трэба, апроч як памаліцца ды падзякаваць Богу. Але сапраўды ўвечары ў нас была нейкая святочная вячэра з сукамерніцамі. Мы, праўда, у розныя часы святкавалі Раство: і 25-га, і 7-га. Але, прынамсі, калі ёсць такое жаданне падзякаваць Богу, то не можа быць ніякіх перашкодаў, дзе б ні знаходзіўся. Вядома, гэта не выглядае гэтак па-сямейнаму, урачыста, затое шчыра».
У той жа 2011 год недзе ў суседняй камеры сустракаў Раство і сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец. Павал згадвае, што разам з іншымі
падследнымі, сярод якіх большасць былі непалітычныя, яны накрылі святочны стол, але паводзілі сябе як найцішэй, бо ў любы момант у камеру маглі ўварвацца людзі
ў чорных масках, якія тады тэрарызавалі ўвесь ізалятар. Пранесла. Што да адзначэння Раства на «хіміі», дзе Павал адбыў наступныя амаль тры гады, паводле
Паўла Севярынца, тут у яго ўспаміны не надта добрыя. Бо на «хіміі» Раство — гэта схаваная барацьба асуджаных з адміністрацыяй: адны
імкнуцца пранесці і распіць у інтэрнаце спіртное, другія — злавіць і пакараць парушальнікаў рэжыму:
«Выяўляюць і складаюць паперы аб парушэнні. Гэтак званая „наруха“. А калі ёсць некалькі „нарух“, то можна адправіцца
ў зону».
Карэспандэнт: «Зусім не ўлічваюць тое, што гэта Раство, што свята?»
«Не, вы што? Адміністрацыя мусіць выяўляць такія факты, а калі выявіла, то мусіць афармляць шмат папераў. З-за гэтага яны вельмі злыя. Гэтак і кажуць асуджаным, што вы нам свята сапсавалі. І, натуральна, там вакол гэтага алькаголю ўвесь час ідзе схаваная вайна, якая то разгараецца, то прыціхае. Таму само свята, сэнс якога — ціхая радасць, любоў ды вера, — яно там ператвараецца ў крыкі-лаянкі. Зразумела, што святочнага настрою ў такіх мясцінах чакаць не варта. Але ўсё роўна той, хто хоча адзначыць, заўсёды можа знайсці магчымасць памаліцца і ціхенька ў сэрцы зберагчы тую знічку».
Марына Адамовіч паведаміла карэспандэнту Свабоды, што палітвязень Мікалай Статкевіч яшчэ 26 снежня мінулага году спавядаўся ў праваслаўнага
святара, які наведваў магілёўскую турму, таму да свята Раства ён духоўна падрыхтаваны:
«У Міколы ёсць маленькі кавалак, дзе пастаўленыя іконкі. Ведаю, што летас яны знайшлі магчымасць нейкім чынам гэтае свята адзначыць, а як цяпер —
не ведаю. Але дакладна ведаю, што ён спавядаўся, духоўна падрыхтаваўся да свята, якое заўсёды адзначае і вельмі любіць. На жаль, у яго не было
магчымасці атрымаць ніякіх перадач ці бандэроляў да свята. Спадзяюся, што ў “атаварцы“, можа, набудзе якую зэфірынку да святочнага
стала».
Паводле Марыны Адамовіч, калі Мікалай Статкевіч сядзеў у шклоўскай калоніі, то знаходзіў магчымасць хоць неяк, але адзначыць Раство. А вось пра пэрыяд, калі муж быў у вязніцы КДБ, такіх успамінаў ад яго яна не чула. Акрамя таго, што на пачатку 2011 году былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч на знак пратэсту трымаў галадоўку.