Пенсіянеры з Бабруйску звярнуліся ў суд

6 студзеня Валянціна Каваленка і Любоў Санкевіч з Бабруйска падалі скаргу ў суд на гарвыканкам, які не дазволіў пікет. Жанчыны падалі заяўку на пікет, таму што іншымі сродкамі не могуць вырашыць праблему адпісак на свае скаргі.  



oczien_zaniat.jpg

Пікет мусіў прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўнікаў, прадастаўленых артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: “Усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў”.
Згодна артыкулу 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “Кожны мае права накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павінна быць пісьмова матываванай”.
Жанчын вельмі абурыў той факт, што парламентарыі адмовіліся прадстаўляць інтарэсы грамадзян і пачалі проста адпісвацца ад людзей, як гэта робяць чыноўнікі, а дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Мішур і Мікалай Плаксіцкі ўвогуле прыпынілі перапіску са сваімі выбаршчыкамі. Вось чаму жанчыны збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “Дэпутаты не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чынавенству!” , “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Жанчыны лічаць, што змест адказу ўладаў на іх заяўку пра пікетаванне з’яўляецца адпіскай і супярэчыць заканадаўству. У скарзе, між іншым, адзначаецца, што Бабруйскі гарвыканкам пасля атрымання заяўкі на акцыю павінен быў на працягу аднаго дня з моманту рэгістрацыі заяўкі накіраваць яе копію ў мясцовае ўпраўленне ўнутраных спраў, якое павінна было на працягу пяці дзён свае прапановы па ахове мяркуемага пікетавання ўнесці ў Бабруйскі гарвыканкам. Аднак гэта не было зроблена, паколькі 6 снежня супрацоўнік УУС заявіў жанчынам, што іх заяўка на акцыю паступіла ва ўпраўленне толькі 4 снежня і яшчэ не разгледжана. Гэты факт зафіксаваны ў кнізе заўваг і прапаноў УУС Бабруйскага гарвыканкама.
У адпаведнасці з артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, жанчыны просяць суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызнаць незаконным, неабгрунтаваным і парушаючым правы грамадзян рашэнне Бабруйскага гарвыканкама ад 5 снежня пра забарону правядзення пікетавання 10 снежня ў Дзень правоў чалавека; абавязаць Бабруйскі гарвыканкам дазволіць заяўнікам па ўзгадненню з імі правесці пікетаванне ў іншы дзень.
Нагадаем, што Дзень правоў чалавека з 1950 году адзначаецца штогод па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН 10 снежня. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.