Свята беларускага пісьменства: па-руску і з прапагандай (фота)

5 верасня ў Капылі адбылося Свята беларускага пісьменства. Нягледзячы на мноства розных мерапрыемстваў і выдаткаваныя сродкі на правядзенне свята, у вонкавым аздабленні Капыля па-ранейшаму бракуе беларускай мовы.

241236445_4404053149630226_4740590738650390102_n__1__logo.jpg

Крыху перадгісторыі. Яшчэ год таму да кіраўніка Капыльскага райвыканкама звярнуліся кандыдат філалагічных навук Мікола Новік і аўтарка гэтых радкоў ад імя Слуцкага ТБМ. Яны адзначылі, што «Капыльшчына — радзіма многіх беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, грамадска-палітычных і культурных дзеячаў Беларусі. Беларуская мова для капылян з'яўляецца роднай з першых дзён жыцця. Але, на вялікі жаль, сёння ў зрокава-візуальным афармленні Капыль нагадвае правінцыйны расійскі гарадок, таму што амаль усе шыльды на арганізацыях і ўстановах, крамах, назвы вуліц, расклад працы і інш. выкананы на рускай мове».
Паколькі для правядзення Дня беларускага пісьменства выдаткоўваюцца фінансы з дзяржаўнага бюджэту, яны сярод іншага звярнулі ўвагу кіраўніцтва райвыканкама на абавязковасць выканання наступных падыходаў: назвы вуліц неабходна паказваць на беларускай мове; таксама па-беларуску афармляць новыя шыльды з назвамі арганізацый, устаноў, крам, расклад іх працы; інфармацыю для замежных турыстаў перакладаць на англійскую мову.
З Капыльскага райвыканкама атрымалі адказ, што падрыхтоўка да свята беларускай пісьменнасці «ўключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў па аднаўленні і рамонце адміністрацыйных будынкаў, камерцыйных, сацыяльных і жылых аб'ектаў, а таксама добраўпарадкаванне вуліц... Дарожныя знакі, банеры, назвы прыпыначных пунктаў усталяваныя на беларускай мове. Замена існуючых шыльдаў і надпісаў на аб'ектах, на якіх не праходзяць рамонтныя працы, не плануецца…
На будынку аддзела ЗАГС, дзе чытаў свае творы Янка Купала, усталявана мемарыяльная дошка класіку беларускай літаратуры, 18 вуліц носяць імёны класікаў беларускай літаратуры…».


Такім чынам, 5 верасня разам з некалькімі случакамі, сябрамі ТБМ, накіроўваемся з Слуцка на Капыль праз вёску Канюхі. Прыемна, што там прыгожа аформлены аўтобусны прыпынак у памяць ураджэнца гэтай вёскі славутага Алеся Адамовіча. Дарога на Капыль упрыгожана вырабамі з цюкоў саломы, на якіх на адмысловай шыльдзе напісаны віншавальныя словы «Са святам!» Побач з выявай вясёлай каровы — рука — указальнік у бок Капыля, на якім напісана ўжо па-руску: «На праздник».

241015567_373636037740888_1262876033683775758_n_logo.jpg


Праграма свята была вельмі разнастайнай. Наведвальнікам прапанавалі шэраг розных пляцовак: паштовы павільён, выставы вырабаў народных майстроў-рамеснікаў, сцэнічныя, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, квэсты, атракцыёны, выставы ўстаноў адукацыі «Міншчына літаратурная», спектаклі лялечных тэатраў «Батлейка», беларускія народныя гульні «З гульнёй праз стагоддзі» і шмат чаго іншага.


Случакоў жа зацікавіла адкрыццё памятнага знака Цішку Гартнаму на вуліцы Жылуновіча і алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі. Наведалі паштовы павільён, у якім былі прадстаўлены віншавальныя паштоўкі на розныя тэмы. На жаль, сярод 34 паштовак на адным стэндзе налічылі толькі сем на беларускай мове.

241551560_1265585330527376_182110196161095105_n_logo.jpg


Відавочна, што працы па ўпрыгожанні цэнтра было зроблена шмат, многія творчыя калектывы і адукацыйныя ўстановы пастараліся, каб эстэтычна аформіць свае павільёны і падрыхтаваць экспазіцыі, канцэрты мастацкай самадзейнасці. Але здзівіла самае элементарнае: назвы мноства павільёнаў, адукацыйных устаноў былі прадстаўлены па-руску, на выставах было размешчана шмат кніг на гістарычную і іншую тэматыку таксама на рускай мове, а прадстаўнікі павільёнаў размаўлялі з намі выключна на ёй жа.


Прыемным выключэннем была загадчыца Ванелевіцкага дзіцячага садка Яніна Цітовіч, якая здзівіла нас сваёй прыгожай беларускай мовай. Яна распавяла, што гэты садок беларускамоўны. Дарэчы, сама Яніна прыехала ў Ванелевічы Капыльскага раёна з Малдовы ў 15 гадоў, але так упадабала мову, што нягледзячы на пэўныя цяжкасці пры авалоданні ёю нават скончыла філалагічны факультэт па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура» ў Мінскім педуніверсітэце.

241556429_4901546549875499_6941810166457459862_n_logo.jpg


А ў павільёне Саюза пісьменнікаў Беларусі мы атрымалі эмацыйны шок: лектар-прапагандыст распавядаў прысутным пра «пратэстуноў», і пра тое, што «пратэстанцкае мяса ўжо скончылася», а іх прадстаўнікі «ўзяліся зараз за эканоміку». Доўга і падрабязна тлумачыў пра самалёт і Пратасевіча.

241233866_593393135166352_4266395481762588977_n_logo.jpg


Такая лекцыя ў пісьменніцкім павільёне з’явілася поўнай нечаканасцю.

241390148_629807481340446_8840499398271051858_n_logo.jpg


Захапіўшы для вясковых суседзяў газеты, якія бясплатна раздаваў выдавецкі дом «Беларусь сегодня», мы накіраваліся на аўтастаянку. Ужо там нас дагналі сямёра капыльскіх міліцыянтаў на чале з самім намеснікам начальніка Капыльскага РАУС.
Адбыўся цікавы дыялог:
— Хто такія, адкуль? — З вёсак.— А што ў вас? — Газеты.— А дзе вы іх узялі? — Далі на выставах, мы нічога не ўкралі.
Адабралі «Союзное вече», «Народную газету», «Сельскую газету», «Рэспубліку» і на працягу хвілін дзесяці іх уважліва разглядалі. Пасля вярнулі.
— А што вам яшчэ далі?— Банцік, ручку. Можам іх вам аддаць.
Агледзелі банцік, ручку — усё ў дазволеных колерах, крамолы не знайшлі...
Адна з сябраў ТБМ, аналізуючы потым такую незвычайную ўвагу да паджылых цётак, задуменна выказалася:
— Гэта нас правяралі, мусіць, з-за таго, што толькі мы размаўлялі ў павільёнах на беларускай мове і толькі на нашых тварах з усёй масы прысутных на свяце былі супрацьвірусныя маскі.