«Сын параіў не паддавацца ціску». Маці збітага ў спецвучэльні хлопца пра ўцёкі навучэнцаў

«Кіраўніцтва стварыла сваю дзяржаву і адчула беспакаранасць», — Наталля Варанкова, маці збітага ў Магілёўскай спецвучэльні № 2 хлопца, расказвае Радыё Свабода, што адбывалася ў закрытай установе.

Маці аднаго з пацярпелых вучняў Алена Шчаўлікава каля ўваходу ў спецвучэльню закрытага тыпу №2 у Магілёве

Маці аднаго з пацярпелых вучняў Алена Шчаўлікава каля ўваходу ў спецвучэльню закрытага тыпу №2 у Магілёве

Яе сын Цімафей разам з яшчэ пяцю хлопцамі ўцёк з вучэльні. Маці сказаў, што пабег учынілі, каб прыцягнуць увагу да жорсткіх умоў утрымання ў спецустанове.
Кіраўнік вучэльні і яго намеснік арыштаваныя паводле абвінавачвання ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Следства высветліла, што службоўцы білі хлопцаў, высвятляючы прычыны і абставіны ўцёкаў. Пасля збіцця аднаго непаўналетняга паклалі ў бальніцу з пашкоджаным хрыбтом. Інцыдэнт адбыўся 26 лістапада.

Сінякі не сышлі і праз тыдзень


Сын жыхаркі Магілёва Наталлі Варанковай Цімафей таксама быў сярод уцекачоў. Казаў, што пасля таго, як іх злавілі, супрацоўнікі вучэльні іх збілі ў пакоі, дзе не было відэаназірання. Ва ўцёках хлопцы правялі тры гадзіны.
17 снежня Наталля наведала сына і здолела, калі адлучыўся ахоўнік, пагутарыць зь ім пра інцыдэнт. Сын расказаў, хто і як яго збіваў.
«Спачатку білі па нагах, а калі збілі з ног, то білі нагамі па тулаве і галаве, — пераказвала сынаў аповед Наталля. — У Следчы камітэт сына вазілі на допыт праз тыдзень пасля здарэння, і сінякі яшчэ не сышлі. Іх зафіксавалі следчыя».

Прахадная спецвучэльні

Прахадная спецвучэльні


Паводле Наталлі, сын сказаў, што ўцёкі былі спробай паведаміць міліцыі пра надта жорсткія ўмовы ўтрымання ў спецвучэльні і сваволю кіраўніцтва.
«Цімафей казаў, што свайго яны дамагліся, і параіў, калі будуць ціснуць на мяне, не здавацца, а ісці да канца», — пераказвала сынавы словы Наталля.
Пра тое, што сын самавольна пакінуў спецвучэльню, ёй паведамілі ў той жа дзень, 26 лістапада. Яна думала, што Цімафей прывядзе хлопцаў да сябе дамоў, але марна.

На дзяцей аказваецца псіхалагічны ціск


Паводле Наталлі, раней, калі яна прыяжджала да сына, то ён выглядаў прыгнечаным, але думкі, што супраць яго маглі ўжываць гвалт, яна гнала ад сябе.
«Тады я не дакопвалася да канца, — кажа жанчына. — І гэтым разам, калі сыну далі пазваніць і ён сказаў, што яго пабілі, то падумала: перапала крыху, бо ён жа вінаваты. Але насамрэч яго збілі так, што ногі былі сінія. А потым іх ноч трымалі пры запаленым святле ў пакоі, і супрацоўнікі пільнавалі, каб яны не садзіліся. На сняданак павялі пасля адзінаццаці, каб іх не бачылі іншыя навучэнцы».
Наталля звязвае збіванне непаўналетніх у вучэльні з тым, што супрацоўнікі адчулі сваю беспакаранасць. Ім здалося, казала жанчына, што яны жывуць у створанай імі ж маленькай дзяржаве.
«У іх быў і свой прэзідэнт з набліжанымі, якім дазвалялася многае, — тлумачыла яна. — Цяпер жа на дзяцей аказваецца псіхалагічны ціск. Пры ахоўніку на спатканні сын слова баяўся сказаць. Толькі вачамі паказваў, каб я яго не пытала. Хіба так мусіць быць?».

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам


Наталлі адзін з супрацоўнікаў сказаў: у вучэльні задаволены, што прыбралі дырэктара, а за намесніка калектыў будзе хадайнічаць перад следствам, каб яго вызвалілі з-пад варты.
Як кажа Наталля, Цімафея адправілі ў спецвучэльню на два гады за прагулы школы, а таксама за тое, што злавілі з півам. За распіванне алькагольных напояў на яго двойчы складалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Паводле Наталлі, у сына за паўтара года знаходжання ў вучэльні не было заўваг і яму абяцалі ўлетку дзесяцідзённую пабыўку ў сям’і, але такога водпуску ён не дачакаўся.
«Я была на прыёме ў дырэктара, і ён мне сказаў адкрыта: „У нас адпускаюць дамоў тых, хто можа нешта паведаміць, а ваш сын нічога не паведамляў“. Ён даў мне зразумець, што Цімафей меўся стаць стукачом, каб зарабіць пабыўку», — распавядае Наталля.

Хлопца з пашкоджаным хрыбтом далечаць у спецвучэльні


Яшчэ аднаго навучэнца, жыхара Чэрыкава Андрэя, якога пасля збівання з пашкоджаным хрыбтом паклалі ў дзіцячую абласную бальніцу, выпісалі на далечванне ў медсанчастку спецвучэльні. У хлопца кампрэсійны закрыты пералом першага пазванка паяснічнага аддзелу. Яго спіна ў гіпсе. У палаце ён ляжаў пад наглядам супрацоўніка вучэльні.
Маці пацярпелага Алена Шчаўлікава агледзела ўмовы, у якіх будуць далечваць сына. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды яна сказала, што Андрэя памясцілі ў «бацькоўскі» пакой, паколькі медсанчастка на рамонце. Як і ў бальніцы, ён пад вартай.

Алена Шчаўлікава

Алена Шчаўлікава


Жанчына непакоіцца, што Андрэя могуць перавесці ў горшы пакой пасля таго, як яна з'едзе з Магілёва і не зможа кантраляваць сітуацыю. Алена кажа: гэтак жа думае і сын, які не хацеў вяртацца з бальніцы ў вучэльню. Маці спрабавала атрымаць дазвол на тое, каб Андрэя на час лячэння перавялі на хатні догляд, але ёй гэтага не ўдалося.
«Мне здаецца, што ўсё, што мне тут паказалі, „паказуха“. У бацькоўскім пакоі два ложкі, канапа, душ, прыбіральня. Паабяцалі, як скончыцца рамонт, то Андрэя адразу перавядуць у медсанчастку. Я, аднак, ня веру цяпер ніводнаму слову кіраўніцтва вучэльні. Мне думаецца, як толькі я за вароты, то сына перавядуць у іншае месца, з горшымі ўмовамі», — пасля наведвання вучэльні кажа Алена.

Маці пацярпелых: будзем бараніць сваіх дзяцей да канца


Алена Шчаўлікава кажа, што іншыя навучэнцы сустрэлі Андрэя з бальніцы цёпла. Абдымалі яго, цікавіліся, як ён сябе адчувае. Алена ў спецустанове пабачыла групу пакараных навучэнцаў. Яны былі адзетыя ва ўніформу іншага колеру з біркамі.
«Іх было нямала і, як высвятляецца, не толькі тыя шасцёра, што ўцяклі, парушалі рэжым», — распавядае жанчына.
Пра збіццё сына Алена Шчаўлікава даведалася 28 лістапада ад медсястры аддзялення траўматалогіі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. З вучэльні пра Андрэевы ўцёкі і траўму ягонай маці не паведамлялі.
У вучэльні Андрэй прабыў месяц. Трапіў у яе, бо парушыў рэжым адбывання пакарання за крадзеж. Камісія ў справах непаўналетніх упільнавала, што ён не знаходзіўся дома ў вызначаны час. За гэта яго і адправілі на год у спецвучэльню.
Наталля Варанкова і Алена Шчаўлікава шукаюць бацькоў яшчэ чатырох збітых навучэнцаў. Кажуць, што бараніць інтарэсы сваіх дзяцей будуць да канца. Паводле іх, адміністрацыя не выбачалася перад імі за збіванне дзяцей.

Следчы камітэт: сведка і пацярпелы актыўна кантактуюць з прэсай. Перашкаджаюць следству


Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала Свабодзе, што прадстаўнікі ведамства сустракаліся з навучэнцамі спецустановы, а яе затрыманыя кіраўнікі адхіленыя ад службовых абавязкаў на час следства.
Людміла Высоцкая адзначыла, што пакуль зарана рабіць высновы ў справе, бо не ўстаноўлена, зламаны ці толькі пашкоджаны хрыбет у гадаванца вучэльні, а таксама не высветлена, якім чынам ён быў траўмаваны: у выніку збівання яго супрацоўнікамі ці калі пералазіў праз агароджу.

Маці збітага ў спецвучэльні хлопца: гвалт супраць дзяцей ужывалі і раней, кіраўніцтва ўсё ведала


У справе перавышэння паўнамоцтваў узятыя пад варту двое кіраўнікоў спецвучэльні. Іх імёны не называюцца. Шасцярых непаўналетніх, як устанавіла следства, збівалі, высвятляючы прычыны і абставіны ўцёкаў з вучэльні. Затым хлопцаў незаконна памясцілі ў пакой, абмежаваўшы іх свабоду.

Збіты навучэнец у бальніцы

Збіты навучэнец у бальніцы


Камэнтуючы хаду расследавання справы, афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова выказала занепакой, што адзін з пацярпелых і сведка, якія былі папярэджаныя пра адказнасць за выдаванне звестак папярэдняга следства, надта актыўна кантактуюць з журналістамі.
«Яны паставілі свае подпісы ў адпаведных дакумэнтах, аднак працягваюць расказваць пра вядомыя ім абставіны крымінальнай справы. Эмацыйны стан альбо якіясьці асабістыя прычыны рухаюць гэтым, але ёсць працэсуальны парадак, і хочацца звярнуць увагу на недапушчальнасць перашкод следству ў выяўленні абставін» — працытавала афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэту інфармацыйнае агенцтва БелТА.

Работнік спецвучэльні: дзяцей каралі за любую правіну


Адзін з работнікаў спецвучэльні паведаміў, што пад варту ўзятыя дырэктар М. і ягоны намеснік па рэжыме Б. Суразмоўца адзначыў, што ў працоўным калектыве нервознасці праз расследаванне збівання навучэнцаў не адчуваецца.
«Магу сказаць, што нават лягчэй стала працаваць, бо напружанне спала. Няма ранейшага прэсінгу», — сказаў работнік спецвучэльні, не тлумачачы, што мае на ўвазе.
З ягоных слоў, у вучэльні ўтрымліваюцца блізу шасьцідзесяці непаўналетніх. Бальшыня з іх гадавалася ў праблемных сем’ях і прызвычаілася да вольніцы.
«Хлопцы, як уцякалі з вучэльні, так і будуць уцякаць, бо яны нібыта тыя вандроўнікі, якіх ловяць пасля па ўсёй краіне, — адзначыў суразмоўца.
«А тыя шасцёра кінуліся на ўцёкі, каб расказаць, што іхнае знаходжанне ў вучэльні невыноснае, — казаў далей мужчына. — За любую правіну іх жорстка каралі. І не аднаго парушальніка, а ўвесь калектыў навучэнцаў. Вучэльня паволі станавілася як турма, але яна лічыцца ўстановай закрытага тыпу і дзяцей у ёй павінны неяк перавыхоўваць. Гэта ня той час, калі ў вучэльні было пад 200 чалавек, а з гэтымі шасцюдзесяццю справіцца, як мне здаецца, можна. Адной абслугі ў вучэльні пад 50 чалавек, таму нескладана зрабіць яе ўзорнай».

Выпускнік вучэльні: навучэнцы ўцякаюць, бо хочуць дамоў

Магілёўская дзяржаўная спецыяльная прафесійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу № 2

Магілёўская дзяржаўная спецыяльная прафесійна-тэхнічная вучэльня закрытага тыпу № 2


​Спецустанова месціцца на перыферыі Магілёва. Яна агароджаная чатырохметровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе на ўцёкі адважыліся 34 падлеткі.
Пытанне пра ўцёкі навучэнцаў з закрытай установы не здзівіла аднаго з выпускнікоў, які пажадаў, каб ягонае імя не называлася.
«Калі я вучыўся, то ў самыя вялікія ўцёкі кінуліся амаль 70 чалавек, але калі іх вярнулі ў вучэльню, то каб білі, такога не было. Дырэктар гэтага не дапускаў», — сцвярджаў выпускнік вучэльні.
«Зразумейце, там дзеці 13-16 гадоў, якія ўчынілі правапарушэнні, іх забралі з дому, і ім, вядома ж, хочацца дамоў, — казаў ён далей. — Пусціўшыся на ўцёкі, яны думаюць, што іх не зловяць і ніхто шукаць ня будзе».

Праваабаронцы: злоўжыванні, бо няма грамадскага кантролю


Праваабаронцы лічаць, што прычына здарэння ў спецвучэльні ў тым, што падобныя ўстановы застаюцца па-за грамадскім кантролем.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка лічыць, такая сітуацыя стварае небяспеку злоўжыванняў з боку адміністрацыі, якія застаюцца беспакаранымі. Падлеткі ня маюць магчымасці звярнуцца ў праваахоўныя і кантрольныя органы. Разлічваць на бацькоў ім таксама не выпадае, бо сувязь з імі альбо адсутнічае, альбо парушаная.

Павел Сапелка

Павел Сапелка


На яго думку, выпадак са збіццём падлеткаў у Магілёўскай спецвучэльні будзе расследаваны. Але становішча, заўважае ён, у навучальных, медычных установах ці месцах пазбаўлення волі не зменіцца, паколькі яны застаюцца не падкантрольнымі грамадству.
На сайце Дзяржаўнай спецыяльнай прафесійна-тэхнічнай вучэльні закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі адзначана, што яно створаная для «вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія ўчынілі грамадска небяспечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадскіх паводзінаў». У вучэльню накіроўвацца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.
Кіраўнікі вучэльні, якіх падазраюць у збіванні падлеткаў, на сайце ўстановы яшчэ значацца на сваіх пасадах.