Сышоў з жыцця Аляксей Лукашэвіч, які 9 год дабіваўся справядлівасці

Днямі ў Бабруйску адышоў у лепшы свет інвалід I групы, былы малалетні вязень нацызму і рабочы Беларускага шыннага камбіната Аляксей Лукашэвіч, які з чэрвеня 2006 года дабіваўся справядлівасці.



lukashevic.jpg

Аляксей Лукашэвіч з жонкай Надзеяй адразу пасля вяселля (1970 год).

Аляксей Лукашэвіч нарадзіўся 1 студзеня 1942 года ў акупаваным нацыстамі Пінску ў сялянскай сям’і з вёскі Бярозавічы, што на Піншчыне. Напрыканцы гэтага ж года маладая сям’я з немаўляткам была выгнана ў Нямеччыну, дзе бацькі працавалі на заводзе. Паколькі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Лукашэвічы апынуліся ў заходняй зоне акупацыі Нямеччыны, ім прапанавалі эміграцыю ў Амерыку, аднак бацькі Аляксея вырашылі вярнуцца на Бацькаўшчыну. Пасля вяртання на радзіму была сярэдняя школа ў Пінску, тры гады службы ў войску, дзе юнак прыдбаў розныя прафесіі, у тым ліку шафёра, слесара, электрыка і будаўніка. Пасля войска Аляксей працаваў у Пінску, вёў здаровы лад жыцця, у 1970 годзе ажаніўся са спадарыняй Надзеяй з вёскі Любонічы, што ў Кіраўскім раёне Магілёўшчыны. Маладая сям’я ўладкавалася ў Бабруйску, дзе Аляксей спачатку будаваў мясцовы піўзавод, а затым восем гадоў працаваў электракаршчыкам на “Белшыне”.

Сям’я жыла ў згодзе і ладзе. Сваю жонку Надзею Аляксей, як кажуць, насіў на руках і ніколі не крыўдзіў, клапаціўся пра сям’ю, любіў дачок і ўнукаў. Вельмі цешыўся, калі атрымаў новую кватэру, затым лецішча, якія ўладкоўваў сваімі рукамі. Як малое дзіця быў усцешаны старымі “Жыгулямі”, на што ашчаджаў не адзін год. Пісаў вершы, прысвечаныя жонцы, дзецям і ўнукам, а паколькі быў чалавекам з гумарам, мог узняць настрой любому…     

Усё змянілася напрыканцы 1993 года, калі спадар Аляксей адчыняў вароты ў свой цэх. Абарваўся цэп, і важкі металічны замок з вышыні амаль ў тры метры выцяў электракаршчыка па галаве. Ад удару на ілбе застаўся гуз, аднак мужчына палічыў залішнім фіксаваць гэты выпадак у адпаведным журнале, паколькі ў яго былі не зусім прыязныя адносіны з майстрам-жанчынай. Праз некалькі месяцаў у грамадскім транспарце спадар Аляксей страціў прытомнасць, звярнуўся да мясцовых дактароў, прайшоў курс лячэння. А паколькі яму станавілася ўсё горш, быў накіраваны ў Мінскую гарадскую клінічную бальніцу №9, дзе ў пацыента выдалілі пухліну з мозгу. На працу мужчына больш не вярнуўся, бо атрымаў спачатку другую, а затым і першую групу інваліднасці. Трэба мець на ўвазе, што раней Аляксей Лукашэвіч ніколі не хварэў, быў чалавекам адказным, працавітым і акуратным, пра што сведчыць стос ганаровых грамат і падзякаў.

Да фізічных пакутаў дабавіліся маральныя. Справа ў тым, што Аляксей Лукашэвіч спачатку нікуды не звяртаўся наконт фіксацыі факту няшчаснага выпадку на вытворчасці, каб атрымаць адпаведныя ільготы. Аднак у 2006 годзе інвалід дазнаўся, што факт няшчаснага выпадку на вытворчасці можна ўстанавіць у судовым парадку. Паколькі з гэтай прычыны мужчына звярнуўся на “Белшыну” і атрымаў адмову, ён напісаў заяву ў мясцовы орган Дэпартаменту дзяржаўнай інспекцыі працы. І гэты захад, як і ўсе далейшыя ў суды розных інстанцый, не далі вынікаў, хоць калегі пацярпелага паўсюдна пацвярджалі факт няшчаснага выпадку, што адбыўся з спадаром Аляксеем на працы.

Аднак першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч уважліва паставілася да сітуацыі, у якой апынуўся спадар Аляксей, а Генеральная пракуратура, якую на той час узначальваў Рыгор Васілевіч, у жніўні 2010 года апратэставала судовыя пастановы. Тым не менш, пры пераглядзе справы ў судзе спадар Аляксей не змог дабіцца справядлівасці.

Нягледзячы на тое, што навуцы пакуль не вядомая прычына ўзнікнення такой пухліны, што была знойдзена ў пацярпелага, эксперты Дзяржаўнай службы медычных судовых экспертыз Беларусі ў лістападзе 2011 года заявілі, што ў  Аляксея Лукашэвіча не магла ўзнікнуць пухліна ад удару замком па галаве.

Трэба адзначыць, што не з лепшага боку ў гэтай справе выявіла сябе і сталічная адвакатка Таццяна Бакіноўская. Менавіта яна павінна была ў апошнім судовым пасяджэнні задаваць эксперту адпаведныя пытанні, што былі пастаўленыя судом і тычыліся праведзенай экспертызы, аднак былі абмінутыя экспертамі. Але адвакатка так і не выканала гэтае даручэнне, хоць атрымала адпаведны ганарар.   

Пра ўсё гэта мне распавяла жонка памерлага, спадарыня Надзея Лукашэвіч, якая 9 гадоў прадстаўляла інтарэсы свайго мужа ва ўсіх дзяржаўных структурах. У свой апошні прыезд у сталіцу 25 чэрвеня спадарыня Надзея дабівалася сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандрам Касінцом, бо атрымлівала адпіскі на свае скаргі ў органы суду і пракуратуры.

І хоць жонка з мужам так і не дабіліся справядлівасці, аднак паказалі ўзор прынцыповасці і трываласці, узор сапраўдных чалавечых адносінаў. Як успамінае спадарыня Надзея, пражылі яны з Аляксеем душа ў душу 45 гадоў. Апошнім часам, калі жонка па справах некуды адыходзіла, спадар Аляксей усё тэлефанаваў ёй і прасіў як мага хутчэй вяртацца дахаты, бо вельмі сумаваў…

Дарэчы, на “Белшыне” адмовілі ў транспарце для пахавання свайго былога рабочага з той прычыны, што судом не вызначана вытворчая траўма, ад якой Аляксей Лукашэвіч сышоў у лепшы свет.