Рахманасць ці адрэналін: чаго больш у крыві беларусаў?

Адказ на гэта пытанне спабавала знайсці ток-шоў кампанія “Будзьма беларусамі!” у Бабруйску.



rachmanyja.jpg

“Зайдзіце ў вясковы клуб і паспрабуйце пазнаёміцца з мясцовай дзяўчынай. Вы адразу ж сустрэнеце шмат-шмат “талерантных” беларусаў, якія з вашага твару зробяць тое, чаго не ўбачыш нават на рынгу чэмпіянату свету па тайскім боксе!” Размову пра талерантнасць і рахманасць беларусаў, любоў да экстрыму ў беларускіх дзяўчат, адрэналін у крыві спакон вякоў і сакрэты перамог нашых тайбаксёраў арганізавала на спецыяльным афлайнавым ток-шоў кампанія “Будзьма беларусамі!” у Бабруйску.

Выказаць сваё меркаванне былі запрошаныя сапраўдныя беларускія волаты, ваяры духу, мужчыны, з якіх можна і варта браць прыклад: беларускі тайбаксёр, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы, старшы трэнер нацыянальнай зборнай Юрась Булат і аматар экстрэмальнага турызму Андрэй Дундукоў.

budzma.by__wp_content_gall_6496e618ef9af46cd2a3c627585215d7.jpeg

І размова з імі атрымалася настолькі цікавай і насычанай, што замест звыклага рэпартажу з мерапрыемства прапануем да ўвагі ледзь не поўную стэнаграму. Чытайце! Натхняйцеся ідэяй, што ў беларусаў як нацыі  self-made вялікія перспектывы.

Зміцер Міцкевіч (прадстаўнік кампаніі “Будзьма беларусамі!”, мадэратар сустрэчы):Цяпер у СМІ мы часта сустракаем азначэнні self-made man або self-made woman у дачыненні да асоб, якія пераадолелі ўласныя слабасці ды вонкавыя цяжкасці. Але ці зможам мы, сённяшнія беларусы, стаць self-made пакаленнем — пакаленнем, здольным самастойна “зрабіць сябе”? Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” была створаная ў пэўным сэнсе менавіта на ідэі self-made. Сёння мы хацелі б абмеркаваць з вамі, шаноўныя спікеры, як рэалізаваць беларускасць у сённяшніх беларусах. На якія каштоўнасці абапірацца? Ці змірыцца са стэрэатыпам адносна беларусаў як самых цярплівых, рахманых і мала на што здольных? А ў такім выпадку як патлумачыць феномен тайскага боксу? Бо колькасць беларусаў-чэмпіёнаў свету ў гэтым відзе спорту за апошнія гадоў дзесяць уражвае! Адказы на ўсе гэтыя пытанні пашукаем разам.

budzma.by__wp_content_gall_5fa2f1772bcccdb8c62e0ed0e75e26c1.jpeg

А зараз хацелася б зразумець, чаму вы, Юрась Булат — адзін з пачаткоўцаў і выбітных “рухавікоў” гэтага феномену, — калісьці выбралі менавіта баявыя мастацтвы?

Юрась Булат: Я лічу і я выхаваны так: мужчына — гэта ваяр, здабытчык. Так здаўна пайшло, і гэта ёсць у мяне ў генах. Таму займацца баявымі мастацтвамі я пачаў рана — спачатку было таэквандо, каратэ, рукапашны бой, потым ужо зацікавіўся менавіта тайскім боксам. Сёння тайскі бокс займае не тое што вялікую частку майго жыцця, гэта і ёсць маё жыццё. Часам яно, канечне, не супадае з сямейным жыццём, але жонка і дзеці мяне разумеюць. І я шчыра ўдзячны ім за гэта!

— Як пачынаўся тайскі бокс у Беларусі? Як вам гэта давалася, улічваючы, што школа тайскага боксу ў Беларусі ў 90-я была неразвітая? І што трэба сёння хлопцу, каб пачаць займацца тайскім боксам?

ЮБ: Як казаў мой трэнер і так ёсць ва ўсе часы, “што трэба тайскаму баксёру? Пальчаткі, тайскія трусы, прастора 2 на 2 метры… і вялікая прага стаць чэмпіёнам”.

Калі я пачынаў займацца тайскім боксам, школы як такой у Беларусі не было ўвогуле. Тым, хто робіць першыя крокі, зразумела, заўжды цяжэй. Мы на сваіх уласных траўмах, гематомах і пабітых нагах ішлі наперад і даведваліся, чым ёсць на самай справе гэты тайскі бокс. Вучыліся па малюнках, па нейкіх запісах, бо не было ж ні CD-дыскаў, ні інтэрнэту. Тады любая, самая мізэрная інфармацыя ўспрымалася як вялікае багацце.

budzma.by__wp_content_gall_416730f5139cdd701cf369ec8869d9cc.jpeg

— То бок калі пачыналі вы, то не мелі такога настаўніка, якім з’яўляецеся самі для сваіх сённяшніх вучняў?

ЮБ: Настаўнік, безумоўна, быў. Але тады нашыя настаўнікі рабілі першыя крокі разам з намі. Цяперашняму пакаленню маіх вучняў лягчэй, таму што сёння ў мяне ёсць разуменне тэхнікі і тактыкі. Я магу ім паказаць, маўляў, сюды крок рабіць не трэба — будзе траўма ці пашкоджанне. Тайскі бокс — увогуле моцны, мужчынскі від спорту, а ў 90-я ён быў больш падобны да вельмі жорсткай бойкі. Не было такога дня, каб я, прыйшоўшы з трэніроўкі, не прыкладаў лёд да нагі ці нейкага гузака. Сёння ж я вучу сваіх хлопцаў ставіцца да тайскага боксу не як да бойкі, не як да чагосьці жорсткага, а менавіта як да баявога мастацтва.

Да таго ж у тыя нялёгкія 90-я  гады шмат чаго не ставала. У нас на чатыры чалавекі была адна пара пальчатак, і тая рваная. Абарону сабе выразалі з дзедавых валёнкаў і бінтам эластычным прывязвалі да нагі. Ніякай экіпіроўкі.

Сёння жыццё становіцца багацейшым — ёсць магчымасць купіць пальчаткі кожнаму. Але тут палка на два канцы — калі мы нічога не мелі, былі галодныя і злыя, у нас было жаданне і прага пераадолець складанасці і стаць чэмпіёнам. Сённяшняе пакаленне хлопцаў, якія прыходзяць да мяне ў залу, — гэта такія кветачкі пакаёвыя. У кожнага ў хаце ёсць камп’ютар, і толькі ім яны і займаюцца. Калі сыта і ўсё ёсць, хлопцы не разумеюць, навошта ісці кудысьці і нешта заваёўваць. Меней стала людзей, якія хочуць быць сапраўднымі чэмпіёнамі. На жаль, гэта так. Але з іншага боку, у мяне як трэнера з’явілася цікавая задача — матываваць вучняў.

budzma.by__wp_content_gall_06ec19d839c20f76814e60b4c116768f.jpeg

— І як у вас атрымліваецца гэта?

ЮБ:Мне падаецца, што вельмі важнапаказваць на ўласным прыкладзе, як гэта — быць чэмпіёнам на рынгу і чэмпіёнам па жыцці. Мне 40 гадоў, але я і цяпер трымаю сябе ў форме, стаю з хлопцамі ў парах. Мая галоўная трэнерская задача — запаліць агеньчыкі ў сэрцах сваіх вучняў. Кожная наша трэніроўка не падобная на папярэднюю. Тайскі бокс — гэта сапраўднае мастацтва, бо гэта мільёны камбінацый і спалучэнняў, мільён розных тактык. Калі ў цябе пачынае нешта атрымлівацца, прыходзіць асалода ад трэніровак — у  спартовую залу ўжо цягне бы магнітам. І трэніравацца хочацца болей і болей.

Тады перад табой наступная прыступка. Трэба, каб пачынала атрымлівацца не толькі на трэніроўцы, але і на рынгу. Бо гэта зусім іншы свет. Ты можаш быць чэмпіёнам свету па “мяхах”, умоўна кажучы, але выйдзеш на рынг і нічога не здолееш, бо не можаш пераадолець псіхалагічны бар’ер, не маеш псіхалогіі ваяра. Ты прыгожы перад люстэркам, а калі выходзіш на рынг — губляешся.

— Ці можна псіхалогію ваяра неяк загартаваць, выхаваць?

ЮБ: Я трэнірую ўжо больш за 25 гадоў. І мае назіранні такія: калі ёсць у хлопцу “баец у душы”, то ён ёсць. Калі няма гэтага, то ніяк ты псіхалогію пераможцы не выхаваеш. Ты можаш стаць больш тэхнічным, у тактычным сэнсе больш разумным, але каб стаць чэмпіёнам, ты мусіш быць ваяром у душы.

Часам здараецца, што выходзіць малады, але прагны да бою хлапец супраць вопытнага байца. І перамагае яго менавіта за кошт гэтай прагі да чэмпіёнства.

budzma.by__wp_content_gall_ca4e4da0ef69e4eb48635470ef2331a6.jpeg

— Тады ўзнікае пытанне: як гэта памяркоўныя, ціхія і талерантныя беларусы сталі найлепшымі барцамі ў свеце? Ці мы ўсё ж маем гэтую псіхалогію ваяра?

ЮБ: Мне часта задаюць пытанні пра гэта падчас інтэрв’ю. Адназначна адказаць на яго мне вельмі цяжка. Мне падаецца, што войны, якія прайшлі праз нас за ўсю гісторыю, загартавалі беларусаў. Калі прыгадаць славутую гісторыю Вялікага Княства Літоўскага білі мы ўсіх і злева, і справа — і крыжакоў, і татараў. Гэты ген не маглі з нас выкарчаваць. З тых часоў ён у нас сядзіць, і менавіта дзякуючы яму беларусы маюць усе гэтыя спартыўныя перамогі.

Відаць, тут варта таксама адзначыць ролю асобы ў гісторыі, як кажуць. Тайскі бокс пачыналі ў Беларусі некалькі чалавек, але яны былі моцныя галавой і сэрцам. Яны павялі за сабой людзей, якія на той момант былі гатовыя падтрымаць новую справу. Сярод іх быў і я — мне стала цікава, і я адгукнуўся.

— Андрусь, а што папярэднічала вашаму асабістаму выбару займацца экстрэмальным спортам? І якія вашыя назіранні: наколькі гарачая кроў у “памяркоўных” беларусаў?

Андрэй Дундукоў: Я ў дзяцінстве займаўся ўсходнімі адзінаборствамі, а пазней ужо пераключыўся на экстрэмальныя віды спорту. Той адрэналін, што выпрацоўваецца перад двубоем, немагчыма потым нічым замяніць, а вось атрымаць у экстрэмальных відах магчыма. Любы бой пачынаецца з барацьбы з самім сабой. Калі ты перамог сябе, свой страх, хваляванні, то ты пераможаш і свайго ворага. Адзінае што ў экстрэмальных відах спорту на шалях стаіць вашае жыццё або здароўе, бо скачок з парашутам ці паход пад ваду заўсёды можа стаць апошнім.

budzma.by__wp_content_gall_cb647bd26a989a3a27f551e9c28405fd.jpeg

І тут самае дзіўнае, што, да прыкладу, на скокі (rope jumping) збіраецца вельмі шмат дзяўчат (75% ад усіх ахвочых)! З парашутам таксама актыўна скачуць жанчыны. Таму можна сказаць, што беларускі — больш актыўныя экстрэмалкі.

Адкуль у беларусах гэта?  Тут я пагаджуся з Юрасём: беларусы за сваю гісторыю правялі столькі войнаў, што нашага адрэналіну ў крыві хопіць не на адну нацыю. І нават нягледзячы на тое, колькі страт у нас было за ўсю гісторыю, гэты ген у нас укаранёны.

Ды якія мы талерантныя! З’ездзіце на вёску, зайдзіце ў клуб і паспрабуйце пазнаёміцца з мясцовай дзяўчынай. Вы адразу ж сустрэнеце шмат-шмат “талерантных” беларусаў, якія з вашага твару зробяць тое, чаго не адбываецца нават на чэмпіянатах свету па тайскім боксе!

Каманды, якія арганізуюць rope jumping у Мінску, распісаныя, ахвочыя заўсёды ёсць. Таму пра “рахманых” — такое ўражанне, што гэта звонку нехта начапіў на нас такую бірку “вы ясце бульбу і рахманыя”, але практыка дэманструе адваротнае.

budzma.by__wp_content_gall_c5f392dce9927ba4e4190ac4f6bd33b0.jpeg

— Вы часта звяртаецеся да гісторыі ў адказах на пытанні. Скажыце, як да вас прыйшла беларушчына?

ЮБ: Чаму чалавек адукаваны, ветлівы? Чаму ён выхаваны? Таму што ў яго жыцці былі людзі, якія патлумачылі, паказалі яму. У кожнага ў жыцці ёсць настаўнікі. Мне любоў да ўсяго нашага — беларускага – прывіла настаўніца беларускай мовы Варвара Якаўлеўна. Я скончыў 42-ю школу горада Мінска, гэта найстарэйшая школа. Дарэчы, Жарэс Алфёраў, наш славуты зямляк, нобелеўскі лаўрэат — таксама з нашай школы дзядзька. На 75-годдзе школы прыязджаў да нас. І мяне з Жарэсам Алфёравым на сцэну запрасілі як выбітных выпускнікоў. І ведаеце, насамрэч не ў кожнай школе ёсць выпускнікі-лаўрэаты Нобелеўскай прэміі і шматразовыя чэмпіёны свету.

Дык вось, вяртаюся да настаўнікаў. У мяне гэтая беларускасць дзякуючы настаўніцы па беларускай мове. І цяпер я ўжо стараюся быць настаўнікам і прывіваць “нашае” сваім хлопцам. На зборах мы заўсёды распавядаем байцам нешта з гісторыі. Нашыя патрыятычныя хлопцы — Гуркоў, Валент, Турун — сваім прыкладам шмат каго натхняюць. Летась увосень быў буйны турнір у цырку — нашы хлопцы, памятаеце, на рынг выходзілі ў вышыванках.

— А наколькі важная каманднасць у тайскім боксе? Камандны дух?

ЮБ: Увогуле сакрэт поспеху беларускага тайскага боксу сёння ў адзінстве. Як нашыя продкі ў час бяды аб’ядноўваліся і давалі адпор тым жа крыжакам і татарам, у нас таксама — калі ёсць наперадзе не бяда, канечне, а чэмпіянат свету, мы аб’ядноўваемся і дапамагаем адзін аднаму — тлумачым нешта, падказваем. І вось гэты мікраклімат у зборнай — вялікая задача трэнераў.

Перад выездам на міжнародныя спаборніцтвы заўсёды праводзяцца зборы. Там усе клубы, якія некалькі месяцаў таму былі асобна, збіраюцца разам. Трэнеры стараюцца загартоўваць хлопцаў, каб яны рабіліся адной камандай.

budzma.by__wp_content_gall_b81cff3c9f1be637e0e127ef345c2801.jpeg

— Як вы думаеце, што магчыма зрабіць уласнымі сіламі, сіламі грамадскасці, каб фізічная культура стала адным з падмуркаў рознабаковага развіцця асобы (як фізічнага, так і духоўнага), пакалення, нацыі?

АД: Яшчэ ў старажытнасці казалі, што чалавек мусіць быць развіты ўсебакова — і фізічна, і духоўна. Плюс чым больш ты займаешся фізічна, дамагаешся чагосьці большага ў спорце, тым больш ты пачынаеш цікавіцца не проста як лепей зрабіць удар рукой ці нагой, але яшчэ і чаму гэта так. Хто і калі гэта прыдумаў? Так ужо варушышся, нешта шукаеш, дазнаешся больш.

ЮБ: У першы мой прыезд у Тайланд я быў вельмі ўражаны фізкультурнасцю тайцаў. На вуліцах Бангкока вельмі шмат людзей бегае, скача, адціскаецца. На паліўных запраўках вісяць мяхі і малыя дзеткі гуляюцца ў муай-тай. І ўвогуле шмат па свеце езджу і паўсюль тэндэнцыя да здаровага ладу жыцця — людзі выкройваюць нейкі час, каб схадзіць у спартовую залу, заняцца сабой. І ў Беларусі гэта пачынаецца пакрысе.

А ўвогуле я лічу, што нешта змяніць можна толькі асабістым прыкладам. Такое нашае жыццё – шмат хто ў нас не на сваім месцы. Праз гэта людзі трапляюць у складаныя жыццёвыя сітуацыі. Я ведаю, што я на сваім месцы. Да мяне ў BULAT GYM ходзяць хлопцы з праблемных сямей. І мне вельмі прыемна, калі я бачу, што я стараюся і ў мяне атрымліваецца неяк разнастаіць іх жыццё, выцягнуць з той багны”.

Сустрэча са спартоўцамі ў Бабруйску (дарэчы, далёка не самым “памяркоўным” горадзе Беларусі!) пакінула смак парадоксу: прыклады асоб, якія стварылі сябе самі, мы маем, асаблівы беларускі байцоўскі ген, моц духу, сілы фізічныя, інтэлектуальныя, духоўныя, культурніцкія — усё гэта маем! Аднак часта не ведаем, як гэты патэнцыял скарыстаць і развіць! Як лёгка “акопваемся” ў крытыцы і да сябе, і да сваіх блізкіх! Замест таго каб выгадаваць самому ў сабе, абапіраючыся на генетычную памяць, гонар за тое, што належыш да беларускай нацыі, што ты нашчадак вялікіх пераможцаў, асветнікаў, даследчыкаў, моцных духам асобаў. Усе адказы — унутры нас, і гэта не проста абыходкавая фраза, гэта праўда, якую беларусам самы час прыняць! Самы час стаць пакаленнем, якое на грунце тысячагадовай гісторыі само “робіць” сябе!