«Шматгадовая праца БНФ дала ўсходы літаральна скрозь асфальт»
Дзяржава працягвае ліквідаваць непажаданыя арганізацыі, партыі і аб'яднанні. Пяць дзён таму гэты працэс дайшоў і да БНФ — найстарэйшай партыі ў гісторыі незалежнай Беларусі.
14 жніўня Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне аб ліквідацыі палітычнай партыі «Беларускі народны фронт». БНФ быў найстарэйшым палітычным аб'яднаннем Беларусі, з яго пачыналіся дэманстрацыі за незалежнасць яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў. У апошнія гады ў партыі было вельмі мала папулярнасці і ўплыву, але калі ў краіне ў 2020-м годзе пачаліся масавыя пратэсты, то іх удзельнікі трымалі тую ж сімволіку, што і актывісты «Юеларускага народнага фронту» ў апошнія гады існавання СССР.
Ліквідацыю партыі БНФ можна назваць планавай, піша «Бі-бі-сі». У лютым 2023 года ў Беларусі ўступіў у сілу новы Закон «Аб палітычных партыях». Адзін з яго пунктаў — абавязковая перарэгістрацыя на працягу паўгода пасля ўступлення закона ў сілу.
Перарэгістрацыю прайшлі тры партыі: Камуністычная, Ліберальна-дэмакратычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (усе тры наўпрост ці ўскосна падтрымліваюць уладу). Акрамя таго, Мінюст зарэгістраваў партыю прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі «Белая Русь».
Астатнім партыям ва ўмовах наймацнейшага ціску на апазіцыю выканаць патрабаванні закона наконт колькасці ўдзельнікаў і колькасці аддзяленняў немагчыма, таму Мінюст стаў падаваць пазовы аб іх ліквідацыі. Сярод іх аказалася і партыя «Беларускі народны фронт» — арганізацыя, з якой пачаўся сучасны апазіцыйны рух у Беларусі.
Пахаванні на ўскрайку Мінска
3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пад назвай «Курапаты: дарога смерці». У ім расказвалася, што ў Курапатах, участку лесу на паўночна-ўсходнім ускрайку Мінска, знаходзіцца масавае пахаванне ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут, пісалі аўтары, могуць быць пахаваныя каля 250 тысяч чалавек.
Артыкул атрымаў усесаюзную вядомасць, яго перадрукоўвалі і маскоўскія рэдакцыі. Пракуратура Беларускай ССР распачала па факце знаходкі крымінальную справу, а ўжо 19 чэрвеня ў раёне Курапатаў прайшло шматтысячнае шэсце з асуджэннем рэпрэсій. 30 кастрычніка 1988-га тысячы актывістаў сабраліся на падобны мітынг у Мінску — памяці вялікай групы беларускай інтэлігенцыі, расстралянай гэтымі днямі 50 гадоў таму. Мітынг разагналі міліцыя і курсанты ўнутраных войскаў.
Фармальнымі арганізатарамі гэтых акцый былі не палітычныя сілы, іх актыўныя ўдзельнікі толькі шукалі спосаб для аб'яднання. І неўзабаве сталі грамадскім рухам пад назвай «Беларускі народны фронт „Адраджэнне“». У далейшую гісторыю ён увойдзе пад абрэвіятурай БНФ.
Гэта па аналогіі з народнымі франтамі, якія з'явіліся ў Латвіі і Літве, тлумачыць беларускі журналіст і палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Але, дадае ён, перад БНФ стаяла больш няўдзячная задача: у будучых краінах Балтыі значна мацней была развітая нацыянальная самасвядомасць, тады як Беларусь была «ўзорнай савецкай рэспублікай з двухвекавой гісторыяй русіфікацыі».
БНФ рэгулярна праводзіў вулічныя акцыі, з антысталінскіх яны паступова ператвараліся ў антысавецкія — і за незалежнасць Беларусі.
Класкоўскі кажа, што БНФ здолеў абудзіць у людзях «пачуццё беларускай ідэнтычнасці», яны літаральна на мітынгах даведваліся пра фрагменты сваёй гісторыі — напрыклад, пра незалежную Беларускую Народную Рэспубліку, якая была створана ў сакавіку 1918 года і здолела пратрымацца да прыходу ў Мінск бальшавікоў у снежні таго ж года.
Беларускі палітолаг і філолаг, а цяпер палітзняволены Аляксандр Фядута ў сваёй кнізе «Лукашэнка: палітычная біяграфія» піша, што напрыканцы 1980-х БНФ імгненна стаў галоўнай альтэрнатывай КПСС.
«Уся другая палова 1989 года ў Беларусі прайшла пад знакам мітынгаў і маніфестацый. Бел-чырвона-белыя сцягі, запазычаныя БНФ у так і не праведзенай Беларускай Народнай Рэспублікі, луналі над натоўпамі людзей, якія прыходзілі на мітынгі. Не, "натоўп" — слова ў дадзеным выпадку вельмі недакладнае. Народу збіралася шмат, тысячы, дзясяткі тысяч», — піша Фядута.
Меншасць, якая перамагала
Першы вялікі палітычны поспех БНФ — фракцыя з 27 дэпутатаў у Вярхоўным Савеце Беларусі, скліканым у 1990-м годзе (усяго ў тым парламенце было 360 дэпутатаў).
Аляксандр Класкоўскі кажа, што ў БНФ, вядома, не было большасці ў парламенце, але затое былі аўтарытэт, пасіянарнасць і ўменне пераконваць. Напрыклад, у жніўні 1991 года, адразу пасля таго, як у Маскве праваліўся путч прыхільнікаў вяртання СССР, менавіта БНФ «націснуў» на разгубленых і спалоханых камуністаў і дамогся таго, каб парламент прагаласаваў за Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
«Зеркало» піша, што ўсяго ў другой палове 1991 года дэпутаты ад БНФ падрыхтавалі (або прынялі ўдзел у падрыхтоўцы) 31 базавы законапраект для краіны, якая толькі набывала незалежнасць, у тым ліку: аб грамадзянстве, стварэнні войска, памежнай службы, мытні.
Пры актыўным удзеле БНФ у тыя гады беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Дзяржаўным сцягам стаў бел-чырвона-белы. У якасці герба дэпутаты зацвердзілі «Пагоню» — чырвона-белы малюнак з ваяром на кані.
Аляксандр Фядута ў сваёй кнізе піша, што ў БНФ хапіла сіл, каб Беларусь стала незалежнай, а Камуністычная партыя перастала існаваць як галоўная партыя. Але перашкодзіць узыходжанню Лукашэнкі ў тых актывістаў ужо не атрымалася: лідар БНФ Зянон Пазняк набраў на першых прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі 12,8% галасоў. Ён заняў трэцяе месца, саступіўшы і Лукашэнку, і апаратчыку савецкіх часоў Вячаславу Кебічу.
«Трэба разумець, што Беларусь была ўсё ж прасунутай савецкай рэспублікай, тут з'явілася моцная прамысловая вытворчасць, людзі пераязджалі з хат у свае кватэры. І Лукашэнка спекуляваў на тым, што спыніць постсавецкі развал. У БНФ казалі пра каштоўнасць беларускай мовы, А Лукашэнка пра танны газ — і выйграў», — расказвае Аляксандр Класкоўскі.
Першую прысягу Аляксандр Лукашэнка прыносіў менавіта пад бел-чырвоным-белым сцягам.
Як Лукашэнка адымаў сцяг і мову
У 1995-1996 гадах у Беларусі быў вялікі палітычны крызіс.
Расклад быў такі: за два гады Лукашэнка паказаў сябе тым, хто імкнецца да абсалютнай улады. Апазіцыйныя дэпутаты пачалі збіраць подпісы за імпічмент. Лукашэнка адказаў ініцыятывай правесці рэферэндум — прыняць Канстытуцыю, дзе яго паўнамоцтвы рэзка павялічваюцца, і атрымаць права распусціць Вярхоўны Савет. А заадно адмяніць бел-чырвона-белую сімволіку і дадаць некалькі гадоў да свайго першага тэрміну.
«"Заваёў" у БНФ было ўсяго дзве: прыняцце ў дзяржаве гістарычнай беларускай сімволікі і прызнанне беларускай мовы дзяржаўнай. Гэта і трэба было адабраць, прычым менавіта на рэферэндуме, прадэманстраваўшы яшчэ раз, што "народ" падтрымлівае не апазіцыю, а яго, Лукашэнку», — піша Аляксандр Фядута.
«Зеркало» ў сваім тэксце пра Зянона Пазняка згадвае, што ён і яшчэ 18 дэпутатаў абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць вынясення на рэферэндум пытання аб дзяржаўнай сімволіцы. Яны настойвалі, што гэта канстытуцыйная норма і зноў выносіць яе на галасаванне незаконна.
«Удзельнікі галадоўкі засталіся ў будынку парламента і пасля завяршэння працоўнага дня. Але ўначы туды ўвялі АМАП і супрацоўнікаў службы бяспекі прэзідэнта — усяго некалькі соцень чалавек, — піша «Зеркало». — Яны гвалтоўна выправадзілі дэпутатаў з будынка, моцна іх збілі і высадзілі з міліцэйскіх машын на цяперашнім праспекце Незалежнасці. Пазняку спрабавалі выціснуць вочы, білі яго нагой у грудзі, білі галавой аб сцяну».
Рэферэндум адбыўся ў лістападзе 1996 года, ён даў Аляксандру Лукашэнку практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. Вярхоўны Савет быў распушчаны, а ў Нацыянальны сход (так парламент стаў называцца пасля рэферэндуму) ніхто з прадстаўнікоў БНФ не трапіў — у тым ліку праз несумленны падлік. Гэта быў першы раз, калі краіны Еўропы адмовіліся прызнаваць вынікі галасавання праз сур'ёзныя парушэнні.
Беларусь вярнула сабе чырвона-зялёны сцяг часоў СССР, з яго зніклі толькі залатыя серп і молат. У новага герба, падобнага па матывах да твораў савецкай геральдыкі, ніякай гісторыі няма.
Прадстаўнікі БНФ сталі першымі беларускімі апазіцыянерамі, у дачыненні да якіх улада пачала выкарыстоўваць эпітэты «нацыяналісты» і «фашысты». Аляксандр Фядута згадваў, што пра БНФ у 1995 годзе быў зняты першы ў новай Беларусі прапагандысцкі фільм, закліканы знішчыць рэпутацыю яго ўдзельнікаў.
Ён называўся «Нянавісць. Дзеці хлусні», а зняў яго малады рэжысёр Юрый Азаронак, бацька сучаснага беларускага прапагандыста Рыгора Азаронка.
Зянон Пазняк прыняў рашэнне пакінуць Беларусь, стаўшы першым вядомым палітычным уцекачом з краіны. Прыхільнікі казалі, што ён з'ехаў, баючыся крымінальнага пераследу, МЗС Беларусі настойваў, што Пазняка ніхто не пераследуе.
Сваркі апазіцыянераў
Усе наступныя гады партыя БНФ жыла пад жорсткім ціскам, і разгарнуць паўнавартасную палітычную дзейнасць было наўрад ці магчыма. У такіх варунках, кажа Аляксандр Класкоўскі, узмацніліся і ўнутраныя супярэчнасці.
Першы раскол у БНФ адбыўся яшчэ ў 1999 годзе, і яго абставіны ўжо тады многае тлумачылі пра рэальную сілу апазіцыі Аляксандру Лукашэнку: Зянон Пазняк, які знаходзіўся ў эміграцыі, спачатку пагадзіўся ўзяць удзел у альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах, але затым зняў сваю кандыдатуру.
У выніку канфлікту ад партыі БНФ аддзялілася «Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ», Пазняк узначальвае яе і цяпер. Партыю БНФ жа ўзначаліў філолаг і палітык Вінцук Вячорка.
У 2008-м у партыі БНФ зноў змянілася кіраўніцтва, а ў 2011-м адбыўся яшчэ адзін раскол: ад яе аддзяліліся актывісты, якія аб'ядналіся ў партыю «Беларускі рух».
Пры гэтым аж да 2020 года цяперашнія і былыя актывісты БНФ былі ўдзельнікамі ўсіх заўважных акцый пратэсту супраць Аляксандра Лукашэнкі. Яны зрабілі штогадовай акцыю памінання загінулых у лесе ў Курапатах, удзельнічалі ў мітынгах і шэсцях на Дзень Волі 25 сакавіка. У розныя гады гэтыя акцыі то праходзілі спакойна, то заканчваліся збіццём і затрыманнямі дзясяткаў і соцень чалавек.
Усходы скрозь асфальт
Да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі, старая апазіцыя канчаткова сышла ў цень. Яны спрабавалі правесці «праймерыз» і вылучыць адзінага кандыдата, але «пералаяліся, ды і цікавасці не было».
Галоўнымі героямі апазіцыі Аляксандру Лукашэнку ў 2020 годзе сталі людзі наогул без досведу ўдзелу ў традыцыйных апазіцыйных партыях: Сяргей і Святлана Ціханоўскія, Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава — і многія іншыя, якія знаходзяцца цяпер у турме або ў эміграцыі.
«У БНФ былі і памылкі, і максімалізм, але іх феномену і не было б, калі б яны не былі такімі ідэалістамі», — кажа Аляксандр Класкоўскі.
Ён нагадвае, што пратэсны рух 2020 года быў спантанным, не гатовым да сур'ёзнага і доўгага супрацьстаяння, але яго сімваламі літаральна ў адзін дзень сталі тыя, з якімі БНФ выступаў яшчэ ў 1980-я — бел-чырвона-белая сімволіка, герб «Пагоня»; зноў з'явіліся антыімперская і праеўрапейская рыторыка. «Іх [БНФ] шматгадовая праца дала ўсходы літаральна скрозь асфальт», — кажа Класкоўскі.
У красавіку 2021 года ў сваім доме ў Шклове сілавікі затрымалі Рыгора Кастусёва, які ўзначальваў партыю БНФ з 2017 года. У верасні 2022 года ён атрымаў 10 гадоў нібыта за спробу «арганізаваць дзяржаўны пераварот». У рамках гэтай жа справы 10 гадоў атрымаў і Аляксандр Фядута, які напісаў палітычную біяграфію Аляксандра Лукашэнкі.
У партыі БНФ сказалі, што і не спрабавалі перарэгістраваць партыю паводле новага закона. У апублікаванай 14 жніўня заяве гаворыцца, што для гэтага не было «ні палітычнага права, ні юрыдычных магчымасцей».
У партыі, тым не менш, кажуць, што яе асноўныя каштоўнасці — свабода, незалежнасць і адраджэнне, а без іх «беларуская дзяржаўнасць не можа быць паўнавартаснай, і яны абавязкова будуць рэалізаваны ў Беларусі».