Што яшчэ вядома пра забудоўшчыка «Прыбужскага кварталу»

Некалькі месяцаў трывае грамадскі розгалас вакол будоўлі ў цэнтры Брэста. Забудоўшчык ТАА «Прыбужскі квартал» на месцы знішчанай ім жа гістарычнай забудовы яўрэйскага гета спрабуе ўзвесці элітны жыллёвы комплекс прэміум-класа.

Фота natatnik.by

Фота natatnik.by


Працяг. Першую частку расследавання чытайце ТУТ

«Рентал Финанс» і «ГКМ Инжиниринг»


Адметна, што ТАА «Рентал Финанс» згодна з ЕГРЮЛ РФ было створанае ўсяго за два месяцы да ўвядзення яго ў склад заснавальнікаў «Маналіт Груп», якое адбылося ў лістападзе 2016 года. Кампанію заснавалі 21 верасня 2016 года ў Солнечнагорску Маскоўскай вобласці дзве юрыдычныя асобы — ТАА «Рентал Инжиниринг»,уласнікам якой, як мы ўжо ведаем, з’яўляецца Яўген Чумак,і ТАА «ГКМ Инжиниринг». Памер долі абедзвюх у ёй складае па 50 працэнтаў.

Асноўным відам дзейнасці кампаніі «Рентал Финанс», нягледзячы на яе назву, з’яўляецца аптовы гандаль машынамі і абсталяваннем для здабычы карысных выкапняў і будаўніцтва. Паказальна, што кампанія «ГКМ Инжиниринг» заснаваная 15 студзеня 2014 года, у той жа дзень, што і «Рентал Инжиниринг».

 

pkvarlal01_2551.png

«ГКМ Инжиниринг»

Кампанію стварылі Аляксей Ермашоў і Яўген Чумак — яны мелі ў ёй аднолькавы памер долі ўласнасці ў 50%. Старшынёй наглядальнай рады з’яўляецца Мікалай Ермашоў. Асноўны від дзейнасці кампаніі — будаўніцтва жылых і нежылых будынкаў, колькасць супрацоўнікаў складае 130 чалавек.

Хаця кампанія і была зарэгістраваная інспекцыяй ФПС РФ па Кліну Маскоўскай вобласці, аднак юрыдычны адрас кампаніі на гэты момант знаходзіцца аж у Пермскім краі, горад Бярэзнікі. У гэтым горадзе, а таксама ў Салікамску, непадалёк ад Уральскіх гор, кампанія Яўгена Чумака і братоў Ермашовых будуе жылыя дамы для супрацоўнікаў ПАТ «Уралкалий».

Гендырэктар «Уралкалия» Дзмітры Осіпаў, галава г. Бярэзнікі Сяргей Дзьякаў і Мікалай Ермашоў закладаюць капсулу з пасланнем. Фота: v-kurse.ru

Гендырэктар «Уралкалия» Дзмітры Осіпаў, галава г. Бярэзнікі Сяргей Дзьякаў і Мікалай Ермашоў закладаюць капсулу з пасланнем. Фота: v-kurse.ru

Характэрна, што ў чэрвені 2017 года Яўген Чумак зменшыў сваю долю ў гэтай кампаніі на 5%, каб у склад заснавальнікаў увесці двух грамадзян Беларусі — намесніка дырэктара «Маналіт Груп» Андрэя Красінскага і Дзмітрыя Каваленку з роўнымі далямі па 2,5%. Апошні з’яўляецца на гэты момант генеральным дырэктарам «ГКМ Инжиниринг», да гэтага быў галоўным інжынерам «Маналіт Груп».

 

ТАА «Сфера-СК»

Уласнік «Прыбужскага кварталу» Яўген Чумак пачаў супрацоўнічаць з сям’ёй Ермашовых у супольных бізнес-праектах, меркавана, з першай паловы 2000-х гадоў. Ён ачоліў створаную ў 2004 годзе кампанію ТАА «Сфера-СК», якая ўвайшла ў будаўнічы холдынг «Маналіт Груп». Прадпрыемства пачало сваю дзейнасць з засваення паставак будаўнічага абсталявання, а таксама сталася дылерам нямецкай кампаніі Peri — вытворцы апалубных сістэмаў.

Падчас расследавання вызначана, што прадстаўніцтва Peri GmBH (ужо ліквідаванае), а таксама ЗТАА «ПЕРІ-апалубка і будаўнічыя рыштаванні» ачольваў Сяргей Аляксандравіч Ермашоў, меркавана, бацька Аляксея і Міколы Ермашовых (1, 2).

Падчас выставы «Будпрагрэс–2011» намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін (леваруч) высока ацаніў працу кампаніі, якую ачольваў на той момант Сяргей Ермашоў (праваруч). Фота znk.by

Падчас выставы «Будпрагрэс–2011» намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін (леваруч) высока ацаніў працу кампаніі, якую ачольваў на той момант Сяргей Ермашоў (праваруч). Фота znk.by

«Сфера-СК» пачала актыўна нарошчваць свой камерцыйны патэнцыял — апроч продажу і надання ў арэнду будаўнічых матэрыялаў і абсталявання прадпрыемства пачало прадстаўляць у Беларусі сусветна вядомыя на будаўнічым рынку брэнды, звязаныя з вертыкальным грузавым транспартам і пад’ёмным абсталяваннем. «Сфера-СК» стала дылерам нямецкіх кампаній Stetter і Schwing, фінскай Scanclimber, амерыканскай JLG, іспанскай Pramac...

Прадпрыемства надавала свае паслугі, і перадусім будаўнічую тэхніку, для пабудовы самых маштабных аб’ектаў у Беларусі — Нацыянальнай бібліятэкі, Палацу Рэспублікі, Мінск-Арэны, Чыжоўка-Арэны, стадыёну БАТЭ, Шклоўскай папяровай фабрыкі і шмат іншых (архіў). Рабіла шэф-мантаж свайго абсталявання для здзяйснення фасадных працаў першага энергаблоку Астравецкай АЭС, надавала пад’ёмнік для правядзення маналітных працаў на гэтым аб’екце.

Значны фінансавы крызіс закрануў не толькі ТАА «Маналіт Групп», але і кампаніі, якія ўваходзяць у яго холдынг. 13 верасня 2017 года кампанія «Сфера-СК» падала заяву ў Эканамічны суд пра добраахвотнае банкруцтва ў сувязі з неплацежаздольнасцю, якая мае трывалы характар. На пачатку траўня 2018 года Эканамічны суд Мінскай вобласці ўхваліў пастанову пра пачатак ліквідацыйнага працэсу.

З матэрыялаў справы вядома, што «Сфера-СК» мае вялізную запазычанасць перад крэдыторамі, адным з якіх з’яўляецца ЗАТ «ДэльтаБанк». Агульная сума пазыкаў кампаніі складае 4 137 603 рублёў (паводле тагачаснага курсу — больш за 2 мільёны долараў). Фінансавы крызіс спрычыніўся нават да грашовых патрабаванняў «Сфера-СК» да «Маналіт Груп». Паводле інфармацыі, пададзенай на інфармацыйным рэсурсе Вярхоўнага суда, Эканамічны суд Магілёўскай вобласці ў кастрычніку 2018 года пачаў загадную вытворчасць што да патрабавання ТАА «Сфера-СК» спагнаць з «Маналіт Груп» (перайменаванай ужо на «ЖылРусБуд») пазыку ў памеры 636 712,33 беларускіх рублёў (звыш за 300 тысяч долараў).

Паводле інфармацыі Вярхоўнага Суда РБ, эканамічныя суды Мінскай, Магілёўскай вобласці і Мінска пачалі разгляд фінансавых патрабаванняў фізічных і юрыдычных асобаў у адносінах да «ЖылРусБуда» па не менш як дзесяці справах з агульнай сумай прыблізна 1,5 мільёна рублёў. Сюды трэба дадаць яшчэ і запазычанасць перад бюджэтам прыблізна на гэтую ж суму.

 

ТАА «Зялёная гавань»

Яшчэ адным актывам братоў Ермашовых і, верагодна, Яўгена Чумака з’яўляецца ТАА «Зялёная гавань», зарэгістраваная Мінскім райвыканкамам 21 верасня 2015 года. Юрыдычны адрас кампаніі знаходзіцца ў вёсцы Баравая Мінскага раёна. Старшынёй нагляднай рады і дырэктарам прадпрыемства з’яўляецца Аляксей Ермашоў. Асноўныя віды дзейнасці: рэалізацыя праектаў, звязаных з будаўніцтвам, набыццё і продаж уласнай нерухомай маёмасці, дзейнасць фізкультурна-спартыўных пабудоваў.

Паказальна, што паводле асабістага ўказу Аляксандр Лукашэнка ў жніўні 2016 года перадае «Зялёнай гавані» — кампаніі, якая існуе на той момант менш за год, — спартова-турыстычны гольф-комплекс у Мінскім раёне для заканчэння будаўніцтва. Адбываецца гэта нягледзячы на істотныя фінансавыя праблемы з «Маналіт Груп». Раней гэтую пляцоўку для пабудовы жылога комплексу «Грынвіч» на працягу некалькіх гадоў спрабаваў засвоіць украінскі банкір Мікалай Лагун і прэзідэнцкі спартовы клуб.

Паводле ўказу Лукашэнкі, «Зялёная гавань» павінна да канца 2030 года забяспечыць будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю жылога комплексу, утрыманне і выкарыстанне гольф-палёў. Агульная тэрыторыя, якая трапляе пад забудову, складае 380 гектараў. «Зялёнай гавані» нададзеныя эканамічныя прэферэнцыі, яна вызваленая ад зямельнага падатку.

Апроч гэтага, вызначана, што спартовай часткай праекту займаецца іншы актыў Ермашовых — ТАА «Квадрат Груп», а працы па будаўніцтве інжынерных сетак, камунікацый, дарогаў і праездаў у гольф-клубе здзяйсняе «СУ-3 Белбуд».

 

ТАА «СУ-3 Белбуд»

Пазначаны ў выпісе АДР нумар тэлефону кіраўніка кампаніі «Маналіт Груп» («ЖылРусБуд») цалкам супадае з кантактным тэлефонамТАА «СУ-3 Белбуд» (рус. «СУ-3 Белстрой»), якое займаецца будаўніцтвам жылых і прамысловых будынкаў. Кампанія знаходзіцца на вуліцы Сяліцкага, дом 37, там жа, дзе «Рэалці Інжынірынг» і месціўся «Маналіт Груп». Кампанія «СУ-3 Белбуд» з’яўляецца генпадраднай арганізацыяй, дзейнасць якой звязаная з маналітным домабудаўніцтвам. Паводле інфармацыі з сайту прадпрыемства што да збудаваных аб’ектаў і тых, якія яно будуе, можна з вялікай доляй верагоднасці сцвярджаць, што яно з’яўляецца своеасаблівым пераемнікам «Маналіт Груп» (1, 2).

У гэты момант «СУ-3 Белбуд» працягвае рэалізоўваць у якасці генеральнага падрадчыка будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Трыніці» ў Гродне, жылых комплексаў «Пірс» у аграгарадку Ратамка і «Новая Баравая» ў вёсцы Копішча Бараўлянскага сельсавета Мінскага раёна.

Выяўлена, што «СУ-3 Белбуд» таксама пэўны час было зарэгістравана ў Шчомысліцкім сельсавеце, дом 16, пакой 26-1/1. У суседнім пакоі — 26-2/1 — знаходзілася кампанія ТАА «СУ-2 спецбудэнерга» (рус. «СУ-2 спецстройэнерго»). У гандлёвым анлайн-каталогу tam.by гэтая кампанія зарэгістраванаяяк «СУ-2 спецстрой Монолит Груп». Меркавана, гэта яшчэ адзін з актываў братоў Ермашовых і Яўгена Чумака, які ў лютым 2019 года быў ліквідаваны праз банкруцтва.

Найбольшую цікавасць у святле пабудовы «Прыбужскага квартала» на месцы расстрэльных двароў брэсцкага гета мае той факт, што кампанія-пераемнік «Маналіт Груп» — ТАА «СУ-3 Белбуд» працягвае будаўніцтва жылога комплексу еўрапейскага ўзроўню «D3» ля праспекту Пераможцаў і вуліцы Ратамскай у Мінску (мікрараён «Лебядзіны»). Галоўным інвестарам праекту выступае кампанія Svitland Development,якая інвестуе ў будаўніцтва аб’екту больш за 30 мільёнаў долараў. Гэта дэвелаперская кампанія, якая працуе на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Літвы з 2006 года.

Гэтая кампанія з’яўляецца даччыным прадпрыемствам інвестыцыйнага холдынгу Fishman Group. Бізнес-партнёры Яўген Чумак і браты Ермашовы збудавалі разам з кампаніяй Svitland Development ужо дзве чаргі жылога комплексу «D3».

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Чорны, Іосіф Фрыдман, Мікалай Ермашоў і чалец праўлення холдынгу Fishman Group Эяль Фішман, 2014. Фота svitland.com

Міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Чорны, Іосіф Фрыдман, Мікалай Ермашоў і чалец праўлення холдынгу Fishman Group Эяль Фішман, 2014. Фота svitland.com

Зараз здзяйсняецца пабудова трэцяга дому, здача якога запланаваная на IV квартал 2019 года. Ці ведае генеральны дырэктар Svitland Development Іосіф Фрыдман, ці ведаюць грамадзяне Ізраілю і прадстаўнікі яўрэйскай дыяспары ў Беларусі і ва ўсім свеце, што кампанія супрацоўнічае з забудоўшчыкамі аднаго з самых вялікіх гета на тэрыторыі Еўропы? Ці змогуць яны змірыцца з тым, што, пасля выяўлення на будпляцоўцы больш за 1140 парэшткаў забітых гітлераўцамі яўрэяў, працы на ёй могуць быць працягнутыя?

Пазіцыя аўтара расследавання тут адназначная — будоўля павінна быць цалкам спыненая, выкананне праекта скасаванае. «Прыбужскі квартал» не можа паўстаць на месцы болю і смерці тысячаў людзей. Знішчаная гістарычная забудова яўрэйскага гета, праз што здзейсненая значная шкода для гісторыка-культурнай спадчыны Брэста, але памяць яшчэ можна і неабходна захаваць. На месцы расстрэльных двароў мае паўстаць паўнавартасны мемарыяльны комплекс.

У выніку праведзенага расследавання раскрываем таксама інфармацыю і пра падрадчыка, які непасрэдна рэалізуе праект пабудовы «Прыбужскага кварталу».

 

ТАА «ЧЫАСбуд»

Падрадчыкам у пабудове «Прыбужскага кварталу» з’яўляецца кампанія ТАА «ЧЫАСбуд» (рас. «ЧИАСстрой»), зарэгістраваная Мінскім гарвыканкамам 19.10.2017 года. Уласнікамі кампаніі з красавіка 2018 года з’яўляюцца Раіса Віктараўна Дроб і Наталя Мікалаеўна Несцяровіч, якія маюць памер долі па 50 працэнтаў. Аднаасобнымі ўласнікамі да іх цягам некалькіх месяцаў былі Мікіта Самахвалаў і Уладзімір Ефімчык. Кіраўнік кампаніі з моманту заснавання — ІП Дзмітрый Уладзіміравіч Мазоль.

На галоўнай старонцы сайту кампаніі пазначана, што яна мае вялікі досвед будаўніцтва, аднак у крыніцах адкрытага доступу, апроч рэгістрацыйных дадзеных, няма аніякіх звестак пра яе і пра аб’екты, якія яна магла збудаваць за амаль год сваёй дзейнасці.

Магчыма, гэтая кампанія таксама створаная для рэалізацыі праекту пабудовы «Прыбужскага кварталу». На інфармацыйным рэсурсе РУП «Белбудцэнтр» маюцца дадзеныя, што атэстаты адпаведнасці з правам выканання функцыяў генеральнага падрадчыка і будаўніцтва аб’ектаў першага-чацвёртага ўзроўню складанасці «ЧЫАСбуд» атрымаў толькі ў красавіку 2018 года. Апроч гэтага вызначана, што кампанія не пацвердзіла атэстат адпаведнасці што да будаўніцтва аб’ектаў.

 

11_chiasbud.jpg

 

Без статусу пацвярджэння будоўлю аб’ектаў пазначанага ўзроўню складанасці здзяйсняць нельга. Верагодна, кампанія супрацоўнічае менавіта з субпадрадчыкамі, аднак спраўдзіць гэта павінны дзяржаўныя органы будаўнічага нагляду.

У выніку здзейсненага журналісцкага расследавання выяўлены бенефіцыяр кампаніі-забудоўшчыка яўрэйскага гета, а таксама яго бізнес-партнёры і большасць іх супольных актываў. Грамадзянская супольнасць Беларусі цяпер ведае ўсе іх імёны.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук афіцыйна запэўніў, што на месцы выяўленых чалавечых парэшткаў не будуць размешчаныя аніякія аб’екты: «На месте захоронения не будет ничего, кроме зеленых газонов. Даже парковочных мест, детских площадок там не будем размещать».

Паводле справаздачы пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (рас. ОВОС), якую выканала для забудоўшчыка кампанія ТАА «БудПраТэхБрэст», пад забудову «Прыбужскага кварталу»патрапляе некрафацыя яўрэйскага гета, перапахаванне з якога на Трышынскі цвінтар адбылося напрыканцы 1950-х гадоў. Некрафацыя — гэта лакалізаваная на мясцовасці тэрыторыя пахавання, а таксама месца масавага знішчэння альбо гібелі людзей, нават пасля эксгумацыі і пераносу парэштак загінулых. Згодна з дакументацыяй, гэтая тэрыторыя знаходзіцца на месцы, дзе забудоўшчыкам запланаваны заезд на пляцоўку і паркоўка на 46 машынамесцаў.

 

Мапа тэрыторыі забудовы з зонай некрафацыі

Мапа тэрыторыі забудовы з зонай некрафацыі


Мы спалучылі мапу з пазначанай у ёй тэрыторыяй некрафацыі, пададзенай у справаздачы, з планам размяшчэння будаўнічых аб’ектаў. У выніку можна сцвярджаць, што першы пад’езд запраектаванага жылога будынку «Прыбужскага кварталу» патрапляе наўпрост на тэрыторыю некрафацыі.

 

13_prybuzski_kvartal.jpg

Лічбамі пазначанае:

1 – месца вызначанай некрафацыі, перапахаванне з якой адбылося на Трышынскі цвінтар

2 – лакалізацыя прыблізнага месца выяўлення новых парэшткаў з студзеня па сакавік 2019 года.


Паводле логікі і словаў Аляксандра Рагачука вынікае, што і на тэрыторыі першай выяўленай некрафацыі, перапахаванне масавых ахвяраў Халакосту з якой адбылося напрыканцы 1950-х гадоў, таксама нічога не павінна знаходзіцца, апроч зялёных газонаў.

«Новы Час» будзе сачыць за сітуацыяй, развіццё якой можа цалкам пайсці ў рэчышчы кан’юнктурнага развязання праблемы на карысць кампаніі-забудоўшчыка. Прыкладаў грэблівага і адкрыта здзеклівага стаўлення да гістарычнай памяці ў сучаснай гісторыі Беларусі вельмі шмат. Чаго вартая толькі пабудова рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» (колішні «Бульбаш-хол») у ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940 гадоў XX стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты».

Мы ведаем імёны ўсіх фігурантаў забудовы расстрэльных двароў Брэсцкага гета. Толькі ад іх залежыць, ці застануцца яны ў народнай памяці як тыя, хто звязаны з належным ушанаваннем гістарычнай памяці і пабудовай паўнавартаснага мемарыяльнага комплексу на месцы пакутніцкай смерці людзей, ці як тыя, хто ў пагоні за камерцыйнай нажывай дэсакралізаваў месца болю і апошніх секундаў жыцця тысячаў жыхароў Брэста.