Акумулятарны завод пад Брэстам запрацуе ўжо ў траўні?

Пра гэта старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс заявіў на сустрэчы са студэнтамі ПалесДУ, паведамляе media-polesye.by.

dsc_7251.jpg


— Я неаднаразова выступаў на гэтую тэму і вам сёння скажу, што завод гэты будзе адкрыты ўжо ў траўні, — заявіў Анатоль Ліс. — Гэта сур'ёзны інвестыцыйна-інавацыйны праект, у рэалізацыю якога ўкладзеныя велізарныя грошы. Ён прайшоў усе экспертызы, у тым ліку экалагічную. Ніхто не дазволіў бы будаўніцтва завода, які б уплываў на экалогію горада, тым больш абласнога цэнтра. Сёння ў Польшчы, Германіі такія заводы працуюць. А мы купляем там акумулятары за валюту. Што мы дурней іх, свае не можам зрабіць?
Будаўніцтва акумулятарнага завода ідзе на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Больш за год мясцовыя жыхары змагаюцца супраць узвядзення патэнцыйна шкоднай вытворчасці побач з горадам. Подпісы пад адпаведным зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта паставілі болей як 36 тысяч чалавек. У цэнтры Брэста кожную нядзелю праходзяць пратэстныя "кармленні галубоў".
У студзені прадстаўнікі ініцыятыўнай групы супраць патэнцыйна шкоднай вытворчасці правялі прэс-канферэнцыю, падчас якой агучылі вынікі незалежных эксперыментаў. У прыватнасці, яны распавялі, што маюць доказы аб несупадзенні першапачатковых звестак і тых, што былі атрыманыя падчас гэтай працы. А ўлады не даюць актывістам азнаёміцца з вынікамі экалагічнай экспертызы.
Апошнім часам ціск на праціўнікаў акамулятарнага завода узмацняецца. 2 красавіка ў машыне, за рулём якой ехаў актывіст Майсей Мазько, нібыта знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, падобны па знешніх прыкметах на запал выбуховага прыстасавання. 3 красавіка была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» КК. Зранку і ўвечары 3 красавіка прайшлі ператрусы ў доме, дзе жыве сын Мазько Дзяніс, і ў доме самога Майсея Мазько. Уначы 5 красавіка Дзяніса Мазько затрымалі на 72 гадзіны па крымінальнай справе бацькі. Пасля затрымання Майсея Мазько сваякі заявілі, што ў апошнія дні за ім вялося сачэнне. Майсей Мазько быў вызвалены 6 красавіка, яго сын — 7 красавіка. Крымінальная справа не спынена.