Што рабіць, калі ў дзіцяці колікі? Спытайце ў педыятра

«Трэба прызнаць, колікі значна пагаршаюць жыццё. Прычым невядома каму больш — немаўляці або яго родным. Калі мяне як педыятра пытаюцца: "Што ж рабіць?", — я адказваю: "Купіць берушы". Гучыць цынічна, але я магу растлумачыць», — кажа доктар Мая Церакулава. І вось што раіць бацькам.

49495941_2309318209317572_5705964666639876096_n_logo.jpg

Выглядаюць колікі ўражліва: немаўля гарлапаніць — гучна, доўга, падцягваючы калені і напружваючы жывот. Можа, гэта таму, што немаўляці баліць, а можа, гэта такі дзіцячы спосаб крычаць — падцягваючы калені і напружваючы жывот.

Часам дзіцяці нават выклікаюць «хуткую», часам — лекара на дом. Лекар бярэ немаўля на рукі, кажа: «Жу-жу-жу», — і немаўля супакойваецца. Гэта галоўнае адрозненне колікаў ад якіх-небудзь іншых хваравітых станаў дзіцяці: яно супакойваецца. Часам ад белага шуму або гуку вады з-пад крана, часам — ад паху мамы ці ад маміных грудзей, ад голасу таты, масажу жывата. Ад нейкіх прыемных для немаўляці маніпуляцый сапраўдны небяспечны боль не пройдзе. А колікі праходзяць.

Колікі звычайна здараюцца ва ўзросце ад трох тыдняў да трох месяцаў. Часцей за ўсё, у вячэрні і начны час і бываюць у большасці дзяцей на планеце. Ды ва ўсіх праходзіць.

Ёсць некалькі тэарэтычных прычын колік, можна выбраць любую.

1. Метэарызм, звязаны з нестабільнасцю мікрафлоры кішачніка 

У кішачніку дарослага чалавека жыве тры кілаграмы бактэрый, якія ўдзельнічаюць у працэсе стрававання — гэта мікрафлора: прыкладна 700 родаў і 2500 відаў бактэрый. Кішачная мікрафлора чалавека багатая, разнастайная і індывідуальная, як адбіткі пальцаў.

Некаторыя віды бактэрый прадукуюць вялікую колькасць метану, што пры дысбалансе мікрафлоры прывядзе да метэарызму. Але пры даследаваннях у кішачніках немаўлятаў не выяўлена нейкага адмысловага метэарызму. Разрэкламаваныя прабіётыкі не апраўдалі надзей, не паказалі клінічнага эфекту. Яно і не дзіўна: што значаць гэтыя 15 кропель напаўдохлых бактэрый, калі ў кішачніку іх кілаграмы? І яны самі ўмеюць гарманічна размнажацца, дайце толькі час.

«Сіметыкон» («Боботик», «Эспумизан») таксама не мае даказанай эфектыўнасці пры дзіцячых коліках. Калі бацькам трэба хоць нешта зрабіць, то можна даць і «Эспумізан» ці прыбіётыкі.

2. Недасканаласць нейрарэгуляцыі кішачніка 

З немаўлятамі такое адбываецца, праходзіць само. Нічога з гэтым зрабіць нельга, толькі пачакаць пакуль саспеюць патрэбныя структуры. Ці можна класці цёплыя (трохі цёплыя, не гарачыя) грэлкі на жывот немаўляці. Значнага эфекту ад іх не будзе, але таксама не зашкодзіць.

3. Справа наогул не ў кішачніку, а ў нервовай сістэме немаўляці

Узбуджэнне пераважае над тармажэннем — завялося, а супакоіцца не можа. Або стамілася ці хоча назад да мамы ў жывот. Немаўляты не кажуць, што ў іх баліць і што ім не падабаецца. У амерыканскай літаратуры крык немаўляці называюць «фіялетавым плачам» і ніяк не звязваюць з кішачнікам. Можна максімальна рытуалізаваць побыт немаўляці, прыглушыць святло, адгарадзіцца ад шуму.

Чаму не прынцыпова, якую тэорыю вы для сябе абярэце? Таму што ў любой з іх ад вас нічога не залежыць. Ні вы, ні лекар нічога не можаце з гэтым зрабіць. Пройдзе само, не нашкодзіць дзіцяці. «Накрычаць кілу», напрыклад, дзіця не можа. Патагенез з’яўлення грыжы зусім іншы, наступным разам раскажу.

Адзіная даказаная паталогія, звязаная з колікамі ў немаўлятаў сіндром дзіцячага страсення: калі ў стомленай, змучанай, нявыспанай мамы здаюць нервы і яна падтрасае немаўля. Мышцы шыі немаўлятаў слабыя, амартызацыі не адбываецца, кровазліццё ў мозг можа прывесці да інвалідызацыі і нават смерці.

Таму мамам так важна адпачываць. Калі бацькі скардзяцца на колікі, педыятр павінен сказаць: калі адчуваеце стомленасць, пакладзіце дзіця на ложак або на падлогу, выйдзіце з пакоя, выдыхніце, павольна палічыце да дзесяці, выпіце гарбаты. Крык немаўляці эвалюцыйна разлічаны на жыццё ў плямёнах паляўнічых і збіральнікаў, для кватэры ён занадта гучны. Купіце берушы. Мама павінна адпачываць, спаць, калі спіць дзіця, выходзіць з дому ва ўлюбёную кавярню або ў парк без дзіцяці, набірацца цярпення. Колікі пройдуць самі.