Таямнічы выбух на поўначы Расіі. Загінулі пяць супрацоўнікаў карпарацыі, якая будуе БелАЭС
«Росатам» дагэтуль не раскрыў падрабязнасцяў здарэння, якое адбылося 8 жніўня. Незалежныя эксперты гавораць пра выбух атамнага рэактара, піша «Свабода».
У панядзелак 12 жніўня ў расійскім
горадзе Сароў, райцэнтры Ніжагародскай вобласці, пройдзе ўрачыстае развітанне з
пяццю навукоўцамі Усерасійскага навукова-даследчага інстытуту эксперыментальнай
фізікі. Усе яны загінулі 8 жніўня.
11 жніўня кіраўніцтва інстытуту прызнала, што навукоўцы сталі ахвярамі выбуху ядзернага рэактара, які распрацоўвалі на замову карпарацыі «Росатам». Той самай, якая будуе атамную электрастанцыю ля Астраўца. «Росатам» факт выбуху ядзернага рэактара пакуль афіцыйна не прызнаў.
Што адбылося?
Паведамленні пра буйны выбух на марскім палігоне непадалёк ад узбярэжжа Белага мора ў Архангельскай вобласці Расіі з’явіліся 8 жніўня. У першыя гадзіны пасля выбуху Мінабароны Расіі распаўсюдзіла паведамленне аб траўмаванні шасці вайскоўцаў і цывільных спецыялістаў падчас выбуху рэактыўнага рухавіка. Тады ж, 8 жніўня, на афіцыйным сайце адміністрацыі Архангельскай вобласці з’явілася інфармацыя пра перавышэнне радыеактыўнага фону ў горадзе ўдвая. 9 жніўня паведамленне было выдаленае. Жыхары Архангельска пачалі масава скупляць ёд у аптэках.
У той жа дзень у ваколіцах палігона быў заўважаны спецыялізаваны танкер «Серабранка», які займаецца зборам вадкіх радыеактыўных выкідаў. Пра гэта са спасылкай на дадзеныя спадарожнікаў паведаміў амерыканскі эксперт у ядзернай зброі з інстытуту міжнародных даследаванняў Мідлберы ў Мантарэі Джэфры Льюіс. Расійскія ўлады інфармацыю пра «Серабранку» не пракаментавалі.
10 жніўня шэраг расійскіх СМІ апублікавалі першую інфармацыю пра ахвяраў. Паводле яе, у выніку нявызначанага выбуху на месцы здарэння загінулі 5 чалавек, яшчэ трое былі параненыя. У той жа дзень выданне BAZA апублікавала відэа перавозкі параненых выбухам у Белым моры ў Цэнтр ядзернай медыцыны ў Маскве.
Калону машын «хуткай дапамогі» суправаджалі аўтамабілі паліцыі. Кіроўцы «хуткіх» пры гэтым былі ў касцюмах хімічнай абароны, а самі аўтамабілі абгорнутыя поліэтыленавай плёнкай.
Цяпер акваторыю Белага мора вакол месца здарэння закрылі для суднаходства. Новых афіцыйных каментароў Мінабароны Расіі і карпарацыі «Росатам», спецыялісты якой працавалі на палігоне, пакуль не было.
Што выбухнула?
Паведамленне расійскіх вайскоўцаў пра тое, што ля Архангельску адбыўся выбух звычайнага ракетнага рухавіка, адразу сутыкнуліся з вострай крытыкай. Паводле незалежных расійскіх СМІ, прыярытэтнай з’яўляецца версія пра выбух новага ядзернага ракетнага рухавіка. Пра яго стварэнне яшчэ летам 2018 года СМІ расказаў сам Уладзімір Пуцін. Паводле неафіцыйных звестак, у рухавік для ракеты «Буревестник» уваходзіць кампактны ядзерны рэактар, які дазваляе ёй рухацца неабмежаваны час і з непрадказальнай траекторыяй. Больш падрабязнай інфармацыі аб праекце «Буревестник» няма, ён засакрэчаны.
У нядзелю 11 жніўня кіраўніцтва Усерасійскага навукова-даследчага інстытуту эксперыментальнай фізікі выступіла з заявай, у якой прызнала, што падчас выпрабаванняў у Белым моры выбухнуў ядзерны рэактар. А ў выніку выбуху загінулі пяць расійскіх навукоўцаў-атамшчыкаў. Выступ кіраўнікоў інстытуту паказалі па мясцовай тэлевізіі і надрукавалі ў мясцовай газеце. Дзяржаўныя расійскія СМІ гэтай інфармацыі пакуль не апублікавалі.
«Мы цяпер спрабуем разабрацца, працуем у цесным кантакце з дзяржаўнай камісіяй, аналізуем увесь ланцуг падзей для таго, каб і ацаніць маштаб аварыі, і зразумець яе прычыны, каб выключыць магчымасць падобных аварый у будучыні», — цытуе выданне «Фонтанка.ру» словы навуковага кіраўніка інстытуту эксперыментальнай фізікі Вячаслава Салаўёва.
Пры чым тут Беларусь?
Усерасійскі навукова-даследчы інстытут эксперыментальнай фізікі, пяцёра навукоўцаў якога загінулі падчас выпрабаванняў ракетнага рухавіка з ядзерным рэактарам, уваходзіць у склад дзяржаўнай карпарацыі «Росатам». Нягледзячы на заявы кіраўніцтва інстытуту, «Росатам» дагэтуль не прызнаў, што ў Белым моры выбухнула атамнае прыстасаванне. Ніякіх падрабязнасцяў пра здарэнне карпарацыя таксама не апублікавала.
Беларусам «Росатам» вядомы найперш тым, што з’яўляецца праектантам і асноўным падрадчыкам на будаўніцтве Астравецкай АЭС. Расійская кампанія выйграла тэндэр, абвешчаны беларускімі ўладамі. Ядзернае паліва на БелАЭС плануецца завезці да 1 кастрычніка, тэставы пуск першага рэактара станцыі запланаваны да канца года.
Пры гэтым як мінімум адзін буйны скандал з удзелам «Росатама» падчас будаўніцтва Астравецкай АЭС ужо меў месца. 10 ліпеня 2016 году падчас перамяшчэння па будаўнічай пляцоўцы рабочыя ўпусцілі корпус рэактара з вышыні некалькі мэтраў. Вядома пра гэта стала толькі дзякуючы сацыяльным сеткам і публікацыям беларускіх недзяржаўных СМІ. Афіцыйна пра інцыдэнт «Росатам» паведаміў праз два тыдні пасля здарэння. 1 жніўня 2016 году кіраўніцтва расійскай карпарацыі пагадзілася замяніць пашкоджаны корпус, калі беларускія ўлады пажадаюць гэта зрабіць.