Выбух у Архангельскай вобласці Расіі адбыўся на ўстаноўцы з радыяцыяй

У Расіі афіцыйна пацвердзілі, што выбух у Архангельскай вобласці адбыўся на ўстаноўцы з крыніцай радыяцыі. У ноч на 10 жніўня дзяржкарпарацыя "Расатам" распаўсюдзіла прэс-рэліз, паводле якога за два дні да таго на палігоне загінула пяцёра яе супрацоўнікаў, а яшчэ трое атрымалі траўмы і апёкі рознай ступені цяжкасці, піша Еўрарадыё са спасылкай на Медузу.

nch_001_34.jpg

"Расатам" пацвердіў заяву Мінабароны, што аварыя здарылася пад час выпрабавання вадкаснай рэактыўнай рухальнай устаноўкі. Таксама там удакладняюць, што працы вяліся на аб'екце з ізатопнымі крыніцамі сілкавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы.

Ізатопная крыніца сілкавання — генератар, які выпрацоўвае электрычнасць з цяпла, атраманага пры распадзе радыеактыўнага паліва.

Раней адміністрацыя горада Северадзвінска пасля здарэння паведамляла пра скачок узроўню радыяцыі, аднак затым мэрыя выдаліла гэтае паведамленне. Мінабароны заявіла, што радыяцыйны фон у норме. У прэс-рэлізе "Расатама" няма звестак пра змены радыяцыйнага фону ў сувязі з інцыдэнтам.

Мяркуецца, што ў Белым моры праходзілі выпрабаванні крылатай ракеты з ядзернай энергетычнай устаноўкай "Буравеснік". Прынцыпы працы рухавіка ракеты не раскрываліся, таму невядома, ці абсталяваная яна менавіта "ізатопнымі крыніцамі сілкавання на вадкаснай рухальнай устаноўцы".