Так яно не працуе!
Падобна, што, «Новы Час» для нашых сілавых органаў стаў апошнім бастыёнам барацьбы за зачыстку незалежнай прэсы ў краіне. Не паспелі мы яшчэ ачомацца ад ператрусаў, як новая пошасць — Мінінфармацыі без якіх-небудзь папярэджанняў заблакавала доступ да сайта novychas.by.
Мы трапілі ў вельмі пачэсную кампанію — разам з намі заблакавалі Deutsche Welle і «Настоящее время». Час думаць пра сябе, як пра медыя-магнатаў сусветнага маштабу.
Блакаванне «НЧ», як растлумачыў БелТА (дарэчы, а чаму мы даведваемся аб дзеяннях у дачыненні да нас з матэрыялаў іншых інфармацыйных рэсурсаў?) першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, адбылася з-за «размяшчэння на гэтых медыяпляцоўках гіперспасылак на матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі на падставе адпаведных рашэнняў суда».
Ведаеце, я нават не здзіўлены, таму што наша правапрымяняльная практыка ўжо даўно зрабіла экстрэмістамі ўсіх запар. І нават аспрэчваць такое рашэнне бессэнсоўна. Мы тысячы разоў перадрукоўвалі матэрыялы TUT.BY, калі той не быў экстрэмісцкім. Мы давалі слова дактарам з «Белых халатаў» да прызнання экстрэмістамі іх, мы згадвалі Nexta, калі ён быў цалкам дазволены, і наогул, адчуваем глыбокую павагу да ўсіх цяпер «экстрэмісцкіх» калег.
Праўда, усе гіперспасылкі былі да таго, як гэтыя пляцоўкі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Але ў нашай краіне не тое, што «часам не да законаў», а «закон, куды павернеш». Гэта азначае — мае зваротную сілу. І таму матэрыялы, напрыклад, пра суд над TUT.BY па «справе БелТА» ад 2018 года ўсё роўна можна прызнаць экстрэмісцкімі.
Вось толькі як бы растлумачыць грамадзяніну Кунцэвічу, што ў сучасным лічбавым свеце тое, што ён робіць — не працуе? Праз усяго гадзіну, як «залёг» novychas.by, запрацаваў novychas.online (у Беларусі адкрываецца праз VPN). І нават калі не працаваў сайт — тое, што мы хацелі сказаць, мы гаварылі на Facebook (ужо Meta) і Telegram.
Як растлумачыць чалавеку, які жыве ў ХХ стагоддзі, што ўжо прайшла пятая частка стагоддзя ХХІ, што свет змяніўся, і што «абмежаванне доступу да інфармацыі» папросту немагчымае? А галоўнае — што святое месца не можа быць пустым?
Яшчэ адной асноўнай падзеяй тыдня для краіны стала інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай на «Эхе Москвы». Інтэрв'ю вельмі цікавае: таму што гэта быў не медыйны, а палітычны кейс, як адзначыў аналітык Пётр Кузняцоў. Таму што Венедыктаў звяртаўся да Ціханоўскай не як да цікавага чалавека, а менавіта як да лідара беларускіх дэмакратычных сіл. І менавіта ў гэтым статусе ён высвятляў, у першую чаргу, як Ціханоўская (а значыць, і яе каманда, і прыхільнікі пераменаў у цэлым) бачаць будучыя адносіны Беларусі з Расіяй і варыянты ўрэгулявання палітычнага крызісу ў Сінявокай.
То-бок, Венядзіктаў размаўляў з Ціханоўскай як з сапраўдным, дзейсным палітыкам, які мае ўплыў на разгортванне падзей у будучыні.
Безумоўна, мы далёкія ад таго, каб называць гэту падзею «агледзінамі» беларускай апазіцыі ў Крамлі ці рабіць далёка ідучыя высновы, што Масква нарэшце вырашыла пашукаць замену Лукашэнку сярод тых, каго падтрымлівае народ. Але тое, што Крэмль такім чынам дэманстратыўна ўказаў Лукашэнку на ягонае месца і на магчымасць дамаўляцца па Беларусі з кімсьці яшчэ — гэта настолькі празрыста і відавочна, што нават сляпы заўважыць.
І ведаеце, што самае цікавае? Прайшло тры дні пасля публікацыі тэксту інтэрв'ю з Ціханоўскай на сайце «Эха Москвы», а беларускія прапагандысты, якія раней так смела і развязана абмяркоўвалі «бункер» і «ботакс» з намёкам на Уладзіміра Пуціна, — як вады ў рот набралі. Не даюць яны адлупу «варожым» дзеянням «Эха». Маўчыць беларускі МЗС, які так любіў павучаць Захад наконт «збеглых» і не робіць заяваў у стылі «недружалюбнага кроку» з боку Расіі.
Пытанне: з чаго б?
А ўсё таму, што знішчаючы айчыннае медыйнае поле, ты застаешся не толькі на ўласнай выпаленай зямлі, але і рэзка звужаеш поле манеўраў для адказу на «варожыя выпады». І твой умоўны «вораг» можа рабіць з табою ўсё, што заўгодна, таму што ў інфармацыйнай прасторы валадарыць ён. Проста няма каналаў камунікацыі, праз якія можна было б аспрэчыць, напрыклад, пастаноўку пытанняў Венядзіктавым, ці хаця б запытацца, што ён меў на ўвазе, калі казаў, што мае спадзяванні сустрэцца з Ціханоўскай альбо ў Маскве, альбо ў Мінску.
Проста такіх пытанняў няма каму задаць.
А няма каму іх задаць, таму што медыйнае поле знаходзіцца ў стане выпаленай зямлі.
І падобныя сітуацыі будуць паўтарацца зноў і зноў. Таму што неаднаразова ж папярэджвалі — калі знішчаць сваю медыйную прастору, на яе месца прыйдуць іншыя людзі, з іншай павесткай дня, з іншымі мэтамі. І не заўсёды гэтыя мэты будуць супадаць з тваімі. Да таго ж, ад знішчэння беларускай інфармпасторы не дадасца гледачоў і чытачоў у афіцыйных СМІ. Гледачы і чытачы пяройдуць на расійскія платформы і падпадуць пад уплыў расійскіх СМІ, якіх і так забагата ў Беларусі.
А там і да сітуацыі з серыялам «Хросны бацька» недалёка.
Менавіта таму Лукашэнка быў вымушаны падняць «лапкі дагары» і праглынуць тое інтэрв'ю з Ціханоўскай. І ва ўласцівай яму манеры заявіць, што нейкія «СМІ» спрабуюць убіць клін паміж ім і Пуціным. Хаця, калі паглядзець на тыя СМІ, якія ўбіваюць клін — яны вельмі канкрэтныя. Адны блізкія да Крамля, іншыя — да Адміністрацыі беларускага кіраўніка. І атрымліваецца, як па фразе: «Бураціна, ты сам сабе вораг». Не скажаш жа, што на Пуціна «наехаў» дэструктыўны «Новы Час», праўда? Усе ж ведаюць, што такое СТВ...
Тут ужо няма на каго зваліць адказнасць, і беларускаму правадыру давялося ўцерціся (услед за прапагандыстамі), калі Пуцін вырашыў правесці Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы ў фармаце відэаканферэнцыі.
І гэта вялікая пстрычка па носе. Не толькі таму, што беларускія прапагандысты намёкамі на «бункер» і «ботакс» спрабавалі выцягнуць Пуціна на пасяджэнне ВДС жыўцом, а ў іх не атрымалася. Але і таму што фармальна старшынёй Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў дадзены момант з'яўляецца не Пуцін. Прынамсі, менавіта як старшыня ВДС Лукашэнка віншаваў усіх з днём яднання народаў 2 красавіка.
Калі фармат правядзення ВДС вызначае не старшыня ВДС, як гэта называецца?
Цяжка выйграць медыйную вайну, калі ў тваёй краіне медыя засталося на тры дні, праўда?
Распаўсюд інфармацыі забаронамі і блакаваннямі спыніць немагчыма. А вось выкапаць сабе медыйную яму — калі ласка.