Трэшачок тыдня. Лукашэнка адпявае долар, дзівосы ад беларускага «правасуддзя»

Жыць пасярод татальнага абсурду — такое сабе задавальненне. Але, так бы мовіць, гэта не беларусы выбіраюць сюр — сюр выбірае беларусаў. Застаецца толькі фіксаваць асабліва зіхоткія перліны лукашэнкаўскага кафкіянства. Сёння — чарговы дайджэст у межах нядзельнай рубрыкі.

moshed_2022_12_10_22_31_6.jpg

Лукашэнка заявіў, што долар — усё

На гэтым тыдні Лукашэнка наведаў Бішкек, дзе ўдзельнічаў у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Усё б нічога, бо проста дзяжурнае мерапрыемства, ад якога звычайнаму беларусу ні холадна ні горача. Аднак у сённяшняга быцця так званага кіраўніка дзяржавы ёсць характэрная адметнасць — ён шмат гаворыць. Паўсюль, дзе толькі бачыць мікрафоны. І нясе ён цяпер усё больш адборную дзічыну.
У сталіцы Кыргызстана зноў так было, але прыводзіць усе сентэнцыі Лукашэнкі не варта — трэба ж і пачуцці чытачоў часам берагчы. Таму згадаем толькі адну светлую думку выступоўцы. Тую, дзе ён паклікаў пахавальны аркестр да амерыканскага долара.
«Ужо ўсім зразумела: эпоха дамінавання долара завяршаецца. Будучыня за гандлёвымі блокамі, разлікі ў якіх будуць праводзіцца ў нацыянальных валютах. Беларусь і Расія ўжо сышлі ў асноўных разліках ад долара. Важна, каб і іншыя партнёры актыўна падключыліся да гэтага працэсу», — сказаў Лукашэнка.
Ага, зараз тыя «іншыя партнёры» паслухаюць слыннага эканаміста і таксама адмовяцца ад «зялёных». Яшчэ чаго. Але ж прыкметнасць гэтага лукашэнкаўскага выказвання ў іншым. Не ў тым нават, што долар ён і ягоныя браты па розуму хаваюць ужо шмат гадоў і дзесяцігоддзяў. У межах вядомай геапалітычнай стратэгіі, сфармуляванай яшчэ няхітрым Данілам Багровым: кірдык хутка вашай Амерыцы. Не ў тым прыкметнасць, што і падначаленыя Лукашэнкі адпяваюць долар дружным хорам нібыта ў клірасе. Адзін прэм’ер Галоўчанка чаго варты — любіць часам паразважаць пра дэдаларызацыю і ўсё такое. Праўда, дагэтуль, калі хваліцца віртуальнымі дасягненнямі беларускай эканомікі, то лічбамі аперыруе выключна ў доларах, якім заўтра хана.
Галоўнае не ў Галоўчанку, вядома. А ў тым, што яго непасрэдны кіраўнік амаль за трыццаць гадоў сваёй абсалютнай улады так і не стварыў для Беларусі нармальную нацыянальную валюту. Беларусы памятаюць жахі ўсіх дэвальвацый-дэнамінацый. І рэзкіх, калі аднакроць пазбаўляліся значнай часткі сваіх рэальных даходаў. І паўзучых, калі рубель абясцэньваўся пакрысе, але няспынна. Беларусы ведаюць, што захоўваць грошы можна і ў банку, і ў панчосе, але толькі не ў рублях. Беларусы памятаюць, што ехаць за мяжу з рублямі ў кішэні — гэта тое ж самае, што і з рэзанай газетай. Бо канвертаваць гэтую паперу ў Еўропе ці недзе яшчэ надзвычай складана. Не бачаць у беларускіх рублях годнага тавару замежныя банкі.
Аднак, паводле Лукашэнкі, капец будзе менавіта долару, а «зайчык» — жывейшы за ўсё жывое, і яго роля ў сусветнай эканоміцы будзе толькі ўзрастаць. А ўсе тыя дэнамінацыі, канечне ж, прыдумалі ворагі, якія намагаюцца знішчыць маладую беларускую дзяржаву з моцным лідарам на чале.

Рэжым ледзьве не вырашыў судзіць бацьку Аляксандры Герасімені

2__6__9.jpg


Увогуле мы, канечне, ведаем, што Беларуссю кіруюць учорашнія троечнікі. Што ім не да законаў, не да маралі і справядлівасці, што ў іх катэхізісах запісана эпічнае: быў бы чалавек, артыкул знойдзецца. Але нават пасярод гэтага змроку часам здараюцца эксцэсы, і знізу пачынаюць грукаць.
Днямі пагрукаліся ў дно Мінскага гарадскога суда. Ягоныя клеркі не ад вялікага розуму запісалі ў лік абвінавачаных па крымінальнай справе Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Віктара Герасіменю. Бацьку слыннай беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасімені, якая ў 2020 годзе ўзначаліла рух спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту, праз што на яе справу і завялі.
Аляксандра зараз за мяжой. Як і яе сусед па віртуальнай лаве падсудных — былы гандбольны менеджар Аляксандр Апейкін. Лукашэнкаўскае правасуддзе цяпер хоча забраць усю іх маёмасць, таму і бярэцца судзіць спартоўцаў завочна. Абвінавачанняў сабралі цэлы воз, таму і тэрміны выпішуць ого-го. Зрэшты, як жартуюць у такіх выпадках шматлікія фігуранты «спецвытворчасці», хай яны мяне завочна хоць расстраляюць.
Але вось бачыце: нават тут сістэма ўмудрылася заблукаць у трох соснах. Яшчэ пару дзён таму ў раскладзе пасяджэнняў Мінгарсуда было пазначана, што 19 снежня на працэс у якасці падсудных разам з Апейкіным запрашаецца Віктар Герасіменя. Медыя, у тым ліку прапагандысты, гэта заўважылі, і на некалькі гадзін тэма «Будуць судзіць бацьку плыўчыхі Герасімені» стала мэйнстрымам.
Відаць, у пэўны час інфармацыйная хваля дакацілася і да невядомых недарэк з мінскага суда, што не ўмеюць адрозніць дачку ад бацькі. Памылку яны цішком выправілі. Хваля супакоілася. Усё ж цяпер усё «правільна»: «злачынца» Аляксандра, а не Віктар, просьба грамадства не хвалявацца. Засталося хіба што пытанне: можа, тых, хто судзіць, варта саміх асудзіць? Хаця б да нейкіх курсаў павышэння кваліфікацыі, ці што.

Беларуска хацела ўдзельнічаць у завочным судзе анлайн, але гэта «не паложана»

3_526.webp


І ў працяг тэмы завочных судзілішчаў. Адна з фігурантак адной з крымінальных спраў — былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі» Вольга Высоцкая — вырашыла паўдзельнічаць у судзе дыстанцыйна, з-за мяжы. Ну а што, у тэхналагічную эпоху жывём. Чаму б і не? Суду ж будзе цікава выслухаць паказанні абвінавачанай.
Думаючы ў гэтым кірунку, дзяўчына звязалася з суддзёй Наталляй Бугук, якая будзе весці «спецвытворчасць». І што ж пачула ў адказ? Ну, канечне: «Падстаў для правядзення вашага допыту з выкарыстаннем сістэм відэа-канферэнц-сувязі не ўгледжваецца», паведаміла Бугук, спаслаўшыся на нейкі там крымінальна-працэсуальны артыкул.
Упартая Вольга тады вырашыла хаця б пагутарыць са сваім адвакатам, якога ёй прызначыла клапатлівая дзяржава. Аднак і з ім, спагадлівым Аляксандрам Ціханюком, размовы не атрымалася. Той спачатку паскардзіўся, што не можа сваю падабаронную «нейкім чынам ідэнтыфікаваць». А калі тая прапанавала паразмаўляць па відэа і паказаць пашпарт, то папрасіў патэлефанаваць пазней і болей на сувязь не выйшаў.Раней, нагадаем, гатоўнасць удзельнічаць у завочным судзе і даць усе неабходныя паказанні-тлумачэнні выказваў Павел Латушка. З тым жа нулявым поспехам.
Суд, якому не патрэбны паказанні падсудных… Прынамсі, калі падсудныя знаходзяцца ў бяспецы… Калі яны не прыкаваныя да батарэі, як тыя ж вязні Акрэсціна, якіх па скайпе судзяць оптам і ўраздроб… Гэта, вядома, дзівоснае ноу-хау беларускага «правасуддзя» перыяду позняга лукашызму. Ці ведаюць гэтыя суддзі ды дзяржаўныя адвакаты, што твораць? Ды, безумоўна, ведаюць. Пра што аднойчы і распавядуць у іншым судзе.
Вочна, альбо завочна, калі паспеюць збегчы падалей ад месцаў сваёй баявой славы.