У «Аднакласніках» расказалі, навошта пераклалі сацыяльную сетку на беларускую мову

Прадстаўнікі сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» распавялі «Радыё Свабода», чаму вырашылі перакласці інтэрфейс на беларускую мову і як гэта ўплывае на беларускіх карыстальнікаў.



©Shutterstock

©Shutterstock


Напрыканцы сакавіка сацыяльная сетка «Аднакласнікі» прэзентавала інтэрфейс на беларускай мове. Хаця б раз на месяц гэтай сацыяльнай сеткай карыстаецца 2,7 мільёна беларусаў.

«Свабода» распытала дырэктара па развіцці і стратэгічным партнёрстве сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» Аляксандра Валодзіна і дырэктара прэс-службы Сяргея Тамілава пра беларускіх карыстальнікаў.

 

 «Беларуская — першая мова, якой нам не хапала»

— Чаму інтэрфейс на беларускай мове ў «ОК» запусцілі толькі цяпер?

Аляксандр Валодзін: Гэта важны напрамак для любой сацыяльнай сеткі, але, з іншага боку, — гэта працаёмкая рэч. Некаторы час таму мы гэты працэс вырашылі глабальна не праводзіць, а паставіць на паўзу. Цяпер мы да гэтага вярнуліся. Беларуская — першая мова, якой нам не хапала.

Перакладам займалася камерцыйнае агенцтва.

— Колькі людзей цяпер выкарыстоўваюць мову ў інтэрфейсе?

А.В.: Беларускамоўны інтэрфейс спрыяе выкарыстанню мовы. Мы пакуль не можам рабіць высновы, як гэта паўплывала. Каб падвесці вынікі, трэба ацэньваць праз паўгода. Але мы бачым цікавасць да гэтага. Хутчэй, такая цікаўнасць звязаная з элементам навізны.

— Ці ўсё добра з прэмадэрацыяй, калі размяшчаць рэкламу па-беларуску?

А.В.: Уся рэклама ў нас выстаўляецца праз сэрвіс MyTarget. Гэта можа заняць крыху больш часу, але праблемы з гэтым няма.

 

«Алгарытм паказвае беларускі кантэнт таму, каму гэта цікава»

— Кантэнт на беларускай мове ў пабліках — як ён уплывае на карыстальнікаў?

А.В.: Мы зацікаўленыя, каб кантэнт быў на розных мовах, бо гэта добра, гэта разнастайнасць. Колькасць кантэнту на беларускай мове будзе расці, мы прыкладзем для гэтага намаганні.

Сяргей Тамілаў: У нас працуе разумны алгарытм, які дзейнічае з дапамогай нейрасетак і штучнага інтэлекту. Ён падбірае той кантэнт для карыстальнікаў, які адпавядае іхнім інтарэсам. Гэта залежыць ад сацыяльнага статусу, ад іншых цікавасцяў, ад таго, як сябры асобнага карыстальніка рэагавалі на той ці іншы кантэнт.

Алгарытм падбірае карыстальнікам, якім цікавы беларускамоўны кантэнт, менавіта яго. Пасля гэта разыходзіцца як снежны ком дзякуючы «класам», рэпостам. Тым, каму больш цікавы рускамоўны кантэнт, алгарытм выдае яго.

— Сёння аўдыторыя «ОК» маладзее ці старэе ў Беларусі?

А.В.: Аўдыторыя маладзее, у тым ліку. Ёсць шмат актыўнасцяў: спорт, кіберспорт, праца з блогерамі, што заваблівае да нас маладую аўдыторыю.

 

«Беларуская аўдыторыя пазбягае палітычных паблікаў»

— Які кантэнт больш папулярны ў Беларусі?

А.В.: На ўсёй постсавецкай прасторы найбольш папулярны кантэнт — гэта гумар. На другім месцы — здаровы лад жыцця і падарожжы. У Беларусі папулярныя тэмы нічым не адрозніваюцца ад іншых краін. Адзінае, што меншы попыт на кантэнт з палітычных паблікаў.

— А наколькі актыўныя дзяржаўныя органы Беларусі ў «ОК»?

А.В.: Цяпер сацыяльныя сеткі ў авангардзе працэсу па выбудоўванні камунікацыі. У тым ліку гэта тычыцца дзяржаўных структур. Агулам, беларускія ўлады не на перадавой у гэтым напрамку.

Нават калі казаць пра суседнія краіны. Напрыклад, у Малдове раз на тры месяцы прэзідэнт выходзіць у эфір са сваёй асабістай старонкі і адказвае на пытанні карыстальнікаў. У Расіі ёсць гарады, дзе ўлады выкарыстоўваюць сацсеткі, каб размаўляць з жыхарамі.

 

Дзяржорганы Беларусі пакуль не асабліва працуюць у гэтым кірунку.

— Ці былі выпадкі, калі праваахоўныя органы Беларусі звярталіся з запытам заблакаваць нейкую групу ці выдаць звесткі пра ўладальніка?

А.В.: Гэта два розныя напрамкі, і іх не варта абагульняць. Цяпер сацыяльныя сеткі часта выкарыстоўваюць для махлярства. Бываюць запыты ад праваахоўных органаў на блакаванне, а бываюць рашэнні суду, згодна з якімі групу трэба заблакаваць.

Па Беларусі, у асноўным, гэта запыты, звязаныя з махлярствам — іх мала, у сярэднім два на год, але дакладнымі падлікамі мы не займаемся.

 

«У „ОК“ у Беларусі папулярныя недзяржаўныя СМІ»

— Ёсць меркаванне, што ў «ОК» у асноўным дзеляцца рэцэптамі ды месяцавым календаром для пасадкі на лецішчах. Ці праўда гэта?

А.В.: Калі людзі заходзяць у сацсетку і бачаць там кантэнт, то думаюць, што гэта ўвесь кантэнт. Але гэта не ўсё. Калі не бачыш нейкага кантэнту, гэта не значыць, што яго няма.

С.Т.: Ёсць важны момант па кантэнце, які адрознівае Беларусь ад іншых краін. У спісе самых папулярных СМІ — беларускія лакальныя медыя: пачынаючы ад Tut.by, сканчаючы «Белсатам». Лакальныя крыніцы інфармацыі найбольш папулярныя, недзе гэта рэгіянальныя навіны. У топе груп СМІ — таксама і Радыё Свабода.

— Калі ў людзей ёсць свае праекты і прапановы, то куды яны могуць звярнуцца з імі?

А.В.: Ёсць форма камунікацыі праз службу падтрымкі, а таксама ёсць наш блог. Можна знайсці нейкага чалавека, які курыруе нейкі напрамак, і напісаць яму на пошту.

— Ці плануецца падтрымка нейкіх праектаў у Беларусі?

А.В.: Гэта вельмі цікавая тэма, але праектаў шмат, а нас — не. Калі будуць цікавыя прапановы, мы заўжды гатовыя прыдумляць нейкія формы інтэграцыі. Магчыма, мы самі будзем аддаваць больш часу, каб знаходзіць нейкія праекты.

www.svaboda.org