У Астраўцы колькасць жыхароў падвоіцца: шматкватэрныя дамы пабудаваны для спецыялістаў з Расіі
Астравец ад літоўскіх гарадоў падобнай велічыні адрозніваецца толькі помнікам Леніну ў цэнтры і дошкай гонару, і тым, што на ўскраіне будуюць новыя кварталы шматкватэрных дамоў. У іх паселяцца спецыялісты атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца непадалёк, піша delfi.lt.
Нават праблемы падобныя. «Цэны растуць, а пенсіі і зарплаты — не», — адказаў на пытанне «Як жыццё?» адзін з гараджан.
Мужчына праехаў у Астравец з Украіны. Ён заўважыў: «У Кіеве тое ж самае, толькі тут прэзідэнт не мяняецца, а ў нас мяняецца».
Мясцовыя СМІ называюць Астравец «горадам будучыні». Сюды за апошнія некалькі гадоў з'ехаліся тысячы людзей. Гэта звязана з будаўніцтвам АЭС.
Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў АЭС Эдуард Свірыд сказаў DELFI, што цяпер у Астраўцы прыкладна 12 500 жыхароў.
«Плануецца, што гэтая колькасць падвоіцца да 25 000», — сказаў ён.
Ходзяць чуткі, што ў ліку будучых работнікаў ёсць і работнікі Ігналінскай АЭС, якая зачыняецца.
Мясцовы жыхар, з якім размаўляў журналіст DELFI, сказаў, што будаўнічыя працы (бетанаванне) на АЭС ужо амаль завершаны, таму ўкраінцы патроху раз'язджаюцца. Аднак на іх месца прыязджаюць спецыялісты па атамнай энергетыцы з Расіі.
На паўднёвым усходзе Астраўца за апошнія некалькі гадоў з'явіліся некалькі кварталаў шматкватэрных дамоў. У гэтых сямі- і пяціпавярховіках будуць жыць і ўжо жывуць работнікі станцыі. Там ужо адкрыта новая школа і дзіцячы сад.
У Астраўцы ёсць некалькі гасцініц. Sun Hotel, у якім спыніліся журналісты DELFI, упрыгожаны партрэтамі барадатых мужчын і плюшавымі цацкамі. У іншым гатэлі, па словах яго работніцы, часцей за ўсё спыняецца кіраўніцтва станцыі.
«У нас заўсёды занята, жывуць беларусы, расіяне», — сказала яна.