У Беларусі хочуць стварыць уласную аперацыйную сістэму. Але навошта?

Мінсувязі Беларусі заявіла пра планы стварэння айчыннай аперацыйнай сістэмы, браўзеру і офіснага пакету. Згодна са словамі міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана ў часе семінара па развіцці «разумных гарадоў», такое ўказанне даў Саўмін.

42d6343df8e30de6ef81939159a8589c.jpg

Міністр пракаментаваў рашэнні Савета па праектах у сферы лічбавага развіцця аб зацверджаных напрамках для рэалізацыі пілотных праектаў у сферы лічбавага развіцця.

«У бягучых умовах зацверджаныя напрамкі — стварэнне айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і веб-браўзера — выступаюць важнай задачай для забеспячэння стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацый і якаснага жыцця для нашых грамадзян. Безумоўна, гэта няпростая задача. У нас распрацаваны план дзеянняў па стварэнні “лічбавага суверэнітэту”, да якога мы ідзём. Пілотныя праекты — гэта форма супрацоўніцтва з айчыннымі ІТ-распрацоўшчыкамі, якія з'яўляюцца як пастаўшчыкамі, так і карыстальнікамі заяўленых у якасці ключавых лічбавых рашэнняў. Наяўнасць уласнага сістэмнага праграмнага забеспячэння дазваляе быць незалежнымі ад імпартных рашэнняў і ўпэўненымі ў магчымасці яго самастойнага развіцця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — прыводзіць яго словы прэс-служба ведамства, якую цытуе reform.news.

Шульган адзначыў, што зацверджаны пералік напрамкаў для рэалізацыі пілотных праектаў не з'яўляецца канчатковым. Паводле яго слоў, у хуткім часе на падставе рашэння Савета будуць аб'яўлены новыя напрамкі для практычнага ўкаранення па спрошчаных правілах прыкладных лічбавых рашэнняў у галінах эканомікі, створаных айчыннымі распрацоўшчыкамі.

Варта адзначыць, што пасля першага нападу на Украіну ў 2014 годзе і тадышніх санкцыяў Расія таксама задумалася пра стварэнне сваёй аперацыйнай сістэмы, і нават нібыта распрацавала некалькі з іх. Аднак насамрэч усе «расійскія» аперацыйныя сістэмы былі варыяцыямі на тэму замежнага праграмнага забеспячэння з адкрытым кодам — Linux.

«Расійскія АС на самай справе з'яўляюцца перапрацаванымі для канкрэтных задач зборкамі Linux. Свае задачы па эканоміі дзяржбюджэту і забеспячэнню захаванасці даных яны выконваюць. Градус патрыятызму павышаюць. Сісадмінам і распрацоўнікам праграмнага забеспячэння працоўныя месцы даюць. Гэта значыць, усё выдатна», — піша выданне hi-tech.mail.ru.

Пры гэтым нават з афіцыйным сыходам з Расіі Microsoft у 2022 годзе пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну доля расійскіх аперацыйных сістэм на рынку РФ не перавышае 1,6%, то-бок, не выходзіць за межы статыстычнай хібнасці апытанняў. 89,1% апытаных аўстрыйскай лабараторыяй AV-Comparatives расійскіх карыстальнікаў адказалі, што карыстаюцца Windows 10 і 11, 3,8% — MacOS, 3,1% — Linux, а 2,4% дагэтуль сядзяць на Windows 7.

Імаверна, Саўмін Беларусі і нашае Міністэрства сувязі і інфарматызацыі вырашыла наступіць на расійскія «граблі».