На «беларускага забойцу» MS Office рынкавага запыту няма?
У Беларусі хочуць стварыць уласную аперацыйную сістэму, веб-браузер, а таксама комплекс офісных праграм. Анатоль Котаў разважае, як у Беларусі мацуюць «лічбавы суверэнітэт» і што з гэтага, імаверна, атрымаецца. Таму што паставіць задачу нешта распрацаваць, каб «асвоіць» грошы, можна. Але практычнага прымянення гэта мець не будзе.

Насамрэч падобная спроба стварыць уласную аперацыйную сістэму ўжо была амаль 20 год таму, калі праектам мусіла займацца цэлая Акадэмія навук — але відавочна нешта пайшло не так, і з 2005 года прарываў у гэтай сферы нешта не чуваць.
Пра тое, ці ёсць сёння каму гэтым праектам займацца, ці хопіць на яго грошай і, галоўнае, які ў гэтым сэнс, Филин пагутарыў з палітолагам, былым віцэ-старшынёй недзяржаўнай Асацыяцыі развіцця рынку інфармацыйнай бяспекі Анатолем Котавым.
— На першы погляд, заявы пра ўласную аперацыйную сістэму для Беларусі выглядаюць ці то як дзіч, ці то як анонс маштабнага «распілу» грошай. Ці ёсць у гэтых ідэях рацыянальнае зерне?
— Гэтую ініцыятыву трэба падзяліць на дзве часткі, — зазначае Анатоль Котаў, — бо ёсць, так бы мовіць, агульнае выкарыстанне аперацыйных сістэмаў і нейкіх дадаткаў, а ёсць выкарыстанне ў спецыфічных мэтах — скажам, для вайскоўцаў, паліцыі, спецслужбаў і г.д.
Калі мы кажам пра агульнае ўжыванне — больш распаўсюджанае, больш папулярнае, больш ёмістае, — то мэтазгоднасць распрацоўкі ўласнай АС ці чагосьці такога ж кшталту дыктуецца рынкам.
У межах малой краіны, якой з’яўляецца Беларусь, дзе 5,5–6, ці нават 7 мільёнаў карыстальнікаў (і тое, напэўна, з усімі дзецьмі, якія маюць магчымасць працаваць ці са стацыянарным кампутарам, ці са смартфонам), гэта не мае аніякага сэнсу. Хіба, сапраўды, можна казаць пра «распіл» бюджэту, ці продаж таго, чаго няма ў рэчаіснасці.
Глядзіце таксама

(Заўважым, што паводле падлікаў Белстата, колькасці карыстальнікаў інтэрнету ў Беларусі за 2023 год амаль удвая большая — 11,9 млн фізічных асоб, але тут гаворка пра колькасць заключаных дамоваў, таму і атрымліваецца парадаксальная лічба, калі колькасць абанентаў інтэрнет-правайдараў большая за колькасць насельніцтва краіны. — Рэд.).
Анатоль Котаў дадае, што ў пагоні за лічбавым імпартазамяшчэннем магчыма, як назіралася не раз, прыладжванне новага «фасаду» да ўжо існуючых напрацовак. Такіх кастомных напрацовак і вітрын на базе Linux розных мадыфікацый у інтэрнэце хапае, і гэта можна зрабіць адносна танна, але выдаць за дарагую, складаную і ўнікальную працу.
Праўда, пытанне, ці будзе такая кастомная зборка канкурэнтнай на рынку, бо многія каманды, якія працуюць у сферы шмат год, робяць тое ж самае абсалютна бясплатна.
— Падаецца, прыкладна па такім шляху пайшлі ў Расіі, — зазначае эксперт, прыводзячы прыклад з «першай расійскай» мабільнай АС «Аўрора». Дзяржкарпарацыя набыла чужую распрацоўку, да праектаў з адкрытым зыходным кодам выканаўцы далучылі шэраг закрытых кампанентаў і прадставілі гэта як першую айчынную аперацыйную сістэму.
Глядзіце таксама

— Але гэты прадукт наўрад ці будзе карыстацца попытам, — мяркуе Анатоль Котаў, — таму што на рынку праграмнага абсталявання (ПА) з адкрытым кодам таксама ёсць канкурэнцыя. Тое самае з браўзерам: калі мы кажам пра грамадзянскае выкарыстанне, гэта не ўяўляецца мэтазгодным, прынамсі каб не «распіліць» грошы, а зарабіць іх.
Калі ж гаворка пра другую частку — для закрытага і абмежаванага ўжывання, — то амаль у кожнай краіне існуюць пэўныя распрацоўкі для сваіх вайскоўцаў і спецслужб, каб тыя не карысталіся праграмамі і дадаткамі, што патэнцыйна могуць з’яўляцца небяспечнымі.
Аднак, на думку эксперта, падобныя рэчы і без таго ўжо існуюць і не маюць патрэбы ў шырокай рэкламе. У адрозненне ад даволі адкрытай навуковай сеткі BASNet, якая была створана для беларускай Акадэміі навук і ахоплівае таксама бібліятэчную сістэму, такія рэчы замкнёныя ў межах канкрэтных сістэм — таго ж Мінабароны, МУС і іншых ведамстваў.
На распрацоўцы такога ПА, дарэчы, нядрэнна зарабляе дзяржаўнае прадпрыемства «Агат Sistems», якое якраз стварае (ці робіць выгляд, што стварае) сістэмы для, скажам так, не адкрытых карыстальнікаў.
Аднак у межах усёй краіны — з гэтага можна смяяцца і кпіць. Такія рэчы можа сабе дазволіць, прыкладам, Паўночная Карэя, бо яна адрэзаная ад знешняга свету. У нейкай ступені такім шляхам «суверэнізацыі інтэрнету» пайшоў Кітай — але там і рынак больш за 1 мільярд карыстальнікаў, гэта мае сэнс.
Глядзіце таксама

— Акурат аб тым падумалася, што трэба быць Кітаем, у сэнсе маштабу тэхналагічных і фінансавых магчымасцяў, каб дазволіць сабе падобнае.
— Самае галоўнае, што гэта мусіць быць мэтазгодным, каб не выкідваць грошы на немаведама што. Дый то, Кітай не адключаецца ад сусветнага павуціння на 100%.
Можна пайсці і расійскім шляхам, проста атрымаць грошы з бюджэту і «папіліць». Аднак пры бліжэйшым разглядзе высвятляецца, што ўсе гэтыя «ўнікальныя» распрацоўкі — проста падман, тое, што можна набыць на ўмоўным «Аліэкспрэсе» ці ў AppStore, гатовы дадатак, трошкі кастамізаваны і выдадзены за айчынныя распрацоўкі.
Шчыра кажучы, Расія, а ў сваю чаргу і Беларусь, ідуць шляхам традыцый Савецкага Саюза, які бязбожна і не вельмі добра капіяваў заходнія распрацоўкі і выдаваў іх на айчынным рынку за свае. Аднак гэта можна было рабіць у СССР, але ў межах адкрытай гаспадаркі ўжо немагчыма. І мы помнім, што было ў Беларусі з «айчыннымі» маніторамі Integral ці айчыннымі смартфонамі, на якіх з айчыннага была толькі налепка.
— Мо, і тут на выхадзе атрымаецца нешта кшталту ноўтбукаў «Гарызонт», якія стартавалі ў продаж з 12% айчынных камплектуючых?
— І тое я не ведаю, як гэтыя 12% налічылі — калі лічыла Цэнтральная выбарчая камісія, то можа быць.
І яшчэ варта ўлічваць, гаворачы пра айчыннае праграмнае забеспячэнне, што зараз у Беларусі з пэўных прычын ужо няма кампаній, параўнальных з Microsoft, ці суполкі распрацоўшчыкаў, параўнальных з тымі, хто працуе над новымі версіямі Linux.
Таму што няма і каму гэта рабіць. А калі зазірнуць далей, гэта ж трэба будзе ўкараняць, прызвычаіць карыстальнікаў да нейкіх прадуктаў, якімі можна карыстацца толькі ў межах адной краіны — і зноў паўстае пытанне мэтазгоднасці.
То-бок, паставіць задачу нешта распрацаваць, каб тым ці іншым чынам «асвоіць» грошы можна. Але практычнага прымянення гэта мець не будзе. Яшчэ раз паўтаруся: гэта вольны рынак. І калі кампаніі з беларускамі каранямі ствараюць сусветна вядомыя гульні, мэсанджары ці іншыя папулярныя дадаткі, то на гэта попыт ёсць.
На «беларускага забойцу» MS Office рынкавага запыту няма. Таму яго і не распрацоўваюць, — рэзюмуе Анатоль Котаў.