«Трэба спыніць сваімі рукамі знішчаць імідж краіны». Экс-генеральны сакратар НАК Беларусі Котаў распавёў, чым пагражае рашэнне МАК
Санкцыі супраць спартыўнай Беларусі могуць быць пашыраныя.
Адзін з членаў Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Анатоль Котаў, які раней займаў пасаду генеральнага сакратара НАК Беларусі, пракаментаваў рашэнне МАК аб увядзенні часовых санкцый а дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, яго сына і Дзмітрыя Баскава.
«НАУ з разуменнем ставіцца да рэакцыі Міжнароднага алімпійскага камітэта. Мы не радуемся санкцыям на міжнароднай спартыўнай арэне, як, у прынцыпе, і любым іншым. Але гэта чарговы сігнал беларускім уладам — трэба спыніць гвалт да народа і спыніць сваімі рукамі знішчаць імідж краіны», — упэўнены Анатоль Котаў.
«Сітуацыя ў беларускім спорце дэманструе, што сістэмны крызіс у Беларусі закрануў усе катэгорыі грамадства, у тым ліку і тыя, якія традыцыйна выкарыстоўваліся рэжымам у прапагандысцкіх мэтах унутры краіны і на міжнароднай арэне», — лічыць экс-генеральны сакратар НАК Беларусі.
«НАУ ўсяляк падтрымлівае намаганні грамадзянскіх ініцыятыў, уключаючы «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці», па абароне правоў пацярпелых за свае погляды спартсменаў», — распавёў Анатоль Котаў.
МАК увёў санкцыі супраць кіраўніцтва НАК Беларусі. Што гэта значыць?
1. Членам выканкама НАК Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку і Дзмітрыя Баскава, забаронена наведваць Алімпійскія Гульні і іншыя мерапрыемстваў пад эгідай МАК;
2. Прыпынена фінансаванне НАК Беларусі па лініі праграм алімпійскай салідарнасці (прыкладна 0,5-1 млн даляраў у год), за выключэннем мэтавых сродкаў на падрыхтоўку спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіо і Пекіне;
3. МАК прасочыць за тым, каб палітычныя погляды беларускіх спартоўцаў не сталі падставай для нядопуску да гульняў з боку НАК;
4. МАК прыпыняе ўсе перамовы з НАК Беларусі аб спаборніцтвах пад эгідай МАК на тэрыторыі Беларусі;
5. МАК заклікаў усе міжнародныя федэрацыі забяспечыць захаванне прынцыпу недыскрымінацыі беларускіх спартсменаў і ўстрымацца ад дзеянняў, якія наносяць шкоду рэпутацыі спорту;
6. У залежнасці ад развіцця сітуацыі санкцыі супраць НАК Беларусі могуць быць пашыраныя.