«Не абараняюць спартсменаў ад палітычнай дыскрымінацыі». Лукашэнку адхілілі ад кіраўніцтва Нацыянальным алімпійскім камітэтам
Падаспелі міжнародныя спартыўныя санкцыі ў дачыненні да беларускай улады.
Сёння адбылося паседжанне выканкама Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Сярод разгледжаных пытанняў было і «беларускае». Нагадаем, што атлеты са Свабоднага аб'яднання спартсменаў накіравалі ў МАК сведчанні рэпрэсій з боку беларускай улады па адрасе сваіх калег. З высновай, што беларускі Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) груба парушае Алімпійскую хартыю, якая забараняе любую дыскрымінацыю па палітычных, рэлігійных, сацыяльных і іншых прыкметах.
Пасля абмеркавання тэмы рэпрэсій у Беларусі, выканкам МАК прыняў рашэнне: часова адхіліць кіраўніцтва беларускага НАК ад алімпійскага руху. Кіраўнікамі у нас з'яўляюцца Аляксандр Лукашэнка (прэзідэнт НАК) і яго старэйшы сын Віктар (першы віцэ-прэзідэнт).
«МАК прыйшоў да высновы, што цяперашняе кіраўніцтва НАК Беларусі не абараняе спартоўцаў ад палітычнай дыскрымінацыі, — сказаў журналістам кіраўнік МАК Томас Бах. — З гэтай прычыны МАК прыняў наступныя часовыя меры: выключыць цяперашніх чальцоў выканкама НАК Беларусі з усіх мерапрыемстваў МАК, уключаючы Алімпійскія гульні, гэта тычыцца Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Лукашэнкі як першага віцэ-прэзідэнта, які адказвае за штодзённае кіраванне НАК Беларусі, а таксама прыпыніць усе фінансавыя выплаты НАК Беларусі, за выключэннем выплат, звязаных з падрыхтоўкай беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў у Токіё-2020 і зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне-2022».