Свая аперацыйная сістэма — гэта як «свой» ноўтбук: толькі налепку пераклеяць

Лукашэнку не даюць спакою дасягненні Кітая?

ghw_y0qgisk7kfkvkp7ybw_logo.png.webp

Улады Беларусі вырашылі стварыць уласную аперацыйную сістэму, вэб-браўзер і комплекс офісных праграм. Такія планы агучыў міністр сувязі і інфарматызацыі. Аднак незалежныя эксперты глядзяць на перспектыву іх планаў са скепсісам. На іх думку, у краіне для гэтага няма ані грошай, ані рынку, ані здольнасцей.

На семінары, прысвечаным развіццю «разумных гарадоў», міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган расказаў пра зацверджаныя напрамкі для рэалізацыі пілотных праектаў у сферы лічбавага развіцця. Паводле яго, плануецца стварэнне айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і вэб-браўзера. Чыноўнік заявіў, што гэта нібыта забяспечыць стабільнай працай усе ўцягнутыя ў эканоміку арганізацыі і якаснае жыццё для грамадзян.

«Безумоўна, гэта няпростая задача. У нас распрацаваны план дзеянняў па стварэнні "лічбавага суверэнітэту", якім мы ідзём. Пілотныя праекты — гэта форма супрацы з айчыннымі ІТ-распрацоўшчыкамі, якія з’яўляюцца як пастаўшчыкамі, так і карыстальнікамі заяўленых у якасці ключавых лічбавых рашэнняў. Наяўнасць уласнага сістэмнага праграмнага забеспячэння дае магчымасць быць незалежнымі ад імпартных рашэнняў і ўпэўненымі ў магчымасці яго самастойнага развіцця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі», — сказаў Шульган.

Аднак апытаныя «Белсатам» незалежныя эксперты сумняваюцца як у заяўленых уладамі мэтах, так і ў рэалізацыі пастаўленых імі задач.


Глядзіце таксама

Фобіі Лукашэнкі, санкцыі і кантроль

Яраслаў Кот, заснавальнік асацыяцыі распрацоўшчыкаў гульняў «BelGameDev», бачыць у імкненні да «лічбавага суверэнітэту» перадусім спробы атрымаць грошы, кантроль і падкрэсліць незалежнасць беларускага рэжыму ад іншых краін.

«Магчыма, нейкая фобія ў Лукашэнкі і яго памочнікаў ад таго, што "Microsoft" мае доступ да яго вельмі сакрэтных дакументаў», — мяркуе эксперт.

Апроч таго, «лічбавы суверэнітэт» дазволіць беларускім спецслужбам і сілавікам атрымліваць як найбольш звестак пра карыстальнікаў, заявіў Кот. Таксама ён не выключае спробы абысці розныя тэхналагічныя санкцыі, якія могуць быць накладзеныя на Беларусь.

Як патлумачыў у сваю чаргу Мікалай Кванталіяні, эксперт у лічбавай бяспецы, у Беларусі большасць дзяржпаслуг завязаныя на аперацыйную сістэму «Windows» і канкрэтны софт. І ў выпадку тэхналагічных санкцый дзяржаўныя ўстановы краіны не змогуць карыстацца абнаўленнямі, што зробіць іх больш уразлівымі для ўзлому.

Замяніць нечым іншым?

Кванталіяні адзначыў, што пакуль агулам не зразумела, што хочуць зрабіць улады Беларусі:

«Яны возьмуць бясплатны софт і прададуць сабе ж за вялікія грошы як аперацыйную сістэму? Яны скрадуць аперацыйную сістэму "Windows", бо шмат якія карыстальнікі з ёй знаёмыя, і паспрабуюць зрабіць сваю?»

На думку Кванталіяні, улады змогуць пачаць карыстацца бясплатным ліцэнзійным софтам, напрыклад, створаным на аперацыйнай сістэме «Linux», якая шмат у чым падобная да «Windows». Але іх усё адно давядзецца адаптаваць пад патрэбы карыстальнікаў, бо «карыстальнікі — не айцішнікі».


Глядзіце таксама

«Калі нешта складанейшае, чым зайшоў і запампаваў, яны наўрад ці гэта змогуць карыстацца. Напрыклад, ты хочаш уключыць камп’ютар, каб ён працаваў, ты хочаш націснуць кнопку і стэлефанавацца з кімсьці. І, адпаведна, калі ён патрабуе дадатковых высілкаў, вывучэння "Python", распакавання ў камандным радку нейкага прадукту запампавання, то для звычайнага карыстальніка гэта зʼяўляецца досыць складаным», — сказаў Кванталіяні.

Ён адзначыў, што адна з земляў у Германіі ўжо спрабавала перайсці на бясплатную аперацыйную сістэму «Linux». Але праз некалькі гадоў усё ж была вымушаная вярнуцца на аперацыйную сістэму «Windows» — «проста таму, што базава карыстальнікі не гатовыя інвеставаць больш часу, чым трэба для таго, каб рэалізоўваць свае дзеянні».

Ні рынку, ні грошай, ні кадраў

Яшчэ больш цяжкасцей узнікне ў выпадку стварэння сапраўды ўласнай аперацыйнай сістэмы. Архітэктар у галіне лічбавай эканомікі і кіравання Майк Ананьін адзначыў, што гэта «патрабуе вялікай колькасці арганізаваных кадраў, якія ўжо даўно выехалі з краіны».

«Пры нармальных умовах стварэнне такога праекту ўключае не адзін нейкі прадукт — гэта некалькі прадуктаў, якія павінны адзін з адным "камунікаваць" у вельмі зручны спосаб. Гэта складаная праца. Яна патрабуе некалькіх каманд і можа каштаваць сотні мільёнаў долараў», — сказаў Ананьін.

Апроч таго, паводле яго, на вытворчасць такіх прадуктаў спатрэбіцца вельмі шмат часу і каардынацыя, якую беларуская ІТ-галіна яшчэ ніколі не паказвала.

Кот прызнаў, што свайго «лічбавага суверэнітэту» ўжо дасягнуў Кітай, прыклад якога можа натхняць улады ў Мінску. Аднак у КНР ёсць вялікі ўнутраны рынак, на якім гэта можна арганізоўваць і тэставаць розныя праграмныя рашэнні. А ў Беларусі «менш бізнесу і людзей, чым у любым рэгіёне Кітая», — адзначыў эксперт.

На думку Ката, падобныя рашэнні ўладаў могуць прынесці страты беларускім ІТ-кампаніям і знізіць іх канкурэнтаздольнасць, бо ім давядзецца шмат чаго рабіць на адной аперацыйнай сістэме, а пасля гатовы прадукт дастасоўваць да іншых фарматаў.


Глядзіце таксама

«Гэта мае сэнс, калі ёсць унутраны рынак. Як у Кітаі. Яны могуць працаваць толькі на ўнутраны рынак і атрымліваць за гэта грошы. Але ўсё ІТ у Беларусі працуе або на Расію, або на Захад», — заявіў ён.

Калі ж уласная аперацыйная сістэма будзе стварацца разам з Расіяй, то Беларусь будзе яшчэ больш уваходзіць пад кантроль РФ, мяркуе Кот.

«Немагчыма ў Беларусі зрабіць якасны прадукт такі. Няма прафесіяналаў, няма рынку, няма ўмоваў. І калі нешта зробіцца, яно будзе неканкурэнтаздольным. Гэта толькі словы і планы, як і заўсёды ў Беларусі», — заключыў ён.

Дорага і нікому не патрэбна

На думку Кванталіяні, у выніку дзеянняў уладаў можа з’явіцца «чарговы непатрэбны прадукт, які ніхто ніколі не будзе выкарыстоўваць».

«Або будуць выкарыстоўваць на адной прыладзе, на ўсіх дзяржаўных прыладах як чароўную аперацыйную сістэму. А ў жыцці — усё што заўгодна, акрамя гэтага», — падкрэсліў ён.

Сэнс стварэння сваіх «суверэнных» прадуктаў Ананьін бачыць у адмыванні грошай:

«Такія планы ўжо рэалізоўваліся ў Расіі, і відаць, што з гэтых планаў выйшла — нічога. Папросту вялікія кампаніі засвоілі бюджэт — і ўсё. Потым зрабілі нешта з палак і… самі разумееце чаго».


Глядзіце таксама

Такі праект у Беларусі, на яго думку, дазволіць чыноўнікам і кіраўніцтву ПВТ адмыць больш грошай з бюджэту. А ў выніку могуць быць проста закупленыя расійскія і кітайскія рашэнні, якія пасля будуць выпушчаныя пад беларускім брэндам на расійскіх серверах.

Плавалі — ведаем

Улады Беларусі не ўпершыню заяўляюць пра планы стварыць уласную аперацыйную сістэму. Напрыклад, яшчэ ў 2005 годзе праект мусіла рабіць Нацыянальная акадэмія навук. Заяўлялася нават пра гатоўнасць падтрымаць праект з боку Еўрасаюза і NATO, супрацу ў ім Арменіі і Расіі. Аднак пазней дырэктар Нацыянальнага цэнтра інфармацыйных рэсурсаў НАН Міхаіл Маханёк, які анансаваў праект, замест стварэння ўласнай аперацыйнай сістэмы проста сам перайшоў у «Microsoft», альтэрнатыву якой хацеў будаваць, адзначае «Еўрарадыё».

Таксама ў Беларусі выпускалі і «свой» камп’ютар. Яго ў 2022 годзе паказаў Лукашэнка: ноўтбук нібыта ад завода «Гарызонт» вельмі нагадваў «Lenovo IdeaPad 3». Лукашэнка абяцаў, што ён будзе мець 30% беларускіх дэталей, але на той момант іх было толькі 12%. Спроба ж наклейваць налепкі беларускага «Інтэграла» на замежную ІТ-прадукцыю ўжо даўно стала мемам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.