У Беларусі з'явіўся анлайн курс па асновах птушкавання
Вывучыць 40 відаў самых распаўсюджаных птушак гарадоў Беларусі цяпер можна дзякуючы дыстанцыйнаму курсу ад грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
![course1200.jpg course1200.jpg](/img/v1/images/course1200.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дыстанцыйны курс “Птушкі горада” распрацаваны для тых, хто хоча далучыцца да бёрдвочынгу — назірання за птушкамі. Пазнаёміўшыся з асноўнымі відамі анлайн, вы зможаце заўважаць і адрозніваць іх у прыродзе.
Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: “Калі чалавек упершыню чуе пра бёрдвочынг як хобі, першая рэакцыя: "Нее, я ж не ведаю птушак!". Але бёрдвочарамі не нараджаюцца, а здольнасць заўважаць і адрозніваць розныя віды птушак прыходзіць з досведам. Прасцей за ўсё пачаць з тых, хто лётае вакол па дарозе дадому, на працу ці вучобу, — і наш курс у гэтым дапаможа, бо ён уключае птушак, якія сустракаюцца амаль у любым горадзе. Трохі тэорыі, праверка ведаў з дапамогай тэстаў і практыка ў час штодзённай прагулкі — простыя крокі насустрач птушкам! Важнае папярэджанне: будзьце асцярожныя, назіранні за птушкамі захопліваюць і зацягваюць!”
Курс бясплатны, каб яго прайсці, трэба толькі зарэгістравацца. Ён складаецца з чатырох модуляў: "Ля вады", "Ля дома", "У парку", "Зімой". Гэтыя модулі можна праходзіць у любым парадку. Калі ўсе яны пройдзеныя, адкрываецца доступ да фінальнага тэсту. Здаўшы яго паспяхова, вы атрымаеце іменны электронны сертыфікат, які можна раздрукаваць самастойна.
Дыстанцыйны курс па асновах бёрдвочынгу – частка ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якая рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!