У новым сезоне «Воўчага блога» з'явяцца новыя шэрыя героі

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ў рамках навуковых даследаванняў пазначыла на тэрыторыі заказнікаў «Стары жадэн» і «Альманскія балоты» GPS-ашыйнікамі двух ваўкоў.

vouk.by

vouk.by

АПБ ужо тры гады вывучае беларускіх ваўкоў пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія). За ходам даследавання можна сачыць у «Воўчым блогу» на сайце vouk.by, які, дарэчы, заняў нядаўна другое месца сярод самых карысных сайтаў байнэту.
У мінулым сезоне наведвальнікі «Воўчага блога» маглі паназіраць за жыццём і звычкамі пецярых драпежнікаў. Ад GPS-аброжкаў, надзетых на ваўкоў, даследчыкі атрымліваюць сігналы пра месцазнаходжанне герояў праекта і наносяць кропкі з іх каардынатамі на інтэрактыўную карту. Любы жадаючы дакрануцца да свету дзікай прыроды можа не толькі адсочваць перамяшчэння ваўкоў, але і пазнаваць самыя цікавыя і незвычайныя гісторыі з іх жыцця. Напрыклад, у мінулым сезоне некаторыя ваўкі мігравалі ў Украіну і Польшчу, стварылі там сем'і.
Каардынатар праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктар Фянчук кажа: «Мы рады магчымасці пашырыць праграму пазначаных ваўкоў у Беларусі і ўключыць у яе тэрыторыі ў Прыпяцкім Палессі — адным з найбольш дзікіх куткоў нашай краіны. Гэтыя працы важныя для разумення месца ваўка ў жыцці дзікай прыроды на Альманскіх балотах і дапамогуць выбудаваць збалансаваны падыход да аховы і кіравання гэтай унікальнай тэрыторыяй».
Сёлета плануецца «падключыць» да праекту яшчэ пецярых ваўкоў — трох з Прыпяцкага Палесся і двух з Белавежскай пушчы. Атрыманыя ў ходзе даследаванняў звесткі не толькі дапамогуць чалавеку зразумець прыроду ваўка, вывучыць звычкі і ўсвядоміць яго месца ў экасістэме дзікай прыроды, але і пазбавіцца ад стэрэатыпнага стаўлення да шэрага ляснога суседу.