У Брэсце пасля 15 сутак зноў судзілі 63-гадовую Алену Гнаўк. Яе адпусцілі з суда... і зноў затрымалі

19 кастрычніка суд Ленінскага раёна Брэста адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу 63-гадовай пенсіянеркі Алены Гнаўк — яе абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Але пасля суда яе зноў затрымалі — і павезлі ў Ленінскі РАУС.

brest_sud_gnauk_2020_3.jpg

Пратакол на Алену Пятроўну склалі за ўдзел у акцыі пратэсту 30 жніўня. Па версіі сілавікоў, яна «публічна выказвала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы, пратэставала супраць дзеючай улады, ажыццяўляла пікетаванне».
У Дом правасуддзя яе прывезлі з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС. Там яна адбывала 15 сутак арышту за ўдзел у іншым несанкцыянаваным мерапрыемстве — нядзельным маршы 4 кастрычніка. 19 кастрычніка ў яе праходзіў тэрмін зняволення, і блізкія Алены Пятроўны спадзяваліся, што ў гэты дзень яна вернецца дадому. Падтрымаць брэстаўчанку да суда таксама прыйшла калона ўдзельнікаў брэсцкага маршу пенсіянераў. Да Дому правасуддзя яны падышлі ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі.
У чаканні суда Алена Пятроўна распавядала прысутным пра ўмовы ўтрымання ў брэсцкім ІЧУ. Падрабязна яна ўсё апісала ў лісце, які ёй удалося перадаць на волю. У той час з Аленай Пятроўнай камеру дзялілі інжынер-праекціроўшчык Наталля Вайнберг, галоўбух Алена Лісковіч з дачкой Вікторыяй, айцішніца Алена Бахун і студэнтка Аляксандра Гаўрусік.

brest_sud_gnauk_2020_2.jpg


«Камера разлічана на 8 чалавек, з двума ярусамі ложкаў. Праўда, дабрацца на гэты другі паверх досыць праблематычна, бо адсутнічае неабходная ў гэтым выпадку лесвічка. Для Наталлі "другі паверх" скончыўся сур'ёзнай траўмай нагі. Акно, як правіла, закратаванае з гэтага боку камеры, з фортачкай, якая не зачыняецца. Хацелася б памыць, але гэтаму перашкаджае пафарбаваная ў цёмна-бардовы колер рашотка, дзе на заднім плане праглядаецца белы праём акенца, куды ніколі не трапляе сонца, бо сама камера пад нумарам 10 знаходзіцца ў падвальным памяшканні. Але нам яшчэ пашанцавала. Гэта адна з лепшых камер», — пісала брэстаўчанка.
Пасля гэтага ліста, прызнаецца Алена Пятроўна, яе перасялілі ў адзіночку — і яна ў знак пратэсту абвясціла галадоўку, якую трымала пяць дзён.
— Гэта падвальнае памяшканне, акно дзесьці 90 на 30 см, закратаванае. Адзіная ўцеха — гэта зоатэрарыюм: мышкі, якія бегаюць за аргшклом акна. У аргшкла прабітыя дзірачкі, каб скрозь іх паступала паветра, — распавядала да пасяджэння Алена Пятроўна.

brest_sud_gnauk_2020_1.jpg


У судзе брэстаўчанка не прызнала сябе вінаватай. Яна паведаміла, што 30 жніўня, калі ў горадзе праходзіў несанкцыянаваны марш, яна гуляла па горадзе, а затым пайшла на чыгуначны вакзал на электрычку. Па дарозе наткнулася на абгароджаную плошчу Леніна. За турнікетамі стаялі сілавікі ў ахоўнай амуніцыі. Насупраць іх, па іншы бок агароджы, — дэманстранты. Жанчына стала паміж імі на калені і прачытала малітву, каб не дапусціць гвалту. Пасля гэтага яна пайшла на вакзал. Гэты эпізод патрапіў на камеру супрацоўніка міліцыі, які вёў аператыўныя здымкі.
— Я як стары дысідэнт, як неабыякавы чалавек, як хрысціянка, не магла сабе дазволіць у гэты цяжкі для народа час быць у сябе ў агародзе, а не разам з народам. Я зрабіла ўсё магчымае, каб не было кровапраліцця, якое адбылося раней. Таму мая пазіцыя адназначная: я з народам, я за народ. Я падтрымліваю народ у яго мірных акцыях. Калі вы лічыце, што я вінаватая — што ж, судзіце, — сказала ў судзе Алена Пятроўна.
Суд выслухаў брэстаўчанку, яе абаронцу, які настойваў на тым, што віна жанчыны не даказаная, вывучыў матэрыялы — і прыняў рашэнне адправіць справу на дапрацоўку. Да гэтага часу тэрмін зняволення па папярэднім пратаколе у ​​Алены Пятроўны скончыўся і яна збіралася паехаць са сваімі дзецьмі дадому. У зале суда супрацоўнікі міліцыі папрасілі яе прайсці да службовага аўтамабілю, каб з'ездзіць у ІЧУ па асабістыя рэчы. Калі яна выйшла з імі на паркоўку, яе затрымалі «па падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння». З суда Алену Пятроўну зноў павезлі ў Ленінскі РАУС.
tut.by