У чым прычына апалітычнасці беларускай моладзі

Менш за 10% маладых беларусаў хочуць палітычных перамен у краіне, высвятліў «Левада-цэнтр». У чым тут справа, разбіраліся маладыя лідэры і грамадскія актывісты ў ходзе дыскусіі ў Мінску.

moladz.jpg

На дыскусіі ў Мінску, што прайшла ў аўторак, 4 снежня, і звалася «Як моладзь Беларусі ўяўляе сваю будучыню» яе ўдзельнікі абмеркавалі вынікі сацапытання «Левада-цэнтра», праведзенага сумесна з Фондам Барыса Нямцова пры падтрымцы МЗС ФРГ. Аўтары даследавання паспрабавалі высветліць, якой бачаць сваю будучыню маладыя (ад 18 да 35 гадоў) жыхары расійскіх, украінскіх і беларускіх гарадоў. Адна з высноваў сацыёлагаў — палітычных пераменаў хочуць менш за 10% беларускай моладзі.

«Палітыка для беларусаў — нешта абстрактнае і небяспечнае»

«Не хочацца займацца палітыкай у Беларусі. Але мы ў сваёй арганізацыі дапамагаем моладзі вырашаць праблемы і фармаваць грамадзянскую супольнасць», — так Ганна Агеева, член праўлення моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіальта», каардынатар і вядучая адукацыйных праграм, адказала на пытанне мадэратара дыскусіі Франака Вячорка, ці гатовыя вы браць на сябе адказнасць і станавіцца палітыкам у Беларусі.
Данііл Лаўрэцкі, адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Задзіночаньне беларускіх студэнтаў», мяркуе, што палітыка для беларусаў — нешта абстрактнае: «Людзей хвалюе тое, што ім блізка, і яны не задумваюцца, што іх бытавыя праблемы — следства дрэннай палітыкі, і дзяржава наўмысна робіць так, каб яны гэта і не зразумелі».
Ёсць адчуванне, што палітыка — нешта забароненае, само гэтае слова негатыўна афарбавана ў Беларусі, мяркуе паліттэхнолаг Аліна Нагорная, заснавальніца грамадскага руху «Дзея». На пытанне мадэратара дыскусіі, ці можа малады чалавек у Беларусі стаць лідэрам нацыі, як калісьці Лукашэнка, яна адказала так: «Думаю, што так, але пры іншых палітычных умовах». Пакуль жа за палітычную актыўнасць, канстатуе Аліна, можна страціць магчымасць вучыцца ў Беларусі.
Значна больш беларусаў, чым расейцаў і ўкраінцаў, паводле даследавання «Левада-цэнтра», адмоўна адказалі на пытанне, ці могуць яны ўплываць на сітуацыю ў краіне. Дзмітрый Герилович, старшыня Беларускага нацыянальнага маладзёжнага савета «Рада», у сувязі з гэтым паказвае на адсутнасць палітычнай культуры і рэальных механізмаў для пераменаў.

Настроі 20-гадовых і 30-гадовых беларусаў адрозніваюцца

Ганна Чарэднічэнка, выканаўчы дырэктар Фонду Барыса Нямцова «За свабоду», дапускае, што вынікі апытання могуць не цалкам адлюстроўваць рэальнасць, паколькі не ўсе рэспандэнты шчыра адказвалі на пытанні. Але калі верыць атрыманым дадзеным, то яны, па выразе Чарэднічэнка, сведчаць пра стомленасць, расчараванасці, няверу ў перамены.
Характэрна, што ў ходзе дыскусіі выявілася розніца ў настроях тых, каму сёння 20 гадоў, і тых, каму 35. Апошнія ўспамінаюць пра тое, што і ў канцы 90-х, калі па Беларусі пракацілася хваля масавых вулічных пратэстаў, і пазней палітыкі і актывісты былі ўпэўненыя, што перамены блізка, але яны да гэтага часу не наступілі. Між тым пакаленне 20-гадовых у ходзе абмеркавання прадэманстравала, што верыць у непазбежнасць пераменаў у агляднай будучыні, але, тым не менш, прыкметнай палітычнай актыўнасці ў рэальным жыцці яно не выяўляе.
Ганна Чарэднічэнка дапускае, што маладыя беларусы могуць адчуваць сябе больш свабоднымі, таму што — і гэта пацвярджаюць дадзеныя апытання — яны часцей, чым іх аднагодкі з Украіны і Расіі, ездзяць у Еўропу: ад Мінска две гадзіны язды да Вільні, выхадныя можна правесці ў Літве .
На думку Дзмітрыя Герыловіча, 10 адсоткаў жадаючых пераменаў маладых беларусаў — гэта не так мала. Ён упэўнены, што сацыёлагам варта было б тлумачыць рэспандэнтам у Беларусі, што палітыка — гэта не толькі барацьба палітычных партый, гэта магчымасць зрабіць грамадства больш камфортным для сябе: «У Беларусі крытычна не хапае палітычнай асветы, шмат хто проста не разумеее, што такое палітыка, і , як следства, аказваюцца ў пастцы фармулёвак пытанняў».
Дзмітрый упэўнены, што, спытай у беларусаў не пра абстрактныя палітычныя перамены, а, напрыклад, ці павінны грамадзяне кантраляваць пералік артыкулаў дзяржвыдаткаў, за перамены выказалася б значна больш 10 адсоткаў.

Формула беларускай апалітычнасці

Прысутны на дыскусіі расійскі філосаф Максім Гаруноў бачыць дзве прычыны апалітычнасці беларускай моладзі. Па-першае, поспех беларускага сілавога апарата — моладзь запалохалі: «Лукашэнка шмат інвеставаў у пакору беларусаў, да яго над гэтым папрацавала і кампартыя БССР, да яе — расійскія генерал-губернатары, а яшчэ раней — ваяводы польскія».
Па-другое, на думку Гарунова, у беларусаў няма сваёй гісторыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, супастаўнай з гісторыяй супрацьстаянняў, напрыклад, ва ўкраінскім Львове ці ў Польшчы ў часы «Салідарнасці». Як следства, няма, па выразе філосафа, інэрцыі, культу герояў супраціву.
У Беларусі і 20, і 10, і 5, і за 100 гадоў таму, канстатуе Гаруноў, з’яўлялася пакаленне, якое казала: вось-вось у нас з’явіцца свая нацыянальная дэмакратычная буржуазная грамадзянская рэспубліка. І кожны раз яны трывалі няўдачу за няўдачай. Зараз, па назіранні Максіма Гарунова, зноў з’яўляецца пакаленне, якое верыць у дэмакратычную будучыню сваёй краіны.
Паводле Deutsche Welle