У Гомлі дзве жанчыны галадаюць трынаццаты дзень

Трынаццаты дзень галадаюць у Гомлі 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка, якія пратэстуюць супраць «штучна створаных камунальных беспарадкаў» і праз «невыкананне мясцовымі ўладамі абавязанняў па ўладкаванні жыцьця жыхароў гораду».

e5480462_8ba2_48f4_b11f_ae98398d31a9_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.jpg


«Слабасць адчуваецца, горыч у роце. Дзень таму выклікала хуткую медычную дапамогу — ціск быў высокі. У Алены пэрыядычна рвота падключаецца», — распавяла Аксана Філіпенка.
Пры гэтым Аксана дадае, што 3 траўня яны з Аленай былі на прыёме ў аблвыканкаме ў памочніка прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі, пакінулі яму пісьмовыя заявы.
Філіпенка распавяла пра тое, што іх дом, дзе 90 адсоткаў кватэраў прыватызаваныя, гарадскія ўлады зрабілі інтэрнатам, што немагчыма заключыць дамовы на забеспячэнне прыватызаваных кватэраў электраэнергіяй.
Алена Грынько, якая ў прыватызаванай кватэры засталася з сям’ёю без уласнай кухні, ванны і прыбіральні, у адчаі прасіла паспрыяць, каб жыллёва-камунальныя службы размежавалі яе кватэру і падсобныя памяшканні, паколькі аддалі іх пад інтэрнат.
«Адказ на нашыя заявы ад памочніка прэзідэнта мы так і не атрымалі, хоць мінуў ужо месячны тэрмін», — дадае Аксана Філіпенка.

28991dad_4008_46ca_8957_12e70bd6b8ea_w650_r0_s.jpg


Як сцвярджаюць галадоўніцы, жыхары дома № 14 па вуліцы Урыцкага апынуліся ў небяспечным становішчы. Дом не меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыллёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнергія перыядычна знікае. Людзі асцерагаюцца пажару. Дом № 14 раней належаў чыгунцы. Прыняўшы гэты дом у гарадскую камунальную уласнасць, улады зрабілі яго інтэрнатам. Прыватызаваную кватэру Алены Грынько адміністрацыя Навабеліцкага раёну праз суд пакінула без кухні, ванны, прыбіральні і патрабуе цяпер выкупіць усё гэта за 18,7 тысячы рублёў, піша gomelspring.org.

c9d0e3b2_a867_4f15_b4d9_67127c5409a1_w650_r0_s.jpg


Жыхары дома не могуць заключыць наўпроставыя дамовы з энергетыкамі на забеспячэнне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства гэта зрабіла ад свайго імя як для інтэрнату.
На думку галадоўніц, такім чынам ажыццяўляюцца карупцыйныя схемы папаўнення даходаў камунальнікаў і ўзбагачэння за кошт жыхароў.
Алена Грынько і Аксана Філіпенка дамагаюцца сустрэчы з Аляксандарам Лукашэнкам, каб расказаць яму пра штучна створаныя камунальныя беспарадкі, невыкананне мясцовымі ўладамі абавязанняў ва ўладкаванні жыцця жыхароў гораду.