Адвакат пра стан здароўя Сянцова: усё вельмі дрэнна

Цягам тыдня прымуць рашэнне аб прымусовым кармленні асуджанага ў Расіі ўкраінскага рэжысёра. Алег Сянцоў мае намер адмовіцца ад яго і гатовы да смерці.

sencov_oleg_49ab.jpg

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Кіеве паведаміла адвакат Вольга Дзінзэ, якая прадстаўляла інтарэсы Сянцова на стадыі судовага працэсу ў Расіі.
«Што тычыцца Сянцова, наколькі я даведалася сітуацыю ад Дзмітрыя Дзінзэ, ён знаходзіцца сапраўды на мяжы, усё вельмі дрэнна, ужо ўсё вельмі дрэнна. Лекар калоніі сапраўды занепакоены і, як ён мяркуе, на гэтым тыдні, на працягу тыдня будзе вырашацца пытанне аб прымусовым яго кармленні праз кропельніцу праз нос», — заявіла яна.
Па словах Дзінзэ, лекар калоніі сказаў адвакату Сянцова, што не дасць «чалавеку памерці тут. Сянцоў да гэтага гатовы, гатовы да смерці, я маю на ўвазе, не да прымусовага кармлення, ён будзе ад яго адмаўляцца».
Дзінзэ адзначыла, што «Сянцоў выконвае тое, пра што ён казаў з самага пачатку, усе мэты ягонай галадоўкі. «Я буду галадаць да смерці», — сказаў ён».
Украінскага рэжысёра Алега Сянцова супрацоўнікі ФСБ Расіі затрымалі ў Крыме вясной 2014 года. Яго этапавалі ў Расію, дзе судзілі па сфабрыкаваным абвінавачванні ў арганізацыі тэрактаў і падпалаў офісаў партый на паўвостраве. Расійскі суд у жніўні 2015 года прысудзіў Сянцова да 20 гадоў зняволення. 14 траўня Сянцоў абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх 64 украінскіх палітвязняў Крамля.
У падтрымку Сянцова галадоўку абвесцілі многія актывісты, журналісты, зняволеныя расійскіх турмаў.
Паводле unian.net