У краіне, якой кіруюць казнакрады, у патрыётаў няма ні найменшага шанцу

Супраць Ганібала, які вырашыў змагацца з карупцыяй, настроілася ўся карфагенская алігархія. Ён здолеў перамагчы рымлян на полі бою, аднак даць рады карупцыі ў Карфагенскай Рэспубліцы не здолеў — і мусіў збегчы з краіны, — прыгадвае гісторыю аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі». І адразу звяртае ўвагу, што ўсе паралелі з сучаснасцю — выпадковыя.

Ганибал вачыма сучаснага мастака. Art by Mariusz Kozik

Ганибал вачыма сучаснага мастака. Art by Mariusz Kozik

Сёння, калі ў паштальёнаў выхадны дзень, мне нешта захацелася расказаць гісторыю пра казнакрадаў і патрыётаў.

(Усе супадзенне выпадковыя, усе паралелі выдуманыя, а любое падабенства з рэальнымі людзьмі было б для гэтых рэальных людзей неапраўдана пахвальным. З іншага боку, якія аперацыі — такія ў гэтых аперацый і ганібалы).

Ганібал Барка быў геніяльным палкаводцам, але, мяркуючы па ўсім, не самым прыемным чалавекам. Паняцці пра гуманізм і Жэнеўскую канвенцыю яму былі наогул чужыя. Але нават лютыя ворагі Ганібала не адмаўлялі, што ён быў сумленным чалавекам і сапраўдным патрыётам Карфагена, які ўсё сваё жыццё прысвяціў барацьбе супраць Рыма.

Нават параза ў Другой Пунічнай вайне не паменшыла папулярнасці Ганібала сярод карфагенян. Бо карфагеняне лічылі, што ўсім перамогам у гэтай вайне яны абавязаныя Ганібалу, а вось канчатковая параза ў ёй — выключная заслуга карфагенскага ўрада, які заграз у карупцыі. Таму неўзабаве пасля заканчэння вайны Ганібал быў абраны суфетам Карфагенскай Рэспублікі — гэта як прэзідэнт, з той толькі розніцай, што суфетаў выбіралі ўсяго на год, каб яны не паспелі прывыкнуць да ўлады.


Ганібал, калі ўзначаліў Рэспубліку, вельмі хутка выявіў, што справы ў ёй уладкаваныя не самым лепшым чынам. Нядзіўна, што карфагенскаму ўраду ўвесь час не хапала грошай на вайну, якую ён вёў супраць рымлян у Італіі. Таму што частку грошай, якія паступалі ў казну, алігархі, якія кіравалі Карфагенам, раскрадалі адразу, а частку выдаткоўвалі на тое, каб было зручней красці.

І вось Ганібал — з усёй сваёй салдацкай шчырасцю — вырашыў выправіць гэтае становішча. Перш за ўсё ён абвясціў, што людзі, адказныя за растрату дзяржаўных сродкаў, павінны кампенсаваць гэтую нястачу.

І, вядома, салідным людзям у Карфагене гэта зусім не спадабалася. Салідныя людзі не хацелі, каб нейкі там Ганібал лез у іх фінансавыя справы сваімі нямытымі салдацкімі ботамі. Салідныя людзі Карфагена прывыклі да таго, што ўлада іх была пажыццёвай, а даваць справаздачу ў сваіх справах яны, наадварот, не прывыклі. І калі хто-небудзь закранаў аднаго з іх саслоўя, то супраць такога чалавека настройваліся ўсе астатнія".

Вось так супраць Ганібала настроілася ўся карфагенская алігархія. Спачатку яго паспрабавалі абвінаваціць у здрадзе дзяржаве і ў пройгрышы вайны. Аднак пры той папулярнасці, якую Ганібал меў у народзе, хутка выявілася, што горш ад гэтых абвінавачанняў будзе толькі самім абвінаваўцам.


Аднак алігархі не адступілі. Ім было за што змагацца. У іх жа хацелі адабраць усё, што было нарабавана непасільнай працай. Яны напісалі ў Рым данос, што Ганібал рыхтуе новую вайну супраць рымлян. Таму што для салідных людзей Карфагена сумленны чалавек ва ўладзе быў, вядома, значна больш небяспечным ворагам, чым рымляне.

Рымляне некаторы час рабілі выгляд, што «няварта іх велічы распраўляцца з пераможаным праціўнікам», але потым усё ж такі адправілі ў Карфаген спецыяльную сенацкую камісію для расследавання дзейнасці Ганібала. Ганібал, калі даведаўся пра гэта, пакінуў краіну і збег да сірыйскага цара Антыёха. Ганібал быў патрыётам, а не ідыётам.

Увогуле, у краіне, якой кіруюць казнакрады, у патрыётаў, нават калі ім здаралася перамагаць рымлян пры Канах, няма ні найменшага шанцу. Як у пацука, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.