У Курапатах адбылося ўшанаванне памяці ахвяр сталінізму

Вечарам 29 чэрвеня ў лясным ўрочышчы Курапаты па ініцыятыве аргкамітэту па стварэнні Руху салідарнасці «Разам» адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяр савецкага таталітарнага рэжыму.

kurapaty_29.6.16_1_logo.jpg

Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі прынялі ўдзел каля 15 чалавек, у тым ліку тутэйшыя грамадскія актывісты і госці з Польшчы, якія наведалі беларускі нацыянальны некропаль, каб ушанаваць памяць пра грамадзян II Рэчы Паспалітай, забітых бальшавікамі ў часы сталінізму.
Тыя, хто прыйшоў у Курапаты, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра бязвінныя ахвяры, запалілі знічкі і ўсклалі кветкі да мемарыяльнага камяня “Ахвярам сталінізму” і Крыжа Пакуты, праспявалі духоўны беларускі гімн “Магутны Божа” на словы Наталлі Арсенневай і музыку Міколы Равенскага.

kurapaty_29.6.16_2_logo.jpg


Палітык Вячаслаў Сіўчык выказаў падзяку ўсім, хто сабраўся ў Курапатах — месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінізму, і ўзгадаў, што 75 гадоў таму, на самым пачатку германа-савецкай вайны супрацоўнікі НКУС расстралялі ў Беларусі тысячы палітвязняў савецкіх турмаў.
Гаворка, у тым ліку, ідзе пра масавыя забойствы калон вязняў пад Чэрвенем і ля вёскі Касута на Вілейшчыне (абодва месцы ў Мінскай вобласці), а таксама ля вёскі Мікалаева Шумілінскага раёна на Віцебшчыне, дзе пазней з ініцыятывы польскага боку (Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва Польшчы і арганізацыі Страж польскіх магіл) быў узведзенымемарыял ахвярам Беразвецкай турмы НКУС, што знаходзілася ў ваколіцах Глыбокага, сказаў спадар Сіўчык.  
Ён паведаміў, што актывісты руху нават запісалі сведчанні відавочцаў расстрэлаў вязняў Беразвецкай турмы НКУС. “Аднак нам амаль нічога невядома пра тую трагедыю, што напаткала палітвязняў турмаў НКУС у Заходняй Беларусі ў першыя дні пасля нападу нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз”, — зазначыў палітык.
 Сіўчык выказаў шкадаванне, што Беларусь з’яўляецца, мусіць, адзінай краінай ва Усходняй Еўропе, дзе грамадства да гэтай пары не ведае агульную колькасць ахвяр камуністычнага рэжыму, знішчаных за савецкім часам цягам пяці хваляў масавых палітычных рэпрэсій.