У Мінску пройдуць суды над экалагічнымі актывістамі (дапоўнена)
Суды за пікет каля мінскага цырку 17 красавіка пачнуцца сёння з раніцы ў Партызанскім судзе сталіцы. Судзіць будуць актывістаў грамадскіх ініцыятыў «Экалагічны пошуг» і «Кошт жыцця».
Судзіць будуць актывістаў грамадскіх ініцыятыў «Экалагічны
пошуг» і «Кошт жыцця». Пачнуць з вядомага па справе «графіцістаў» актывіста Вячаслава Касінерава, за ім на судовы
канвеер трапяць яшчэ сама меней 6 актывістаў, у тым ліку былы маладафронтавец,
а цяпер прыхільнік «Пошугу» Павел Сяргей з Маладзечна.
На кожнага з актывістаў паводле раскладу ў судзе выпадае ўсяго па 20 хвілін. Павел Сяргей мяркуе, што суддзі асабліва ня будуць напружвацца і за 20 хвілін справяцца з заданнем прызначыць актывістам максімальныя штрафы:
Паводле Паўла Сяргея, рух «Экалагічны пошуг» — гэта адгалінаванне ініцыятывы «Пошуг», якая абʼяднала моладзь, неабыякавую да пытанняў нацыянальнага і дэмакратычнага развіцця краіны. Актывісты «Пошугу» прытрымліваюцца досыць анархічных поглядаў, таму ў руху няма звычайнай іерархіі.
«Мы займаемся рознымі праблемамі. Як сацыяльнымі, нацыянальнымі, гэтак і экалагічнымі. Таксама мы прытрымліваемся ідэяў вегетарыянства. Гэта наша асаблівасць. Як і тое, што ў нас збольшага анархісцкія погляды. Таму ў нас няма кіраўніцтва, нейкай пэўнай структуры. То бок любы чалавек з блізкімі да нашых поглядамі можа назваць сябе актывістам „Пошугу“ і дзейнічаць у гэтым кірунку. Ідэі, прапановы любога з нас мы разглядаем і вырашаем, што з імі рабіць далей. Сярод нас няма правадыроў, тых, хто кіруе намі — гэта таксама прынцыпова».
Паводле Паўла Сяргея, на пікет каля цырку актывісты «Пошугу» выходзілі, добра ведаючы, што калі ў цэнтры гораду яны разгорнуць свае банеры ў абарону жывёл, дык гэта для іх абернецца сама меней судамі.
«Калі прыйшлі да цырку, нас ужо чакалі міліцыянты. І хоць мы былі ў масках, не сумняваліся, што вылічаць і прыцягнуць да адказнасці», — кажа іншы ўдзельнік пікету, Вячаслаў Касінераў.
Як можна ацаніць грамадзкі вынік пікету каля цырку? Паводле Вячаслава, на іхнія банеры людзі бясспрэчна звярталі ўвагу. А як ставіліся — гэта іншая рэч.
«На імпрэзу ў цырк прыйшло 200–250 чалавек, і ўсе заўважалі нашы банеры. Прыкладам, на адным з банераў было напісана, што сучасны цырк — гэта як канцлагер, як Даха́ў для жывёл.
Мы чулі, як дзеці пыталіся, што робяць гэтыя людзі, а бацькі мусілі тлумачыць. Маўляў, некаторыя лічаць, што цырк — гэта ня вельмі добра, і чаму.
Некаторыя рэагавалі адмоўна. Прыкладам, адна з жанчын, маці, падышла да нас з абурэннем, што ў іх тут свята, а мы тут стаім...
Але, ведаеце, гэта свята ў іх, а ў жывёл — не. Бо як кажуць? Хто служыў у войску, той у цырку не смяецца. І гэта цалкам адпавядае рэчаіснасці, бо дрэсіроўка жывёл, абыходжанне з імі ў цырку грунтуецца на тых жа метадах, ці нават горшых, і вельмі часта гэта занадта жорстка. То бок наша акцыя — гэта была такая тэрапія, як мы лічым», — сказаў Вячаслаў Касінераў.
Паводле актывіста, «Пошуг» ладзіць ня толькі вулічныя пратэсты, але і адукацыйныя акцыі — навучальныя семінары, прагляды фільмаў, дыскусіі. Асаблівасцю гэтых навучальных праграм сталі правы жывёл.
«Мы ўсе любім сабачак і коцікаў, але чамусьці ядзім свінак і каровак», — іранізуе Вячаслаў Касінераў.
Сам Вячаслаў далучае сябе да «вегаў» — гэта тыя, хто прынцыпова ня есць ня толькі мяса, але і яек, ня пʼе малака, а бялок спажывае толькі з расліннай ежы.
Акрамя Вячаслава Касінерава і Паўла Сяргея, за пікет каля цырку 17 траўня ў Партызанскім судзе будуць судзіць таксама Дашу Тылецкую, Яну Каралёву, Юрыя Пучылу, Максімільяна Бойчанку, Арцёма Каралёва.
Падчас пікету 17 красавіка перад цыркавым прадстаўленнем актывісты «Экалагічнага пошугу» і «Кошту жыцця» заклікалі байкатаваць цыркавое шоў з удзелам дрэсіраваных жывёл. Пікет працягваўся каля 20 хвілін. Неўзабаве да актывістаў падышоў ахоўнік цырку. На месцы таксама аказаліся і людзі ў цывільнай вопратцы з відэакамерамі.
«Пазней, у сярэдзіне траўня, супрацоўнікі міліцыі ўчынілі сапраўдную аблаву на ўдзельнікаў пікету», — паведамляе сайт «Вясны».
UPD: Макса Бойчанку асудзілі без сведак, за 20 хвілін. Штраф 20 базавых велічыняў — 4,200,000 рублёў. Такі ж штраф атрымалі Яна Каралёва і Арцём Каралёў.
Вячаслаў Касінераў аштрафаваны на 15 базавых (3,150,000 рублёў), Павал Сяргей — на 30 (6,300,000 рублёў).
Паводле Радыё Свабода