За каментар у інтэрнэце — пад суд
У судзе Мінскага раёна распачалася адміністрацыйная справа за абразу ў
інтэрнеце. Адказчыкам у гэтай гісторыі з'яўляецца прадавец Алена Максімава. А
пацярпелым ад знявагі — намеснік генеральнага дырэктара ЖКГ Мінскай вобласці
Валерый Хахлоў.
Група ў кантакце "Бараўляны. Абарона леса" змясціла яго фота падчас
сустрэчы з жыхарамі, якія пратэстуюць супраць вырубкі леса. Адзін з каментароў
на свой адрас настолькі абурыў чыноўніка, што ён звярнуўся ў міліцыю.
Праваахоўнікі "вылічылі" адрасанта паведамлення, дзе было ўказана імя
і прозвішча. І ініцыявалі справу па артыкуле 9.3 КаАП ("Знявага").
У групе абмяркоўваўся канфлікт, звязаны з пракладкай ліўневай каналізацыі праз стары лес у Бараўлянах. Жыхары Бараўлян пратэстуюць супраць гэтага і 28 красавіка блакавалі праезд лесапільнай тэхніцы. На месца канфлікту прыязджаў Валерый Хахлоў, які пераконваў жыхароў адмовіцца ад сваіх планаў.
У судовым працэсе, які распачаўся 2 чэрвеня, Алена Максімава заявіла пра
парушэнні пры складанні адміністрацыйнага пратакола. У прыватнасці, міліцыянты
не бралі ў яе на абследаванне ніякай тэхнікі, не ўказалі IP-адрас, з якога было
адпраўлена паведамленне, не рабілі запрос адміну ў кантакт, не праводзілі
лінгвістычнай экспертызы. Сам каментар даслоўна не прыведзены. Зараз ён
выдалены. Адказчыца забатрабавала адправіць справу на дапрацоўку.
Аднак суддзя Сяргей Ткачук не задаволіў гэта хадайніцтва. Як і адмовіў у тым,
каб юрыст, кіраўнік аб'яднання "Прававая дапамога насельніцтву" Алег
Волчак быў абаронцам Алены Максімавай у судзе. Спаслаўшыся на тое, што
прадстаўляць інтарэсы ў судзе можа толькі адвакат.
"Зноў парушаецца канстытуцыйнае права грамадзян мець свайго прадстаўніка ў
судзе, — адзначыў Алег Волчак. — А таксама гэта парушэнне міжнароднага
права".
Алена Максімава заявіла, што ёй патрэбны абаронца. Суддзя адклаў справу, каб
жанчына знайшла адваката і заключыла з ім дамову.
"Праваахоўныя органы не напружваюцца і павярхоўна збіраюць доказную
базу", — пракаментаваў справу Алег Волчак. Праваабаронца лічыць яе
прэцэдэнтам. "Выпрацоўваецца механізм прыцягнення грамадзян за выказванні
на форумах. Каб не агучвалі сваё меркаванне, не дзяліліся інфармацыяй, баяліся.
А сам факт прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці — гэта маральны і
матэрыяльны ціск на грамадзяніна".
Наступнае пасяджэнне па гэтай справе адбудзецца ў судзе Мінскага раёна 6 чэрвеня ў 14.15