У Мінэнерга рыхтуюць каментар пра здарэнне на АЭС

У Мінэнерга рыхтуюць каментар да інфармацыі аб тым, што на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС нібыта здарыўся інцыдэнт.

Фота earth-chronicles.ru

Фота earth-chronicles.ru


У Міністэрстве энергетыкі Беларусі рыхтуюць каментар да інфармацыі, якая з'явілася сёння ў інтэрнэце, аб тым, што на будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС нібыта здарыўся інцыдэнт, паведамілі БелаПАН у прэс-службе ведамства.
"Пакуль нічога не раскажу. Мы разбіраемся. Інфармацыя з'явіцца на сайце міністэрства, магчыма, сёння, магчыма, заўтра", — сказала прэс-сакратар Мінэнерга Жанна Зянькевіч.
Як паведаміў шэраг СМІ, нібыта 10 ліпеня падчас пробнай трэніровачнай устаноўкі рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў уніз з вышыні ад 2 да 4 метраў. Месца надзвычайнага здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.
У дырэкцыі будаўніцтва Беларускай АЭС каментар таксама атрымаць не ўдалося.
Гэта не першае НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Нагадаем, 5 мая МЗС Літвы ўручыла паслу Беларусі Аляксандру Каралю ноту з-за "магчымага інцыдэнту на размешчанай за 50 км ад Вільнюса Астравецкай атамнай электрастанцыі". Падставай стала апублікаваная на сайце тэлеканала "Белсат" інфармацыя аб тым, што ў сярэдзіне красавіка адбылося абрушэнні стоек будынка ядзернага абслугоўвання электрастанцыі, які ўзводзіцца. Наступным днём Мінэнерга Беларусі паведаміла, што 8 красавіка быў зафіксаваны дэфект пры падрыхтоўчых работах, наступствы якога ліквідаваныя.
Пазней літоўскі бок паведаміў яшчэ пра адзін нібыта зафіксаваны на будпляцоўцы інцыдэнт. Інфармацыя з гэтай нагоды таксама не была пацверджаная беларускім бокам, аднак гэта паслужыла падставай для ўручэння 8 чэрвеня ўжо другой ноты.
Беларуская АЭС будуецца ў Гродзенскай вобласці, прыкладна за 20 км ад Астраўца, паводле праекта расійскай кампаніі "Атамстройэкспарт". Генеральным праекціроўшчыкам і падрадчыкам выступае расійская кампанія ААТ "НІАЭП" — ЗАТ "АСЭ". Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2.400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны блізу 2018 года, другога — блізу ліпеня 2020-га.
Марына Носава, БелаПАН