На Беларускай АЭС працуюць эксперты МАГАТЭ
МАГАТЭ абяцае ў бліжэйшым часе даслаць сваіх спецыялістаў, каб навучаць кадры на Беларускай АЭС.
Візіт экспертаў праходзіць у рамках падрыхтоўкі планаванай місіі МАГАТЭ, якая ацэніць выбар будаўнічай пляцоўкі для ўзвядзення атамных абʼектаў.
«У Беларусі адбываецца візіт экспертаў МАГАТЭ з мэтай супольнай ацэнкі працэсу падрыхтоўкі планаванай місіі МАГАТЭ па разглядзе праектавання пляцоўкі з улікам вонкавых фактараў (місія SEED), якая раней была запытаная нашай краінай. Па выніках гэтага візіту бакі ўзгодняць тэхнічнае заданне на правядзенне місіі SEED для Беларускай АЭС», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце Міністэрства энергетыкі Беларусі.
Спецыяльныя місіі SEED ацэньваюць выбар будаўнічай пляцоўкі для ўзвядзення атамных абʼектаў.
Візіт экспертаў МАГАТЭ адбываецца на фоне рэзанансных падзей, звязаных з будаўніцтвам БелАЭС: 25 ліпеня ў СМІ з’явіліся паведамленні, што падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталявання корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў.
Пасля працяглага маўчання Міністэрства энергетыкі прызнала, што была няштатная сітуацыі. Між тым генеральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС «Атамбудэкспарт» запэўнівае, што ніякага інцыдэнту не было, і яны нічога ня ўтойваюць ад грамадскасці: «Мы нічога не баімся. Аб выніках працы місіі МАГАТЭ мы, натуральна, праінфармуем СМІ, грамадскасць, сумежныя дзяржавы. Мы, генеральны падрадчык, на якім ляжыць адказнасць за бяспеку ўсіх працаў, і мы зацікаўлены больш чым хто-небудзь у адсутнасці любых сумненняў у надзейнасці абсталявання і ўсіх працаў», — заявіла “Радыё Свабода” кіраўніца ўпраўлення камунікацый Ніна Дземянцова.