У Мінску хочуць сачыць за дворнікамі праз іх смартфоны. Як гэта лёгка абысці?
У Мінску хочуць укараніць праграму па кантролі за выкананнем службовых абавязкаў сталічнымі дворнікамі, паведаміў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Маскоўскага раёна Сяргей Рубанаў.
«Сёння любы дворнік павінен выконваць свае задачы і абавязкі, працаваць адказна. Спецыяліст павінен знаходзіцца на працоўным месцы згодна з працоўным графікам», — падкрэсліў чыноўнік.
Для ацэнкі эфектыўнасці выканання абавязкаў плануецца ўкараніць праграмны прадукт.
«Сёння ў кожнага ёсць смартфон. Праграма дазволіць адсочваць, дзе знаходзіцца той ці іншы работнік. Пакуль гэта ноу-хау разлічваем пратэсціраваць на майстрах. Будзе відаць, дзе ў дадзены момант знаходзіцца майстар, які кіруе брыгадай, і ці адпавядае гэта яго працоўнаму графіку», — сказаў Рубанаў.
Відавочна, ад’езд айцішнікаў паўплываў на агульны ўзровень ведаў у гэтай галіне. Па-першае, тут няма ніякага «ноу-хау», і вызначэнне геапазіцыі тэлефона ўжо даўно ўкаранёна ў шмат якіх мадэлях — аж да таго, што можна не толькі знайсці месца, у якім знаходзіцца згублены, да прыкладу, апарат, але і дыстанцыйна заблакіраваць яго.
І канешне ж, «па-трэцяе»: усе ўжо даўно ведаюць, што такія праграмы проста абыходзяцца звычайнай пераадрасацыяй званкоў з аднаго нумара на іншы. Варта паставіць пераадрасацыю, пакінуўшы дзе-небудзь «кантраляваны» апарат — і чалавек застаецца на сувязі, але не адсочваецца.
Так што хутчэй за ўсё «ноу-хау» Рубанава — спроба чарговага «распілу» дзяржаўных грошай. Невядома, колькі будзе каштаваць яго «праграмны прадукт» і колькі кантралёраў будуць займацца бессэнсоўнай працай, атрымліваючы за гэта заробак...