У МЗС Беларусі параілі беларусам выкарыстоўваць рэйсавыя самалёты для эвакуацыі зь Лібану
А што іншыя краіны прапанавалі сваім грамадзянам у зоне канфлікту? Параўнала «Радыё Свабода».
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі нагадалі пра сваю рэкамэндацыю грамадзянам Беларусі, якія жывуць у Ізраілі і Лібане, няўхільна выконваць рэкамэндацыі мясцовых уладаў і правілы асабістай бясьпекі, а таксама прапанавалі авіямаршруты, якімі беларусы могуць скарыстацца, каб выехаць з Блізкага Ўсходу.
«Лібан пакінулі ўжо больш за 3 тысячы французаў, звыш 1100 амэрыканцаў, і беларусам МЗС таксама казаў гэтак зрабіць. Але гаварыць не мяшкі варочаць. Таму мы пасядзелі і паглядзелі, як рэальна грамадзянам Беларусі вярнуцца зь Лібану дадому», - паведамляецца ў Telegram-канале «Голас МЗС», якія зьвязваюць зь беларускім замежнапалітычным ведамствам.
У прыватнасьці, грамадзянам Беларусі прапанавалі карыстацца рэйсамі рэгіянальных авіякампаній з Бэйруту ў Аман, Стамбул, Дубай, Доху, а адтуль – у Маскву і потым у Менск.
Уласьнікам шэнгенскай візы прапанавалі вяртацца зь Лібану праз эўрапейскія краіны – Францыю, Грэцыю, Нямеччыну ці Данію, адтуль – у Вільню і потым аўтобусам у Менск.
Як іншыя краіны вывозяць сваіх грамадзян з зоны канфлікту
Расея 3 кастрычніка накіравала ў Бэйрут самалёт свайго Міністэрства надзвычайных сытуацый з гуманітарнай дапамогай, а зваротным рэйсам вывезла 60 сваіх грамадзян, у тым ліку і сем’і сваіх дыпляматаў.
Літва заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Ізраіль і Лібан і ў пачатку кастрычніка адправіла свой самалёт у Бэйрут. 6 кастрычніка адтуль вывезьлі 18 грамадзянаў Літвы і 8 грамадзянаў Латвіі.
Украіна арганізавала тры спэцыяльныя рэйсы, каб вывезці ня толькі сваіх, а і іншаземных грамадзян — 3 жніўня, а таксама 1 і 9 кастрычніка. Усяго краіна, якая ваюе, эвакавала з краін Блізкага Усходу 302 грамадзян, у тым ліку 217 украінцаў і 85 іншаземцаў. Сярод эвакуаваных Украінай — грамадзяне Літвы, Польшчы, Чэхіі, Малдовы, Бразыліі, Лібану, Аргентыны, Мэксыкі, Румыніі і Калюмбіі.
Пасьля атакі ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль пачаў ваенны наступ на Газу. У выніку яго загінулі каля 42 тысяч палестынцаў, сьцьвярджае падкантрольнае ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы. Каля 90% насельніцтва сэктару Газа было перамешчана, вялікія тэрыторыі былі разбураныя ізраільскімі бамбаваньнямі.
7 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы заявілі, што за апошні год яны разбамбілі больш за 40 тысяч цэляў у сэктары Газа, выявілі 4700 тунэляў і зьнішчылі 1000 ракетных пускавых установак.
Канфлікт у Газе ўсё яшчэ працягваецца, у той час як Ізраіль цяпер таксама ваюе на другім фронце на поўдні Лібану супраць «Хэзбалы». У апошнія тыдні Ізраіль наносіў авіяўдары па ўсім Лібане, уключаючы Бэйрут, і арганізаваў наземнае ўварваньне на поўдзень Лібану ў сваім імкненьні зьнішчыць магчымасьці і кіраўніцтва «Хэзбалы».
Ізраільскія вайскоўцы забілі лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу і, магчыма, яго патэнцыйнага пераемніка Гашэма Сафі ад-Дына.