«Яны расстралялі людзей у трамваі, на якім я кожны дзень езджу на працу». Беларуска распавяла пра жыццё ў Ізраілі
Роўна год таму палесцінскія тэрарысты зладзілі страшную разню ў Ізраілі. Больш за 2500 баевікоў ХАМАС праніклі з зямлі, мора і па паветры на ізраільскую тэрыторыю. Каля 1200 ізраільцян былі забітыя, яшчэ 242 узятыя ў закладнікі. Гэты напад стаў найбуйным масавым забойствам габрэяў з часоў Халакосту. З таго страшнага дня Ізраіль вядзе вайну супраць тэрарыстаў. А народ Ізраіля працягвае жыць, працаваць, нараджаць дзяцей, нават пад сотнямі балістычных ракет з Ірану. Таму што «іншай краіны ў іх няма». Беларуска Анастасія, якая жыве ў Ізраілі ўжо восьмы год, распавяла нам пра побытавыя, страшныя і кранальныя асаблівасці жыцця пасярод вайны.
Тата Анастасіі з’ехаў з Мінска ў Ізраіль на пачатку 90-х, але праз некалькі гадоў вярнуўся ў Беларусь, дзе жыве і сёння. Дзяўчына вырасла ў Мінску, але ў атмасферы любові да Ізраіля – тата часта размаўляў на іўрыце, заўжды падтрымліваў сувязь з сябрамі адтуль.
А калі надыйшоў час абіраць уласны шлях у жыцці, Анастасія вырашыла таксама паспрабаваць знайсці сваё месца ў Ізраілі — і ў яе атрымалася. Наша суразмоўца жыве там ужо восьмы год. Насця выдатна размаўляе на іўрыце, яна ўладкавалася на добрую працу і выйшла замуж за ізраільцяніна ў чацвертым пакаленні.
На пытанне, ці шкадавала яна калі-небудзь пра пераезд у Ізраіль, дзяўчына адказвае адназначна – не. Насця кажа, што адчувае сябе ізраільцянкай, але «не адмаўляецца ад свайго беларускага «я».
«Тэракты адбываюцца рэгулярна. Гэта частка нашага жыцця»
«Накіроўваючыся ў Ізраіль, я ведала, куды еду, – кажа Анастасія. – Пра інтыфады і тэракты чула з дзяцінства, таму не мела ружовых акуляраў датычна бяспекі ў гэтай краіне».
Суразмоўца нагадвае, што тэракты ў Ізраілі здараліся і да 7 кастрычніка 2023.
«Пастаянна нешта здараецца. Памятаю, як застрэлілі дваіх маладых людзей на вуліцы Дызенгоф, у цэнтры Тэль-Авіва (Гаворка пра страляніну ў Тэль-Авіве 7 красавіка 2022 года. У той дзень палесцінскі тэрарыстпачаў страляніну ў пабе ў цэнтры горада. У выніку 2 чалавекі былі забітыя, яшчэ 3 – сур’ёзна параненыя. Агулам за два тыдні перад гэтым тэрактам ізраільскімі арабамі і палесцінцамі былі забітыя 11 ізраільцян – заўв. рэд.). Гэта цэнтр жыцця Тэль-Авіва, зусім побач з морам. Мы часта там гуляем. І падобныя трагедыі здараюцца рэгулярна», – кажа Анастасія.
Суразмоўца апісвае даваенную ізраільскую штодзённасць:
«Мы звыклі да падвышанага ўзроўню абароны паўсюль. На ўваходах у гандлёвыя цэнтры ахоўнікі заўжды правяраюць, ці ёсць у чалавека зброя. Паўсюль металічныя рамкі. На чыгунцы рэчы прапускаюць праз рэнтген. Гэта нашая daily life.
І тэракты таксама здараюцца рэгулярна. Гэта частка нашага жыцця. Калі канцэнтраваць на гэтым увагу – можна звар’яцець. Застаецца альбо прыняць гэта як факт, альбо з’язджаць. Я спынілася на першым варыянце».
«У нас няма іншай краіны»
Анастасія кажа, што адчувае Ізраіль сваім домам.
«Мой муж – ізраільцянін у чацвертым пакаленні. Сярод чальцоў яго сям’і ёсць ахвяры Халакосту. І толькі тут яны – дома. Муж служыў у арміі, яго бацькі – і тата, і мама – таксама. А дзядзька яго таты загінуў у вайне за незалежнасць у 1948 годзе. Яны будавалі гэтую краіну. У Ізраілі кажуць – Eyn Li Eretz Aheret. Гэта значыць – іншай краіны ў нас няма».
Суразмоўца адзначае, што антысемітызм ва ўсім свеце расце і, маючы габрэйскае прозвішча, далёка не паўсюль яна можа адчуваць сябе бяспечна.
«А тут мы сярод сваіх. У нас свае святы, свае песні. Свая асаблівая ментальнасць».
7 кастрычніка
«Перад 7 кастрычніка 2023 Ізраіль перажываў доўгі палітычны крызіс. Кожны тыдзень людзі выходзілі на пратэсты. Я таксама выходзіла. Дарогі былі заблакаваныя, у краіне ўзрастала абурэнне. Было зразумела, што абстаноўка ўнутры краіны становіцца ўсё больш гарачай. Народ нібыта падзяліўся на два лагера, – згадвае дзяўчына. – І многія казалі, што пакуль кіраўніцтва краіны занятае барацьбой за свае крэслы, хтосьці можа скарыстацца нашай уразлівасцю. Менавіта гэта і адбылося. Я памятаю раніцу 7 кастрычніка. Ува мне была такая злосць!»
Анастасія кажа, што першая сірэна прагучала ў 6:30 раніцы. Наша суразмоўца не адразу зразумела, што адбываецца.
«З навінаў напачатку таксама цяжка было штосьці зразумець. Але ўжо з’яўляліся відэа, як тэрарысты бегаюць з аўтаматамі па гарадах і кібуцах паўднёвага рэгіёна».
Анастасія распавядае, што трагедыя адразу ж аб’яднала народ, які падаваўся падзеленым.
«Кожны з нас ведае кагосьці з тых, хто пацярпеў 7 кастрычніка».
«Яны застрэлілі ўсіх, хто быў там»
У адказ на пытанне, ці ведае яна асабіста кагосьці з пацярпелых у той дзень, Анастасія падзяліліся страшнай гісторыяй:
«Вайсковы сябар майго мужа літаральна ў жніўні мінулага года, за 2 месяцы на нападу, пераехаў з жонкай і дзецьмі ў Канаду. Яго 60-гадовыя бацькі засталіся ў Ізраілі адні.
У ноч з 6 на 7 кастрычніка яны паехалі з рускамоўнай групай на рыбалку, на бераг мора недалёка ад мяжы з Газай. Тэрарысты выходзілі з мора. Яны застрэлілі ўсіх, хто быў там. Абодва бацькі нашага сябра загінулі».
Запытваюся ў Насці, як падобныя трагедыі перажывае яе муж. Дзяўчына прапанавала яму самому адказаць на гэтае пытанне і пераклала з іўрыта:
«Напачатку, пасля падзеяў 7 кастрычніка, быў шок. Я не верыў, што падобнае можа з намі здарыцца. Яны зрабілі гэта на свята Сімхат Тора. Першыя 3-4 месяцы мы вучыліся сярод гэтага жыць, звыкалі да новай рэальнасці. А потым, калі я перастаў рэгулярна сачыць за навінамі, стала крыху лягчэй. У нейкі момант да ўсяго звыкаеш – і пачынаеш проста жыць».
Анастасія дадае, што першыя 2-3 тыдні тэлевізар у іх доме працаваў няспынна, нават уначы.
«Мы ведалі, што тэрарысты заходзілі ў дамы да некаторых ізраільцян. І вось гэты шок, разуменне таго, што і да цябе яны могуць проста зайсці – трэба шмат часу, каб да яго прызвычаіцца.
Першыя 2-3 месяцы гучалі бясконцыя сірэны. Я баялася кудысьці выехаць на машыне, таму што не ведала, дзе ў такім выпадку мяне заспее сірэна, ці паспею кудысьці схавацца».
Насця з мужам жыве ў цэнтры Ізраіля, у горадзе Петах-Ціква, што ў 20 хвілінах ад Тэль-Авіва. Яна кажа, што сірэны спыніліся, калі пачалася наземная аперацыя ў Газе.
«Да нас даляталі ракеты з Газы. Як толькі іх перасталі запускаць, у нас стала больш спакойна, — кажа дзяўчына. – Але ж у нас абстрэльваецца і поўнач краіны. Там увесь час пажары, людзі адтуль дагэтуль выселеныя.
У нейкі момант мне, калі шчыра, нават стала няёмка перад жыхарамі іншых рэгіёнаў краіны, таму што я, як і раней, у сябе дома. Я даволі хутка вярнулася ў офіс і агулам да звыклага ладу жыцця. Змагла крыху абстрагавацца ад навінаў. Проста працягнула жыць сваё жыццё, але з пэўнай «пазнакай». Але ж ёсць жыхары паўднёвых рэгіёнаў і ўся поўнач. Усе гарады на поўначы выселеныя, людзі эвакуяваныя. Вось ужо год яны жывуць далёка ад сваіх дамоў. Звыклага жыцця ў іх зусім няма».
Калі ліквідавалі Насралу (Хасан Насрала, экс-кіраўнік тэрарыстычнай групоўкі «Хезбала». Забіты 27 верасня 2024 года ў выніку ізраільскага авіудара па штаб-кватэры «Хезбалы» у Бейруце — заўв. рэд.), было зразумела, што нешта будзе. Гэта стаяла ў паветры, – кажа Анастасія.
Ракеты з Ірана
Увечары 1 кастрычніка, калі Іран запусціў па Ізраілю 186 балістычных ракет, Анастасія пайшла на трэніроўку. Перад гэтым ёй на тэлефон прыйшло паведамленне з заклікам заставацца паблізу бомбасховішча (дзяўчына кажа, што раней такіх паведамленняў не было: «звычайна гучыць сірэна і мы маем паўтары хвіліны, каб забегчы ў бомбасховішча»). Але дзяўчына ведала, што ў студыі, дзе яна займаецца спортам, бомбасховішча таксама ёсць.
Сірэна сапраўды прагучала падчас трэніроўкі.
«Тады было страшна, таму што сірэна выла няспынна, – кажа суразмоўца. – У бомбасховішчы нас было сямёра, усе дзяўчыны. У некаторых з нас пачалася паніка. З тэлевізара, які быў у бомбасховішчы, мы даведаліся пра тэракт у Яфа. А потым пачаліся «бумы». Пачало грахатаць, было адчуванне, што падае недзе зусім блізка. Трэсліся сцены».
Калі гук сірэнаў нарэшце спыніўся, Анастасія пабегла дадому.
«Адзін з тэрарыстаў быў са стужачкай Free the hostages»
«Раніцай пачалі публікаваць імёны забітых у тэракце ў Яфа. Калі прачытала, каго яны забілі, мне стала сапраўды дрэнна.
Разумееце, яны забеглі ў трамвай, у якім я кожны дзень езджу на працу і з працы. Гэта адбылося ў 4 станцыяй ад майго офіса.
Яны застрэлілі маці, якая трымала на руках свайго дзесяці месячнага дзіцёнка. Жанчына 33 гадоў, з немаўляткам на руках, з каляскай. Яна прыкрыла дзіцё сабой, яно не пацярпела. Але маці загінула. Больш у мяне няма словаў. Вось з кім мы маем справу», – кажа Анастасія.
Суразмоўца адзначае, што ў Ізраілі зараз вельмі шмат людзей са зброяй, «пратакол дазваляе быць у грамадзянскім, але з армейскай зброяй».
«Адметна, што адзін з тэрарыстаў быў са стужачкай «free the hostages» («вызваліце закладнікаў»), якую зараз носяць многія ізраільцяне.
І напэўна людзі, якія былі ў тым трамваі, проста не зразумелі, хто з імі едзе. Хаця ў прынцыпе на тварах было напісана. Але Яфа – арабскі квартал, сустрэць там чалавека арабскай знешнасці зусім не дзіўна».
Анастасія кажа, што на раніцу пасля тэракта не змагла сесці ў трамвай – было страшна. Гэтым разам яна паехала на працу на аўтобусе.
«ААН у Ізраілі ніхто сур’ёзна не ўспрымае»
Запытваюся ў Алены пра тое, як яна ацэньвае рэакцыю міжнародных інстанцый на напад тэрарыстаў на Ізраіль.
«ААН у гэтай краіне ніхто сур’ёзна не ўспрымае», – адразу адказвае суразмоўца.
«Вы напэўна чулі, што міністр замежных спраў Ізраіля Ісраэль Кац аб’явіў Гутэрыша (генеральны сакратар ААН Антоніў Гутэрыш — заўв.рэд) персонай нон-грата, — нагадвае Анастасія. – І правільна зрабіў. Ізраіль можа сабе гэта дазволіць.
А які ад іх сэнс? Супрацоўнікі іх арганізацыі літаральна ёсць тэрарыстамі. Некаторыя з іх дапамагалі ўтрымліваць закладнікаў у Газе! (Паводле ізраільскага выведвальнага дасье, атрыманага выданнем Wall Street Journal, каля 1200 з 12 000 супрацоўнікаў Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам у сектары Газа маюць сувязі з тэрарыстамі. Ізраіль абвінавачвае іх у датычнасці да захопу закладнікаў, раздачы боепрыпасаў, каардынацыі нападаў і ўдзеле ў масавых забойствах[— заўв. рэд.). Якое пасля гэтага стаўленне ў нашай краіне да ААН? Адпаведнае. Як да памагатых тэрарыстаў», – кажа суразмоўца.
Анастасія з мужам двойчы за апошні год выязджалі з Ізраіля.
«У Барселоне былі моманты, калі мы казалі, што з Ізраілю – і людзі проста пераставалі з намі размаўляць, – распавядае Анастасія. – Але гэта хутчэй выключэнні. У асноўным людзі ўсё ж выказваюць спачуванні, кажуць, што сочаць за сітуацыяй і зычаць нашай краіне перамогі.
Але тое, што антысемітызм у свеце расце – ужо факт. І цяпер, калі я думаю, куды злятаць, улічваю ў тым ліку адносіны кіраўніцтва краінаў да Ізраілю».
«Мы маем справу з галаварэзамі»
«30 верасня войскі ЦАХАЛ увайшлі ў Ліван. І мая першая думка – зараз па нас прыляціць, – кажа суразмоўца. – Другая думка – туды заходзяць нашы салдаты, маладыя хлопцы. Калі не памыляюся, за тыдзень на тэрыторыі паўднёвага Лівана загінулі 11 ізраільскіх вайскоўцаў. Мне страшна за іх.
У той жа час я разумею, навошта ўсё гэта робіцца. Трэба выбіць усю гэтую «Хезбалу». Ці такімі метадамі? Гэта маральна складанае для мяне пытанне. Хочацца верыць, што гэта ўсё не дарма. Што выведка добра працуе. І як мы бачылі па сітуацыі з пейджэрамі і з Насралай – сапраўды працуе эфектыўна. Можа сапраўды ў вайсковага кіраўніцтва краіны ўсё атрымаецца і яны здолеюць спыніць прынамсі гэтую пагрозу?»
Анастасія кажа, што ўсе навіны пра дзеянні ізраільскага войска праглядае праз прызму пытанняў «а навошта?», «ці можна было б інакш?».
«Але ж тэрарысты пералазяць праз плоты, урываюцца ў нашыя дамы, забіваюць нашых людзей, страляюць па іх ва упор! Яны забіваюць закладнікаў, якія 11 месяцаў правялі ў страшным палоне, – кажа Анастасія. – Ізраіль стараецца весці вайну па заходніх правілах, згодна з адпаведнымі законамі. Але мы маем справу з галаварэзамі, з тэрарыстамі. Яны жывуць зусім у іншым свеце».
«Жыццё заўжды перамагае»
«Ніхто не хоча вайны. Усе хочуць жыць у міры, у спакоі, – кажа дзяўчына. – І людзі працягваюць жыць, нягледзячы ні на што. Яны жэняцца, нараджаюць дзяцей. У мяне на працы ўвогуле за апошні год быў нейкі бэбі-бум. Здавалася б, вайна, сірэна, якія дзеці, куды! Але людзі бачаць у гэтым усім некае імкненне да новага жыцця. Таму жыццё заўжды перамагае.
Але вядома, мы ніколі не забудзем тое 7 кастрычніка і ўсё, што было пасля».