Што значыць забойства лідэра ХАМАСу для вайны ў сэктары Газа? І хто прыйшоў яму на зьмену?

«Сьмерць Сінвара можа зьмяніць дынаміку ў лепшы бок, стварыўшы для ХАМАСу магчымасьць або здацца, або прыйсьці да нейкага ўрэгуляваньня шляхам перамоваў, у якіх да гэтага часу яго кіраўніцтва было ня надта зацікаўленае».

Ях'я Сінвар. Getty Images

Ях'я Сінвар. Getty Images

Сьмерць Ях’і Сінвара празь некалькі месяцаў пасьля таго, як ён стаў лідэрам радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС, падкрэсьлівае цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца гэтая групоўка.Тым ня менш гібель Сінвара можа не зрабіць істотнага ўплыву на хаду вайны ў сэктары Газа.

62-гадовы Сінвар быў абвінавачаны ў арганізацыі і кіраўніцтве нападам ХАМАСу на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Тады баевікі ХАМАС забілі, паводле зьвестак ізраільскіх уладаў, 1139 чалавек, у тым ліку 685 цывільных асобаў і 71 замежнага грамадзяніна. Сотні людзей былі ўзятыя ў закладнікі і вывезеныя ў сэктар Газа. Піша журналіст Свабоды Майкл Сколан.

17 кастрычніка Ізраіль пацьвердзіў, што Сінвар быў забіты ў сераду падчас ваеннай апэрацыі ў горадзе Рафах на поўдні сэктару Газа.

Што азначае сьмерць Сінвара

Гібель Сінвара падкрэсьлівае высокую «цякучасьць кадраў» сярод высокапастаўленых чальцоў ХАМАС, а таксама «вельмі глыбокія дзеяньні Ізраілю ў пляне выведкі і здольнасьці хутка наносіць удары пры выяўленьні каштоўных цэляў», кажа Лукас Вэбэр, адмысловец у ацэнцы пагрозаў у арганізацыі Tech Against Terrorism і навуковы супрацоўнік дасьледчага Цэнтру Суфана.

Паводле ягоных слоў, сьмерць Сінвара адбылася ў той момант, калі Ізраіль аднаўляе наступ на поўначы Газы і пашырае апэрацыі супраць саюзьніка ХАМАСу — «Хэзбалы», узброенай групоўкі і палітычнай партыі, якая кантралюе большую частку паўднёвага Лібану. «Гэта разглядаецца як тактычны посьпех — зьнішчэньне асабліва важнай цэлі ў той момант, калі ізраільскім уладам патрэбная ўнутраная падтрымка для пашырэньня ваеннай кампаніі», — лічыць Вэбэр.

Экспэрт, аднак, сумняецца ў тым, што сьмерць Сінвара можа паўплываць на спыненьне вайны ў Газе. «Ён, відавочна, быў вельмі дасьведчаным чалавекам і меў высокі статус у шэрагах ХАМАСу і сярод яго прыхільнікаў, але я ня думаю, што яго забойства неяк кардынальна зьменіць траекторыю канфлікту».

ХАМАС працягвае ваяваць амаль праз год пасьля пачатку апэрацыі Ізраілю ў Газе ў адказ на напад 7 кастрычніка 2023 году, адзначае Вэбэр. Сьмерць Сінвара можа запатрабаваць ад ХАМАСу некаторай «пераарыентацыі», кажа ён, але ня зробіць моцнага ўплыву на намер Ізраілю здабыць рашучую перамогу ў вайне.

Ях’я Сінвар стаў лідэрам ХАМАСу неўзабаве пасьля таго, як 31 ліпеня ў Тэгеране быў забіты Ісмаіл Ханія, палітычны лідэр групоўкі. ХАМАС і Іран вінавацяць у ягонай сьмерці Ізраіль, хоць той не пацьвердзіў і не абверг свайго дачыненьня да забойства Ханіі.

Танасіс Камбаніс, дырэктар аналітычнага цэнтру Century Foundation, які базуецца ў ЗША, кажа, што цяжка ацаніць, як сьмерць Сінвара паўплывае на здольнасьць ХАМАСу заставацца ва ўладзе ў Газе. Ані ХАМАС, ані Ізраіль дагэтуль не былі сур’ёзна зацікаўленыя ў спыненьні вайны, мяркуе экспэрт. «Абодва бакі лічаць, што ў іх інтарэсах працягваць барацьбу. Сьмерць Сінвара можа зьмяніць дынаміку ў лепшы бок, стварыўшы для ХАМАСу магчымасьць або здацца, або прыйсьці да нейкага ўрэгуляваньня шляхам перамоваў, у якіх да гэтага часу яго кіраўніцтва было ня надта зацікаўленае».

Трыта Парсі, сузаснавальнік вашынгтонскага Інстытута адказнага дзяржаўнага кіраваньня імя Куінсі, папярэджвае, што «ідэя, якая ляжыць у аснове ХАМАСу, — што палестынская дзяржаўнасьць можа быць дасягнутая толькі шляхам збройнага супраціву Ізраілю — ня толькі не забітая, але і, хутчэй за ўсё, квітнее». «Ізраільскія бамбардаваньні Газы і масавая гібель цывільных жыхароў, хутчэй за ўсё, радыкалізавалі палестынцаў і стварылі дадатковую глебу для вярбоўкі ў шэрагі ХАМАСу», — дадаў ён.

Глядзіце таксама

Як на сьмерць Сінвара адрэагавалі ў Ізраілі?

«Гэта вялікі посьпех, але сьвяткаваць перамогу яшчэ рана, — заявіў Радыё Свабода Яўген Фінкель, галоўны рэдактар ізраільскага выданьня Newsru.co.il. — Апэрацыя „Жалезныя мячы“ у Газе будзе працягвацца, як і апэрацыя ў Лібане. Ліквідацыя Сінвара — важны, але не заключны акорд. Пра капітуляцыю ХАМАСу, наколькі мне вядома, гаворка пакуль не ідзе. У Ізраілі ўсіх хвалюе лёс закладнікаў, але мы ня бачым, з кім там зараз весьці перамовы».

Глядзіце таксама

Кім быў Сінвар

Ях’я Сінвар нарадзіўся 29 кастрычніка 1962 году ў палестынскай сям’і ў Хан-Юнісе (сэктар Газа), куды пасьля араба-ізраільскай вайны 1947–1949 гадоў зьбеглі яго бацькі. Упершыню ізраільскія спэцслужбы арыштавалі яго ва ўзросьце 19 гадоў. Потым, у 1985 годзе, адбыўся другі арышт. Лічыцца, што менавіта ў той час ён стаў блізкі да шэйха Ахмэда Ясіна, заснавальніка і ідэйнага лідэра ХАМАСу. Службу ўнутранай бясьпекі групоўкі «Эль-Мажд» Ях’я Сінвар стварыў, калі яму было ўсяго 25 гадоў.

Паводле дадзеных ізраільскіх і некалькіх іншых спэцслужбаў, Сінвар асабіста ўдзельнічаў у забойствах палестынцаў, якія падазраюцца ў супрацоўніцтве з Ізраілем, за што ў 1988 годзе яго зноў арыштавалі і асудзілі на пяць пажыцьцёвых зьняволеньняў. Па словах былога афіцэра ізраільскай контравыведкі «Шабак», які дапытваў Сінвара, «ён вельмі харызматычны, вельмі разумны і хітры, люта ненавідзіць габрэяў і не цікавіцца нічым, акрамя джыхаду. Ён фанатык і сацыяпат. І ў яго велізарныя амбіцыі».

У 2011 годзе, правёўшы больш за 22 гады ў ізраільскіх турмах, Ях’я Сінвар выйшаў на волю па ўмовах так званай «угоды Шаліта». У верасьні 2015 году ЗША прызналі Сінвара сусьветным тэрарыстам асаблівага значэньня. У лютым 2017 году ён быў абраны кіраўніком ХАМАСу ў сэктары Газа на ўнутраных выбарах, зьмяніўшы Ісмаіла Ханію, які да таго часу даўно жыў за мяжой, пасьля таго як групоўка вырашыла, што кіраваць ёю павінны не эмігранты, а лідэры, якія застаюцца ў самым сэктары. 30 лістапада мінулага году Ях’я Сінвар заявіў: «Сіяністы павінны ведаць, што сёмага кастрычніка было проста рэпэтыцыяй».

20 мая 2024 году пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан запрасіў ордэр на арышт Ях’і Сінвара як адказнага за ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці падчас нападу ХАМАСу на Ізраіль у кастрычніку мінулага году, уключаючы забойствы, захоп закладнікаў і катаваньні.

Ісмаіла Ханію, папярэдніка Ях’і Сінвара, раней некаторыя аналітыкі лічылі большым прагматыкам, чым ягонага пераемніка: на іх думку, Ханія быў зацікаўлены ў дасягненьні нарэшце хоць нейкай дамовы аб спыненьні агню. Зь іншага боку, Ханія цалкам падтрымаў напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году.

Менавіта з-за таго, што сэктарам Газа ўжо доўга кіраваў Ях’я Сінвар, ня ўзьнікла ніякіх перадумоў для зьяўленьня якой-небудзь новай, альтэрнатыўнай палітычнай сілы або намёкаў на стварэньне цывільнага ўраду. ХАМАС дзякуючы сваёй вайсковай моцы, спэцслужбе «Эль-Мажд» і жорсткасьці цалкам узурпаваў уладу ў сэктары, зрабіўшы ягоных жыхароў сваімі закладнікамі і падставіўшы іх пад ізраільскія ўдары.

Хто прыйшоў на зьмену Сінвару

Паводле першых неафіцыйных паведамленьняў, пераемнікам Ях’і Сінвара на пасадзе кіраўніка Палітбюро ХАМАСу, прынамсі часовым, стаў Халед Машаль. Гэта адна з самых вядомых фігураў унутры ХАМАСу на сёньня: ён ужо займаў пасаду палітычнага лідэра групоўкі з 1996 па 2017 год, пасьля чаго яго зьмяніў Ісмаіл Ханія. Таксама Машаль — адзін з найбліжэйшых памочнікаў шэйха Ясіна, які стаяў ля вытокаў зьяўленьня ХАМАСу ў канцы 1980-х гадоў.

Яго імя стала сусьветна вядомым у 1997 годзе пасьля няўдалага ізраільскага замаху на яго жыцьцё. Да таго часу Машаль ужо жыў за мяжой і, як лічылася, узначальваў філію ХАМАСу ў Ярданіі. 25 верасьня 1997 году агенты ізраільскай выведкі «Масад» на вуліцы ў ярданскай сталіцы Амане ўпырснулі ў вуха Машалю яд, але іх схапіла ахова. На патрабаваньне тагачаснага караля Ярданіі Хусэйна Ізраіль даў проціядзьдзе і выпусьціў з турмы духоўнага лідэра ХАМАСу шэйха Ахмеда Ясіна разам яшчэ з 19 вядомымі палестынскімі зьняволенымі — у абмен на вызваленьне ізраільскіх агентаў, якія ўчынілі напад.

Але потым, у 1999 годзе, новы кароль Ярданіі Абдала II забараніў дзейнасьць ХАМАСу ў Ярданіі. Халеда Машаля арыштавалі і выслалі з краіны. З 2001 году ён знаходзіўся ў Сырыі, куды пераехала ўсё Палітбюро ХАМАС. Аднак пасьля пачатку ў Сырыі грамадзянскай вайны Палітбюро стала на бок паўстанцаў, пасварылася з сырыйскім прэзыдэнтам Башарам Асадам і ў 2012 годзе пераехала ў Катар, дзе Халед Машаль, мяркуючы па наяўнай інфармацыі, жыве да гэтага часу.

З пункту гледжаньня Ізраілю, магчымае ўзвышэньне Машаля можна лічыць «памяркоўна станоўчай навіной», лічыць Яўген Фінкель. «Ён знаходзіцца далёка за межамі сэктару Газа, што, аднак, не забясьпечвае яго бясьпеку. Было сказана, што менавіта Машаль будзе каардынаваць перамовы па закладніках, а гэта значыць, што ХАМАС разглядае магчымасьць такіх перамоваў, хоць і не зусім зразумела, на якіх умовах. Хоць больш імаверна, што будзе працягвацца ваенная апэрацыя, падчас якой, спадзяюся, хтосьці яшчэ з закладнікаў будзе выратаваны».