У гадавіну стварэньня ААН паглядзім на скандальнае «дзіцё» арганізацыі – Блізкаўсходняе агенцтва для дапамогі палестынскім бежанцам
Роля Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам зьяўляецца надзвычай цікавай. З моманту свайго стварэньня ў 1949 годзе БАПАП доўгі час была спрэчнай арганізацыяй. Такой застаецца і сёньня.
«Бежанцы» паводле БАПАП
Адным з найбольш крытычных аспектаў дзейнасьці Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам зьяўляецца яе вызначэньне «бежанца», якое выкарыстоўвае спецыяльнае правіла выключна для палестынцаў. Нашчадкі палестынскіх бежанцаў — нават тыя, хто нарадзіўся па-за межамі гістарычнай Палестыны — таксама атрымліваюць статус бежанца. Такое палажэньне ня мае сабе роўных і не сустракаецца ні ў адной іншай глябальнай праграме, якая тычыцца бежанцаў.
Па вызначэньні ААН, палестынскімі бежанцамі зьяўляюцца:
«Асобы, чыім звычайным месцам жыхарства ў пэрыяд паміж чэрвенем 1946 і траўнем 1948 году або ў чэрвені 1967 году была Палестына і якія страцілі свае дамы і сродкі да існаваньня ў выніку араба-ізраільскага канфлікту 1948 году».
«Гэтыя ўсеагульныя ўцёкі сталі большай сваёй часткай выразам веры арабаў у шырокавяшчальныя паведамленьні і заклікі цалкам пазбаўленага пачуцьця рэальнасьці арабскага друку і ў безадказныя выступы арабскіх лідэраў, якія абяцалі, што на працягу кароткага часу габрэі будуць разьбітыя войскамі арабскіх краінаў, і арабы Палестыны змогуць вярнуцца на сваю зямлю» — пісаў сакратар Лігі арабскіх краінаў Ація ў той час.
Удакладнім, што тыя жыхары страцілі свае дамы ў выніку вайсковых дзеяньняў палестынскіх арабаў супраць габрэйскага насельніцтва і агрэсіі сямі арабскіх краінаў адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці дзяржавы Ізраіль 14 траўня 1948 году. Тады Эгіпет, Сірыя, Лібан, Трансярданія, Саудаўская Арабія, Ірак і Емэн атакавалі Ізраіль, і ў выніку прайгралі ў вайне (зрэшты, арабскія войны супраць Ізраіля ягоныя ворагі прайгравалі заўжды ў гісторыі, гэта паўтарылася і ў 1967, і ў 1973 гадах).
У выніку паразы палестынскія арабы перасяліліся на землі, якія акупаваў Эгіпет (сектар Газа) і Трансярданія (заходні бераг ракі Ярдан). Гэтыя землі былі пад акупацыяй дзвюх арабскіх дзяржаваў з 1948 па 1967 год, калі пачалася новая, шасьцідзённая вайна, і Ізраіль выгнаў захопнікаў.
Калі БАПАП было створанае, яго галоўнай роляй было аказаньне часовай дапамогі тым, хто быў вымушаны перасяліцца ў выніку араба-ізраільскага канфлікту 1948 году. Напачатку меркавалася, што праблема бежанцаў будзе кароткачасовай, і чакалася хуткая рэпатрыяцыя або перасяленьне. Аднак гэтага не адбылося, і роля арганізацыі зьмянілася.
У той час як Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў па справах бежанцаў вызначае бежанца на падставе вымушанага перасоўваньня асобы з-за канфліктаў, перасьледу або катастрофаў, азначэньне БАПАП пашырае гэты панятак і дадае ў яго нашчадкаў. Гэта азначае, што дзеці, унукі і нават праўнукі першых палестынскіх бежанцаў аўтаматычна атрымліваюць такі ж статус бежанцаў.
Фактычна гэта забясьпечвае статус бежанца на нявызначаны тэрмін. Варта адзначыць, што ніводная іншая супольнасьць (сірыйцы, афганцы, рахінджа ці любая іншая) не атрымала гэтага прывілею. Іх статус заснаваны на індывідуальных абставінах, а не на паходжаньні.
Адным з галоўных наступстваў гэтага ўнікальнага вызначэньня зьяўляецца экспанентны рост колькасьці палестынскіх «уцекачоў». З першапачатковых прыблізна 700 тысячаў у 1948 годзе гэтая лічба павялічылася да некалькіх мільёнаў, што стварае ўражаньне, што праблема пастаянна расьце, а не ідзе да вырашэньня.
Крытыкі такога падыходу сцьвярджаюць, што БАПАП стварае палітычны інструмэнт, які выкарыстоўваецца для падтрыманьня ціску на Ізраіль і антыізраільскага наратыву.
Пакаленьні палестынцаў, якія выраслі з цэтлікам «бежанца», магчыма, прасоўваюць гісторыю пра вечную ахвяру.
Да таго ж, улічваючы пастаянны статус бежанцаў, іншыя краіны ў пэўным сэнсе адмаўляюцца ад поўнай інтэграцыі палестынскага насельніцтва.
«Палестынская аўтаномія»
Нягледзячы на тое, што Палестынская Аўтаномія карыстаецца пэўнай палітычнай, прабачце за таўталёгію, аўтаноміяй, яе спосаб вырашэньня пытаньняў бежанцаў адрозьніваецца непрыемным спалучэньнем некампетэнтнасьці і карупцыі.
Можна было выказаць здагадку, што пры палестынскім кіраваньні лягеры для бежанцаў сыдуць у мінулае. На жаль, гэта ня так. На Заходнім беразе Ярдану, які знаходзіцца пад кантролем ПА, усё яшчэ ёсць шматлікія лягеры. Перанаселенасьць, абмежаваны доступ да асноўных выгодаў і шакавальнае беспрацоўе вызначаюць паўсядзённае жыцьцё бежанцаў у гэтых месцах.
Нягледзячы на тое, што Палестынская Аўтаномія атрымлівае грандыёзную міжнародную дапамогу, значная частка гэтага фінансаваньня трапляе куды заўгодна, толькі не да бежанцаў. Абвінавачаньні ў карупцыі ПА настолькі распаўсюджаныя, што прыводзяць да пытаньняў аб яе прыхаванай схільнасьці да павелічэньня колькасьці бежанцаў, што падцягвае за сабою новую міжнародную дапамогу.
Падтрымліваючы права на вяртаньне для ўсіх бежанцаў, Палестынская Аўтаномія прыклала мінімальныя намаганьні для паляпшэньня непасрэдных умоваў жыцьця гэтых людзей.
Прысутнасьць вышэйзгаданага асаблівага аддзелу ААН па палестынскіх бежанцах прадастаўляе асноўныя паслугі — такія, як адукацыя і ахова здароўя. Але гэта ў пэўнай ступені вызваляе Палестынскую аўтаномію ад абавязкаў. Замест таго, каб інтэграваць і паляпшаць жыцьцё бежанцаў, ПА можа проста падпарадкоўвацца БАПАП, што прыводзіць да сытуацыі, калі бежанцы залежаць ад міжнароднай дапамогі, а не ад свайго ўраду.
Багатыя нафтай арабскія краіны Пэрсідзкай затокі зь іх высокімі хмарачосамі і вялізнымі мегаполісамі маглі быць маяком надзеі для арабаў-бежанцаў. Тым ня менш, іх адказ на бяду палестынцаў зводзіцца да адмовы прымаць такіх жа, як яны, арабаў на свае землі.
Ізраільскае бачаньне
Толькі ўчора лідэр адной з галоўных партыяў, дэпутат Кнэсэта Бэні Ганц заклікаў прыняць два законапраэкты, якія спыняць дзейнасьць БАПАП у сэктары Газа, на тэрыторыі Юдэі і Самарыі, а таксама ва ўсходнім квартале Ерузалему.
«БАПАП вырашыў стаць неад'емным кампанэнтам мэханізму ХАМАС — і цяпер настаў час цалкам ад яго аддзяліцца. Замест таго, каб выканаць сваю мэту і палепшыць жыцьцё бежанцаў, БАПАП ААН робіць адваротнае і ўвекавечвае іх віктымізацыю», — заявіў Ганц.
2 кастрычніка Ізраіль абвесьціў генэральнага сакратара ААН Антоніў Гутэрыша персонай нон грата, паколькі ён не выступіў з безумоўным асуджэньнем ракетнага ўдару Ірана па Ізраілі (нагадаем, 1 кастрычніка 2024 года Іран запусьціў па тэрыторыі Ізраіля больш за 180 балістычных ракетаў). Гутэрышу забаронены ўезд у краіну.
4 лютага 2024 года Бэньямін Нэтаньяху заявіў: «Мы раскрылі сьвету, што БАПАП супрацоўнічае з ХАМАС, што некаторыя зь яго людзей нават удзельнічалі ў зьверствах і выкраданьнях 7 кастрычніка. Гэта толькі ўзмацняе тое, што мы даўно ведаем — БАПАП не зьяўляецца часткай рашэньня, гэта частка праблемы».
Абвінавачваньні ў тэрарызме і сувязі з тэрарыстамі
Адно з самых сур'ёзных абвінавачваньняў, выстаўленых Блізкаўсходняму агенцтву ААН для дапамогі палестынскім бежанцам, датычнае да тэрарыстычнай дзейнасьці або садзейнічаньня ёй. Некалькі разоў на працягу шматлікіх гадоў ізраільскія ўлады выяўлялі, што аб'екты БАПАП, асабліва школы і клінікі, выкарыстоўваліся тэрарыстычнымі арганізацыямі, і перадусім, вядома, ХАМАС.
Напрыклад, яшчэ ў 2014 годзе падчас вайны ў Газе Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) выявіла зброю і ракеты, якія захоўваліся ў некалькіх школах агенцтва ААН у Газе. Хаця БАПАП сцьвярджала і бажылася, што не ведае пра гэтыя запасы.
Шматлікія паведамленьні пра тое, што супрацоўнікі ААН зьвязаныя з тэрарыстамі ХАМАС наўпрост, зьяўляліся і да трагічнага дня 7 кастрычніка 2023 года.
Красамоўны факт: былы кіраўнік працоўнага камітэта БАПАП у сэктары Газа Сухейл аль-Хіндзі ў 2017 годзе быў адначасова і сябрам палітычнага бюро ХАМАС.
Таго самага, дзе яшчэ нядаўна засядаў забіты лідар тэрарыстаў Ісмаіл Ханія.
Цікава, што ААН афіцыйна абвяргала тады датычнасьць свайго супрацоўніка да тэрарыстычнай арганізацыі, і яго звальненьне з пасады нібы сталася трагічным вымушаным крокам пасьля траўлі ў медыя. Але не прайшло і некалькіх гадоў, як гэты чалавек афіцыйна прамаўляў ад імя кіраўніцтва ХАМАС. Аль-Хіндзі мае ступень доктара філязофіі, якую атрымаў у Каірскім унівэрсітэце. У сваёй доктарскай дысэртацыі ён вывучаў «паляпшэньне становішча палестынскіх настаўнікаў ва ўмовах ізраільскай акупацыі».
Супрацоўнікі агенцтва ААН у шэрагах тэрарыстаў
26 студзеня 2024 года БАПАП заявіла, што Ізраіль перадаў агенцтву інфармацыю аб датычнасьці дванаццаці яго супрацоўнікаў да нападу на Ізраіль пад кіраўніцтвам ХАМАС і аб іх удзеле ў масавых забойствах 7 кастрычніка 2023 года. Агенцтва абвесьціла, што ... звольніць гэтых супрацоўнікаў.
У чэрвені 2024 года больш за 100 сем'яў ахвяраў тэрактаў 7 кастрычніка 2023 года падалі пазоў у Ню-Ёрку аб кампэнсацыі шкоды ў памеры 1 мільярда даляраў супраць БАПАП, абвінаваціўшы арганізацыю ў дапамозе ХАМАС і ў дазволе тэрарыстам выкарыстоўваць свае аб'екты. У пазове на 167 старонках у якасьці вінаватага боку названае ўласна Агенцтва ААН, а таксама сем яго былых і цяперашніх кіраўнікоў, у тым ліку сёньняшні кіраўнік Філіпэ Лазарыні.
Адной з пазоўнікаў зьяўляецца Дзіца Хэйман, якую 7 кастрычніка 2023 года выкралі тэрарысты, а праз 53 дні вызвалілі ў выніку абмену. Яна паведаміла, што мужчына, які трымаў яе ў палоне, быў настаўнікам у школе БАПАП і што яе кармілі харчовымі пайкамі, выдадзенымі агенцтвам ААН і пазначанымі як «не для продажу».
Пасьля забойства лідэра ХАМАС Ях'і Сінвара ў кастрычніку 2024 года было выяўлена, што ён меў пры сабе пашпарт, які належаў выкладчыку БАПАП. Кіраўнік Агенцтва Філіпэ Лазарыні абверг гэта, сцьвярджаючы, што гэта «неправераная інфармацыя», якая мела на мэце «дыскрэдытаваць» БАПАП. Пазьней высьветлілася, што выкладчык БАПАП, якому належаў пашпарт, не знаходзіўся ў сэктары Газа на момант сьмерці Сінвара, а быў у Эгіпце. Аднак на пытаньне, што яго пашпарт рабіў у штанах тэрарыста – адказу не было.
Школы «маленькага тэрарыста»
Адно з жорсткіх абвінавачваньняў Блізкаўсходняму агенцтву ААН для дапамогі палестынскім бежанцам — у выкарыстаньні зацьверджаных ХАМАС падручнікаў у сваіх школах, якія «ўводзяць дзяцей з раньняга ўзросту ў ідэалёгію культу сьмерці, нянавісьці і генацыду» і ствараюць новых рэкрутаў для тэрарыстычнай групоўкі.
На афіцыйным сайце Агенцтва ААН знаходзім прыгожую фармулёўку: «БАПАП выкарыстоўвае падручнікі ўрада, які нас прымае, у адпаведнасьці з лепшай практыкай ААН для забесьпячэньня якаснай адукацыі бежанцаў. БАПАП правярае ўсе падручнікі, якія выкарыстоўваюцца ў яе школах, каб вызначыць разьдзелы, якія могуць не адпавядаць каштоўнасьцям ААН і стандартам ЮНЭСКА для навучаньня. БАПАП праяўляе нулявую цярпімасьць да мовы варожасьці і падбухторваньня да дыскрымінацыі або гвалту. Незалежныя аналітыкі і міжнародныя эксперты ў галіне адукацыі паручыліся за якасьць і зьмест адукацыі, якую БАПАП забясьпечвае ў сваіх школах».
А зараз увага, што піша ў 2021 годзе адзін з тых самых, пазначаных ААН экспертаў – інстытут Георга Экерта – на пытаньне «Ці падбухторваюць палестынскія падручнікі да гвалту супраць ізраільцянаў?»
Афіцыйны адказ адносна падручнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў школах Агенцтва ААН: «Наўпроставых заклікаў да гвалту супраць ізраільцянаў у аналізаваных падручніках не выяўлена. Аднак падручнікі ўтрымліваюць шмат выяваў гвалту, якія адлюстроўваюць паўсядзённае жыцьцё на акупаваных тэрыторыях, ахопленых канфліктам.
Ёсьць таксама выявы, якія ўхваляюць ці нават падтрымліваюць гвалт супраць ізраільцянаў, якіх звычайна называюць «сіянісцкімі акупантамі». Гэтыя выявы вар'іруюцца ад апісаньня першай Інтыфады як «Паўстаньня камянёў» да гераічных адлюстраваньняў нават сьмяротнага гвалту супраць ізраільскіх жаўнераў у ваенных сутычках.
Гвалт супраць ізраільскіх мірных жыхароў, напрыклад, учынены ў выніку нападаў палестынскіх арганізацый у 1970-я гады, не асуджаецца, а хутчэй адлюстроўваецца як законны метад барацьбы ў той перыяд; тэрарыстычныя акты, напрыклад, учыненыя Далалам аль-Муграбі, разглядаюцца як прыклады самаахвярнага «супраціву».
Што кажа ААН у асобе кіраўніка БАПАП Філіпэ Лазарыні?
«Ізраіль даўно крытычна ставіцца да мандата агенцтва. Але цяпер ён імкнецца спыніць дзейнасьць Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам, адмаўляючыся ад статусу агенцтва як арганізацыі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якую падтрымлівае пераважная большасьць дзяржаваў-чальцоў».
Пра «большасьць» у ААН красамоўна можна пачытаць у гэтым матэрыяле: