У Слуцку ўзгадалі рупліўцаў беларускай справы
Слуцкія сябры ТБМ і іх прыхільнікі правялі сустрэчу,
прысвечаную 100-годдзю БНР.
![29356033_857589017774765_2314615729023877120_o_logo.jpg 29356033_857589017774765_2314615729023877120_o_logo.jpg](/img/v1/images/29356033_857589017774765_2314615729023877120_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
13 прыхільнікаў беларускасці ва ўтульнай “камернай” атмасферы абмеркавалі дасягненні БНР і прыйшлі да высновы, што без БНР не было б і цяперашняй Рэспублікі Беларусь. Зразумела, што гэта не ўласнае навуковае адкрыццё случчан, навуковыя высновы даўно ўжо зроблены беларускімі і замежнымі вядучымі гісторыкамі.
Асаблівую ўвагу ўдзельнікі “круглага стала” надалі
культурна-асветніцкай працы ў Слуцку падчас БНР. Як вядома, слуцкае культурна-асветніцкае
таварыства “Папараць-кветка” узнікла ў асяроддзі беларускіх гімназістаў яшчэ ў
1917 годзе. Утворанае па ініцыятыве Сяргея Бусла і Язэпа Ракуцькі, яно ставіла
сваёй мэтай прапаганду беларускай мовы, культуры і мастацтва. Пазней да яго
далучыліся вядомыя беларускія эсэры — случчане Андрэй Бараноўскі,
Павел Жаўрыд, Васіль Русак і іншыя.
![29339963_857589271108073_915601931320164352_o_logo.jpg 29339963_857589271108073_915601931320164352_o_logo.jpg](/img/v1/images/29339963_857589271108073_915601931320164352_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вынікі дзейнасці маладых хлопцаў (ім было не больш за дваццаць гадоў!) уражваюць: летам 1920 года таварыства ўжо налічвала больш за 300 чалавек і мела 3 секцыі: краязнаўчую, літаратурную, драматычна-харавую. Канцэрты беларускай народнай песні, дэкламацыі вершаў беларускіх паэтаў, пастаноўка п’ес Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, актыўны ўдзел у адкрыцці беларускіх школ і многае, многае другое. Дзейнасць таварыства высока ацаніў Янка Купала, які пасля выхаду другога нумара часопіса “Наша каляіна” напісаў для газеты “Беларусь” у 1919 годзе адмысловы артыкул, прысвечаны слуцкім рупліўцам беларускай справы.
Выступоўцы распавядалі пра трагічны лёс Андрэя Бараноўскага, настаўніка Юркі Лістапада, які змог дамагчыся адкрыцця 8 беларускамоўных школ на Случчыне. Мікалая Шамяцілы — праваслаўнага святар Слуцкага Кафедральнага сабора, які агітаваў случчанам за Беларусь і неабходнасць яе незалежнасці. Ён ў 1933годзе быў абвінавачаны ва ўдзеле ў праваслаўнай паўстанцкай арганізацыі, у гэтым жа годзе і расстраляны.
Як вядома, усе актывісты “Папараць-кветкі” пасля ўвайшлі ў 1-ую Слуцкую брыгаду войскаў БНР у час Слуцкага паўстання. Пра гэта можна больш падрабязна пачытаць у часопісе “Спадчына” (1994.№6, 1998.№1). Успамін Юркі Лістапада пад назвай “Узбіліся на свой шлях” надрукаваны і ў кнізе Ніны Стужынскай “Слуцкі збройны чын” 1920 г. У дакументах і ўспамінах”.
![29340133_857588647774802_5210216932627709952_o_logo.jpg 29340133_857588647774802_5210216932627709952_o_logo.jpg](/img/v1/images/29340133_857588647774802_5210216932627709952_o_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На заканчэнне імпрэзы сябра ТБМ Сяргей Кульбіцкі выканаў некалькі блізкіх тэматычна песень, пад гітару.