«У твайго сына ныркі няма, яму проста не акажуць медыцынскую дапамогу». Як на беларусаў ціснуць праз іх дзяцей

Беларуская праваабаронца, экспертка ў галіне правоў жанчын і дзяцей Дар’я Чурко і экспертка «Кааліцыі правоў дзiцяцi ва Украіне» Марыя Ясяноўская прэзентавалі даследаванне, прысвечанае ціску на актывістаў у Беларусі праз уздзеянне на чальцоў сям’і, у тым ліку дзяцей.
Дар’я Чурко падзялілася са «Свабодай» галоўнымі высновамі і вынікамі даследавання.

34d044f5_6f32_4a78_b320_c5f2a049bcf7_cx0_cy23_cw100_w650_r1_s.webp

«Абсалютная большасць выпадкаў ціску прыпадала на жанчын»

— Дарʼя, якія асноўныя высновы даследавання?

— Для мяне асноўная выснова — гэта тое, што дзяржава ўспрымае дзяцей як абʼект, а не субʼект, праз які можна ціснуць на дарослых людзей. Паколькі пагроза рэальная (забраць дзяцей або паставіць на ўлік), выкарыстоўваць гэты інструмэнт становіцца досыць проста — у тым сэнсе, што ён заўсёды будзе дзейсны: людзі па выніку або з'яжджаюць (каб дзяцей не забралі, каб дзеці нармальна жылі), або спыняюць грамадзянскую актыўнасць. Яшчэ адна выснова (для мяне гэта было не дзіўна): абсалютная большасць выпадкаў ціску прыпадала на жанчын. Паводле вынікаў даследавання, толькі двое мужчын было, адзін з якіх бацька, другі — дзіця (на дадзены момант ужо паўналетняе). Астатнія — 22 жанчыны.

— Наколькі за апошні год павялічыўся ціск на бацькоў праз так званы «СОП» (пастаноўку на ўлік па прыкмеце «сацыяльна небяспечнага становішча»)?

— Канкрэтнага адказу даць не магу, бо ў мінулым-пазамінулым гадах такіх даследаванняў не было. Магу меркаваць, што павялічыліся выпадкі, улічваючы і асабістыя гісторыі, пра якія мне мае знаёмыя казалі, і гісторыі ў СМІ з пачатку рэвалюцыі, і вынікі даследавання. Калі два гады таму гэта тычылася малога адсотку актыўных людзей, цяпер гэта закранула значна большы адсотак. Гэта людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту, якія сядзелі на сутках, якія атрымлівалі штрафы, а гэта, як вядома, досыць вялікая колькасць людзей.

«Усё гэта адбываецца без ведама, без прысутнасці, без згоды бацькоў»

— Якія былі найбольш драматычныя гісторыі, звязаныя з ціскам на семʼі?

— Для мяне гэта ўсё гісторыі, у якіх было беспасярэдняе ўздзеянне на дзяцей. Гэта і «размовы» настаўніц у школе. Напрыклад, з верасня 2020-га ў школах з 8-9-летнімі дзецьмі «праводзілі нейкае падабенства палітінфармацыі, прымушалі маляваць дзяржаўны сцяг, а калі дзеці малявалі бел-чырвона-белы, ім пагражалі», настаўніцы гаварылі дзецям 12-13 гадоў, што «тыя, хто выходзяць на мірныя акцыі пратэсту, — злачынцы і фашысты».

Гэта і гутаркі адзін на адзін з дзіцём. Гутаркі са школьнымі псіхолагамі — «малых дзяцей забірае школьны псіхолаг пагаварыць», або гутаркі з участковымі — адна з жанчын расказала, што міліцыянты запалохвалі 9-гадовае дзіця тым, што яго забяруць з сямʼі, ад мамы. Усё гэта адбываецца без ведама, без прысутнасці, без згоды бацькоў.

Дзецям тэлефануюць з сілавых структур з прычыны актыўнасці іх бацькоў і размаўляюць пра гэта з непаўналетнімі без прысутнасці і без апавяшчэння бацькоў. Важна адзначыць, што бацькі даведваюцца пра такія гутаркі толькі тады, калі дзеці самі пра гэта ім расказваюць.

Распаўсюджаная сітуацыя — затрыманні бацькоў і ператрусы дома сілавікамі са зброяй у прысутнасці малых дзяцей. Затрыманні ў прысутнасці непаўналетніх дзяцей прыводзяць да таго, што дзецям становіцца небяспечна знаходзіцца дома, небяспечна спаць дома, у іх з'яўляюцца трывога і страх.

Яшчэ адна жахлівая сітуацыя. Адна рэспандэнтка заяўляла, што прадстаўнік дзяржаўных сілавых структур сеў да яе ў машыну, дзе пагражаў неаказаннем медыцынскай дапамогі яе дзіцяці: «У твайго сына ныркі няма, у адзін момант яму проста не акажуць медыцынскую дапамогу». Пагрозы рэспандэнткам і рэспандэнтам паступалі ад супрацоўнікаў сілавых структур і пасля ператрусаў і затрыманняў.

— Якія дзяржаўныя і грамадскія структуры задзейнічаныя ў працэсе адбірання дзяцей, пагрозах адабраць дзяцей за апошні год?

— Як і раней: школы, дзіцячыя сады, выканкамы, у некаторых выпадках ініцыятар — міліцыя.

«На актыўную жанчыну значна лягчэй паўплываць, націснуць, пагражаючы адабраць дзяцей»

— Якія беларускія і міжнародныя законы парушаюцца?

— Гэта «Канвенцыя аб правах дзіцяці» і «Закон аб правах дзіцяці» (права на жыццё ў сямʼі, права на здароўе — фізічнае і псіхічнае, права свабодна выказваць гэтыя погляды па ўсіх пытаннях, якія закранаюць дзіця), «Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын» (права на недыскрымінацыю) і, адпаведна, «Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах» (права не зазнаваць адвольнага або незаконнага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё, самавольных або незаконных замахаў на недатыкальнасьць жылля, права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх думак, права на свабоднае выказванне сваёй думкі, права на мірныя сходы).

Коратка растлумачу, чаму гэта дыскрымінацыя. Як паказалі вынікі даследавання, а таксама ўлічваючы грамадства, у якім мы жывём, адказнасць за дзяцей — абавязак жанчыны. Такім чынам, пры пагрозе забраць дзіця жанчыне адмаўляюць у рэалізацыі сваіх правоў, тады як бацька дзіцяці можа працягваць іх рэалізоўваць. У такіх сітуацыях актыўная жанчына з дзецьмі больш уразлівая, на яе значна лягчэй паўплываць, націснуць, пагражаючы адабраць дзяцей.

Таксама парушаная Пастанова Савета Міністраў ад 15 студзеня 2019 года аб прызнанні дзяцей такімі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Якім спосабам вы праводзілі даследаванне? Ці было гэта складана, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі?

— Так, вядома, гэта было складана. Я стварыла гугл-анкету, узгадніла з Марыяй і стала распаўсюджваць па лакальных групах, чатах, людзях. Гэта быў ліпень, калі абстаноўка ў Беларусі была вельмі напружаная.

— Якім чынам вы збіраецеся выкарыстоўваць вынікі даследавання?

— Я пачала распаўсюджваць іх па міжнародных арганізацыях (Камітэт па правах дзіцяці, Камітэт па ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і іншыя), па праваабарончых міжнародных арганізацыях і іншых — дзеля таго, каб яны прынялі да ўвагі той факт, што ціск на людзей у Беларусі адбываецца з розных бакоў. Я думаю і пра іншыя напрамкі работы ў гэтай сферы.

«Без абскарджвання, дакументальных дзеянняў рабіць далей нічога будзе нельга»

— Ці ёсць законныя і дзейныя спосабы абараніцца ад такога ціску праз дзяцей?

— Нягледзячы на тое, што ў Беларусі з выкананнем дзеючага заканадаўства складана, я настойваю на тым, што неабходна абскарджваць незаконныя рашэнні ці дзеянні. Паколькі ў выпадку падачы скаргі, нават калі яе вынік будзе адмоўны (што дае права падаваць скаргу далей), тыя людзі, якія прымаюць рашэнне паставіць дзіця ў «СОП», забраць дзіця або пагражаюць гэтым, пачнуць задумвацца аб сваіх дзеяннях. Без абскарджвання, дакументальных дзеянняў нічога рабіць далей будзе нельга.

— Як бы вы пракаментавалі заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён не ваюе з жанчынамі, — абапіраючыся на вынікі даследавання?

— Мне складана каментаваць яго словы, неяк рэагаваць на ўсё, што ён кажа. Я ўжо даўно не сачу за гэтым. Наконт жанчын, з якімі не ваюе... 91% рэспандэнтак — жанчыны, якія пацярпелі ад ціску праз іх дзяцей, іх дзеці пацярпелі таксама.

Хачу адзначыць, што ціск праз дзяцей — напрыклад, пагрозы паставіць у «СОП», — гэта не аднаразовае дзеянне, гэта доўгі мэтанакіраваны ціск, калі тэлефануюць, часта прыходзяць дадому, выклікаюць у школу, дзіцячы садок, размаўляюць з дзецьмі без ведама бацькоў. А гэта — штодзённы маральны ціск і на маці, і на дзяцей.