Ігар Ляшчэня прызнаны палітычным зняволеным
Былы амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня прызнаны палітычным зняволеным. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый.

Праваабаронцы з нарастаючай трывогай адзначаюць «працяг беспрэцэдэнтных па маштабе рэпрэсій у дачыненні да прадстаўнікоў нацыянальнай грамадзянскай супольнасці». Чарговым палітвязнем прызнаны Ігар Ляшчэня, былы амбасадар Беларусі ў Славакіі.
12 жніўня Ігар Ляшчэня быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Былы амбасадар Беларусі ў Славакіі, адзначаюць праваабаронцы, «пасля недэмакратычных выбараў прэзідэнта ў жніўні 2020 года асудзіў гвалт у дачыненні да беларускага народа і пратэстоўцаў, а пасля браў удзел у розных грамадскіх палітычных ініцыятывах».
У сумеснай заяве праваабарончых арганізацый звяртаецца ўвага, што сапраўдным матывам пазбаўлення волі Ігара Ляшчэні з’яўляецца яго «негвалтоўная дзейнасць па прасоўванні дэмакратычных каштоўнасцей, а таксама правамерная рэалізацыя свабоды меркаванняў і іх выказвання». Яго пераслед і зняволенне названыя «палітычна матываванымі», звязанымі з «негвалтоўнай дзейнасцю, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод».
Праваабаронцы патрабуюць ад улад Беларусі неадкладна вызваліць Ігара Ляшчэню і спыніць яго крымінальны пераслед, спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных.