Ініцыятыве dissidentby, якая дапамагае палітвязням, патрэбная падтрымка

Праект пад пагрозай закрыцця праз недахоп фінансавання.

67402881_908839786134283_1961963940103585792_o.jpg

На сённяшні дзень у спісах праекта dissidentby, якія спрабуюць ахапіць усіх пацярпелых ад крымінальнага пераследу, а не толькі прызнаных афіцыйна, знаходзяцца 956 чалавек.
Як паведамляюць сябры ініцыятывы, яны ўжо не ў стане на валанцёрскіх пачатках, у вольны ад працы час, пакрываць той аб'ём арганізацыйных і структурных функцый і задач, якія патрабуе праект. Усе яго чальцы знаходзяцца ў вымушаным палітычным выгнанні. Падтрымліваць праект на ранейшым узроўні і не апынуцца на вуліцы ім больш не ўяўляецца магчымым.
Як адзначаюць удзельнікі ініцыятывы, у спробах вырашыць гэтае пытанне яны звярталіся да розных арганізацый і спецыялізаваных фондаў, але водгуку не знайшлі.
Удзельнікі dissidentby завялі Patreon, але і ён не знайшоў вялікай папулярнасці, і на момант жніўня 2021 года сумарна ў фондзе праекта ёсць толькі 200 долараў.
У бліжэйшы месяц каманда dissidentby будзе разглядаць пытанне аб пераводзе праекта ў пасіўны рэжым, пакінуўшы пляцоўку толькі як інфармацыйны рэсурс. У далейшым, калі сітуацыя не зменіцца, ініцыятыва будзе разглядаць магчымасць поўнага закрыцця праекта. У гэтым выпадку рахункі Patreon будуць расфармаваныя, а грошы — вернутыя тым, хто данаціў, астатнія сродкі з PayPal і іншых рэквізітаў будуць размеркаваны сярод сем'яў палітвязняў, якія маюць патрэбу, і закрытыя.
Ініцыятыва dissidentby узнікла ў 2019 годзе, тады яе актывісты першымі пачалі ўласнаручна падтрымліваць палітычных вязняў рэжыму, кожны тыдзень упакоўваючы цыгарэты і перасыпаючы чай, арганізуючы кампаніі салідарнасці, канцэрты, івэнты. Праект накіраваны на прыцягненне ўвагі да праблемы палітычнага пераследу ў Беларусі і мае на мэце дамагчыся перагляду крытэрыяў, па якіх рэпрэсаваны за погляды чалавек можа быць прызнаны палітычным зняволеным.
Сёлета сайт dissidentby.com быў заблакаваны беларускімі ўладамі.