У тым ліку Карпянкоў. «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» разглядае 294 заявы супраць беларускіх сілавікоў
Ініцыятыва Святланы Ціханоўскай «Адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў» апублікавала першыя дэталі расследавання крымінальных справаў у рамках універсальнай юрысдыкцыі супраць беларускіх сілавікоў, распавядае «Свабода».
Заяву пабітага мінскага прадпрымальніка Максіма Харошына
прыняла да разгляду Генеральная пракуратура Літвы і завяла крымінальную справу
па факце гвалту. Харошына затрымалі ў двары дому ў Мінску, пабілі, павезлі ў
РУУС і білі таксама там. Сілавікі давялі прадпрымальніка да стану, калі
давялося выклікаць «хуткую дапамогу», паведамляе Адзіная кніга рэгістрацыі
злачынстваў (АКРЗ) у адмысловым прэс-рэлізе.
У выпадку вызначэння вінаватых асобаў іх вышук абвесціць Інтэрпол, у сувязі з чым іх могуць затрымаць практычна ў кожнай краіне.
У заяве Максіма Харошына гаворыцца, што незаконныя дзеянні
супраць яго ўчынілі 13 кастрычніка: на вуліцы Ульянаўскай у Мінску спынілі
машыну, у якой прадпрымальнік ехаў з жонкай, пад пагрозай пісталета павалілі на
зямлю ў лужыну крыві, надзелі кайданкі і правялі незаконны ператрус у
аўтамабілі. Пазней, ужо ў Першамайскім РУУС, Харошына «прымушалі падпісваць
сфабрыкаваныя пратаколы аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».
Пасля адмовы прадпрымальніка яго зноў білі.
Паводле версіі Харошына, якая вынікае з напісанага ў заяве,
білі, пакуль ён не пачаў траціць прытомнасць. Сярод доказаў следства мае:
А) відэазапіс з мабільнага тэлефона, дзе зафіксаваны момант загрузкі Харошына ў мікрааўтобус, бачныя ўдзельнікі затрымання і іхны транспарт;
Б) вынікі першаснага агляду хірургам і загадчыкам аддзялення, у тым ліку анамнез пацыента;
В) вынікі агляду лекарам Максіма Харошына;
Г) фатаграфіі слядоў пабіцця на нагах, ягадзіцах і твары;
Д) відэазапіс, які фіксуе стан адзення Харошына пасля затрымання. Адзенне са слядамі крыві.
На падставе сабраных матэрыялаў апазнаныя падазраваныя сілавікі і вызначаны склад іх злачынстваў.
У выніку разгляду справы Адзіная кніга рэгістрацыі
злачынстваў вызначыла, што Максіма Харошына затрымаў начальнік ГУБАЗіК
палкоўнік Мікалай Карпянкоў, які дзейнічаў разам з падначаленымі з перавышэннем паўнамоцтваў. Гвалт у Першамайскім РУУС адбыўся пры патуранні
начальніка РУУС Андрэя Бакача.
У дзеяннях Мікалая Карпянкова збіральнікі доказаў бачаць
прыкметы злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі КК:
арт. 128 «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва»;
ч. 2 арт. 182 «Выкраданне чалавека»;
ч. 3 арт. 426 «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў».
У дзеяннях Андрэя Бакача:
арт. 128 «Злачынства супраць бяспекі чалавецтва»;
ч. 3 арт. 425 «Бяздзейнасць службовай асобы».
Звесткі па заяве Максіма Харошына і матэрыялы праверак іншых злачынстваў пасля апрацавання юрыстамі АКРЗ уносяцца ў санкцыйныя спісы і перадаюцца ў суд універсальнай юрысдыкцыі ў Літве.
У гэты момант разглядаюцца 294 заявы. Дэталі злачынстваў і імёны падазраваных юрысты абяцаюць апублікаваць 20 снежня.