Алена Анісім
Яна распавяла, што праца над стандартам па ацэнцы валодання беларускай мовы іншаземцамі згодна рэкамендацый Савета Еўропы вядзецца з пачатку мінулага году. “На працягу 2012 года мы
вывучалі, хто мог бы заняцца здзяйсненнем гэтага праекту, акрамя ТБМ, наколькі зацікаўлены ў ім дзяржаўныя органы, у тым ліку ўніверсітэты і Міністэрства замежных спраў. Хаця яно праявіла цікавасць
да гэтай справы, але палічыла, што ёю павінны займацца не грамадская арганізацыя, а дзяржаўныя структуры. А паколькі Міністэрства адукацыі не выявіла зацікаўленасці да гэтага праекту, мы вырашылі
самі яго здзейсніць. З другога боку, нас падтрымалі выкладчыкі ВНУ, бо яны сустракаліся з тым, што ёсць людзі за межамі нашай краіны, якія вывучаюць беларускую мову, але для свайго прафесійнага
статусу, а таксама для рэалізацыі нейкіх навуковых ці службовых памкненняў не маюць крытэру ацэнкі свайго валодання беларускай мовай. Вось чаму мы вырашылі аб’яднаць намаганні навукоўцаў і
выкладчыкаў шэрагу сталічных універсітэтаў для ажыццяўлення гэтага праекту. Дарэчы, у мінулым годзе з падтрымкі ўраду Расіі ў Маскве выйшаў падручнік беларускай мовы для краін СНД, падрыхтаваны
выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту “, -- сказала Алена Анісім.
Яна адзначыла, што ў межах Мытнага саюзу Беларусь засталася адзінай дзяржавай, якая пакуль не мае такога міжнароднага сэртыфікату. Паводле яе слоў, перш чым прыступіць да распрацоўкі
міжнароднага сэртыфікату беларускай мовы працоўная группа знаёмілася з адпаведнымі еўрапейскімі стандартамі, падрыхтаванымі і апрабаванымі для іншых моў, у тым ліку па італьянскай, польскай, рускай і
казахскай мовах. Дарэчы, трэба мець на ўвазе, што міжнародны сертыфікат па італьянскай мове для іншаземцаў створаны Італьянскім нацыянальным таварыствам імя Данте Аліг’еры яшчэ на пачатку
1970-х гадоў, сказала намесніца старшыні ТБМ.
“Зараз працоўнага група рыхтуе апісанне стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў: пачатковаму, базаваму, сярэдняму, прасунутаму, высокаму і дасканаламу, як
рэкамендуе Савет Еўропы. Справа ў тым, што беларуская мова багатая, добра распрацаваная і дастаткова складаная з пункту гледжання граматыкі, фанэтыкі, сінтаксісу, а таксама адметнай старажытнай і
сучаснай лексікі, асабліва для людзей, якія ўпершыню з ёю сутыкаюцца. Прычым, у апісанне стандартаў па кожнаму ўзроўню ўваходзяць адпаведныя тэсты, па якім можна ацаніць ступень валодання беларускай
мовай любога прэтэндэнта, а таксама пералік ведаў, уменняў і навыкаў ў лексыцы і граматыцы, аўдыяванні (успрыманні на слых і адказ), чытанні і пісьме”, -- распавяла Алена Анісім.
Паводле яе слоў, да лета 2014 годдзе мяркуецца выданне апісанняў стандартаў валодання беларускай мовай па кожнаму з шасці ўзроўняў з адпаведнымі пробнымі тэстамі для іх ацэнкі замежнымі
экспертамі, а таксама правядзенне па гэтай праблеме міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, а на працягу некалькіх наступных гадоў запланавана падрыхтоўка і выпуск шэрагу падручнікаў па
беларускай мове для іншаземцаў.
Алена Анісім выказала ўпэўненасць у тым, што дзяржава зразумее стратэгічную значнасць міжнароднага сэртыфікату па дзяржаўнай беларускай мове для іншаземцаў і падтрымае гэты грамадскі
праект.
Навукоўца падкрэсліла, што беларуская мова з’яўляецца непасрэднай духоўнай спадчынай нацыі, якая павінна апекавацца сваею моваю. “Вось чаму мы зацікаўлены ў тым, каб гэтую
нашую культурную спадчыну дагледзець належным чынам, як іншыя цывілізаваную нацыі даглядаюць сваю”, -- сказала Алена Анісім.