У Беларусі — новы палітвязень

Паўтара гады абмежавання волі — такі вырак вынесла 6 кастрычніка суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Наталля Вайцэховіч гомельскаму актывісту Юрыю Рубцову. І гэта з улікам амністыі (Юрыю «скасцілі» адзін год).



rubcou.jpg

Юрыя Рубцова звінавацілі ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 391 Крымінальнага кодэкса «Абраза суддзі або народнага засядацеля». Дзяржаўны абвінаваўца Гардзеенка патрабаваў для фігуранта справы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на тры гады.

«Новы Час» звярнуўся па каментар да намесніка старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча, які сачыў за працэсам над Юрыем Рубцовым.

100_5680.jpg

— Адкуль  нарадзілася справа Рубцова?

— Гэтая справа нарадзілася з такой праблемы, як адвольнае затрыманне, якое выкарыстоўваецца нашымі ўладамі сістэмна і сістэматычна ўжо шмат гадоў. Упершыню такія затрыманні былі выкарыстаны масавым характарам у 2006 годзе перад выбарамі прэзідэнта. І зараз разам з крымінальнымі пераследамі па палітычных матывах гэтыя адвольныя затрыманні з’яўляюцца адным з відаў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. То бок, затрыманні і ізаляцыя людзей без прававых нагодаў, не ў сувязі са здзяйсненнем імі нейкіх супрацьпраўных дзеянняў, а ў нейкіх іншых мэтах, магчыма, прафілактычных і прэвентыўных. І адныя і тыя ж людзі ў нас пачынаюць рэгулярна «лаяцца матам» падчас значных грамадска-палітычных падзеяў.

Не выключэннем стаў і спадар Рубцоў, які затрымліваўся падчас «Чарнобыльскага шляху», вынікам чаго і стала гэтая крымінальная справа. Потым яго затрымлівалі перад чэмпіянатам свету па хакеі, маўляў, ён ажно двойчы лаяўся матам. На дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях» ён быў затрыманы, відаць, з прычыны незадаволенасці праваахоўных органаў ягонай майкай, на якой было напісана «Лукашэнка, сыходзь!». Менавіта ў звязку з гэтым яго даставілі ў суд, папярэдне зняўшы з яго тую майку, па пояс голага, то бок, у выглядзе, які абражае чалавечую годнасць. Вось у такім выглядзе ён і прадстаў перад так званым правасуддзем.

І гэтае так званае правасуддзе не пацікавілася, чаму чалавек у такім выглядзе, і калі б яно пацікавілася, то зразумела б, што чалавек затрыманы незаконна, бо міліцыянтаў збянтэжыла ягоная майка, на якой не было напісана нічога супрацьзаконнага.

І зараз тыя ж людзі, якія яго затрымлівалі і якія сведчылі ў першым адміністрацыйным працэсе пра тое, што ён лаяўся матам і не падпарадкоўваўся патрабаванням міліцыі, сведчаць пра тое, што Рубцоў дапусціў абразу суддзі, калі назваў таго падонкам, і яшчэ нібыта і там выказваўся нецэнзурна. І атрымліваецца, што мы маем пачэсную публіку ў выглядзе супрацоўнікаў АМАП, міліцыянтаў, якія забяспечвалі грамадскі парадак падчас разгляду справы ў судзе, пацярпелага суддзі Палулеха і сакратаркі судовага пасяджэння.

З боку Рубцова ніякіх сведкаў не было, а ўсе іншыя амаль аднагалосна сведчылі, што ён менавіта такім чынам выказваўся. Апошні сведка, дарэчы, паказваў, што спадар Рубцоў выказваў незадаволенасць судовай сістэмай Рэспублікі Беларусь, крытыкаваў улады, казаў, што ўсё падстроена супраць яго, пратэставаў, клаўся на лаву і гэтак далей. Сам Рубцоў акурат і паказаў, што выказваў сваё стаўленне да судовай сістэмы ў цэлым, паколькі не давярае ёй і лічыць яе не незалежнай.

Як вам падаліся паказанні сведак?

— У мяне асабіста яны не выклікаюць аніякага даверу, паколькі пратаколы допытаў напісаны фактычна як пад капірку, нават да коскі, таму выклікае пытанне, наколькі шчыра сведкі давалі паказанні падчас апытання следствам. Таксама ўзнікаюць пытанні наконт літаратурнай экспертызы. У мяне ўзнікаюць пытанні, наколькі дапушчальным аб’ектам у дадзеным выпадку з’яўляюцца пратаколы судовых пасяджэнняў, паколькі ў іх адлюстравана толькі тое, што запісала там сакратар. Там няма апісання эмацыйных момантаў, невербальных жэстаў, якія дазвалялі б рабіць высновы, што меў на ўвазе Рубцоў. Аўдыёзапіс суда не праводзіўся, хоць гэта магло б даказаць, што так казалася, а што не.

Таму мы і лічым, што вынік суда — гэта вынік практыкі адвольных затрыманняў, якія часам набываюць больш складаныя формы. Як, да прыкладу, затрыманне Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава перад 19-м снежня 2010 года, якіх потым абвінавацілі ў хуліганстве, а задача ставілася затрымаць іх прэвентыўна.

А зараз — крымінальная справа Рубцова, і даволі сур’ёзны прысуд. Гэта будзе абмяжоўваць яго асабістую свабоду, свабоду перамяшчэння, што дазваляе трактаваць гэта як адзін з элементаў, неабходных для прызнання чалавека палітычным вязнем.

Навошта гэта нашым уладам?

— Нашы ўлады дэманструюць на знешнім фронце нібыта нейкія поспехі, і пра гэта ўсе гавораць і ў АБСЕ, і ў Савеце Еўропы, хаця мы даказваем, што ўнутры краіны нічога не трансфармавалася ў нейкія змены. Рэпрэсіі і адвольныя затрыманні працягваюцца. Літаральна, калі праходзіў суд, маці былога палітвязня Францкевіча паведаміла, што яе сына шукаюць і хочуць затрымаць па незразумела якіх прычынах. Так што гэтая практыка працягваецца і будзе працягвацца, асабліва ўлічваючы наступны год — год прэзідэнцкіх выбараў.

Даведка «Новага Часу»:

У першы дзень судовага працэсу суддзя Наталля Вайцэховіч дапытала Юрыя Рубцова, які патлумачыў, што 28 красавіка яго даставілі ў суд Савецкага раёна сталіцы напаўаголеным і без акуляраў, што абражала ягоную годнасць. Да таго ж, Рубцоў не здолеў азнаёміцца з матэрыяламі адміністратыўнай справы, бо быў без акуляраў і не мог чытаць змесціва дакументаў. Таму і сказаў, што гэта «не суд, а судзілішча».

Затым адбыўся допыт «пацярпелага» — суддзі суду Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха. Былі дапытаныя і сведкі — супрацоўнікі АМАП Шарко і Белы, супрацоўнік РУУС Павел Нелюбовіч, якія прысутнічалі пры разглядзе адміністратыўнай справы, а таксама сакратар Дар’я Стасюк. Яны пацвердзілі словы суддзі Палулеха, што Рубцоў яго абразіў. Дапытаныя паведамілі, што Рубцоў нецэнзурна выказваўся, казаў, што гэта не суд, а судзілішча, і назваў суддзю Палулеха «падонкам».