У Ліцэі я ўпершыню пабачыў Вітаўтаў і Адамаў

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа ў студзені адзначае сваё 20-годдзе.

Гэта навучальная ўстанова паўстала ў 1990 годзе як нядзельны ліцэй пры Таварыстве беларускай мовы, але ўжо праз год была рэарганізавана ў стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй. Яго заснавальнікі — Уладзімір Колас, Лявон Баршчэўскі, Ірына Сідарэнка — мелі на мэце стварыць беларускую навучальную ўстанову еўрапейскага ўзору.



958adb57686c2fdec5796398de5f317a.jpg

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа ў студзені адзначае сваё 20-годдзе.
Гэта навучальная ўстанова паўстала ў 1990 годзе як нядзельны ліцэй пры Таварыстве беларускай мовы, але ўжо праз год была рэарганізавана ў стацыянарны Беларускі гуманітарны ліцэй. Яго заснавальнікі — Уладзімір Колас, Лявон Баршчэўскі, Ірына Сідарэнка — мелі на мэце стварыць беларускую навучальную ўстанову еўрапейскага ўзору.
Аднак у 2003 годзе Міністэрства адукацыі ліквідавала ліцэй і пазбавіла яго будынка на вул. Кірава ў Мінску. Цяпер там месціцца суд Цэнтральнага раёна Мінска, пад вокнамі якога ў тым ліку і ўжо былыя ліцэісты ладзяць акцыі салідарнасці з тымі, каго судзяць за іншадумства, мітынгі, пікеты. Хаця не так даўно самі ліцэісты ладзілі свае пікеты нязгоды з высяленнем з alma mater. А журналісты, уваходзячы ў залю пасяджэнняў, шукаюць у інтэр’еры прыкметы ліцэйскага жыцця: тут, відаць, была спартовая зала, а тут — нейкі клас з партамі, дошкаю, партрэтамі выбітных дзеячаў на сценах...


У маі 2003 года падчас тэрмінова скліканай педнарады намеснік дырэктара Уладзімір Колас паведаміў, што яго адпраўляюць у адстаўку. Новым дырэктарам установы прызначалі нікому не вядомую Таццяну Шчарбачэвіч, цяпер яна дэпутат Палаты прадстаўнікоў. У той час Шчарбачэвіч так і не стала паўнапраўным, легітымным кіраўніком Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, як і ў назве апошняга не стала слова “дзяржаўны. Ліцэй у выгнанні, ці рэзервацыя для маладых беларусаў? Што знаходзяць у гэтай навучальнай установе, якая працуе ў падпольным рэжыме, бацькі і іх дзеці? Беларускі гуманітарны ліцэй вачамі былога ліцэіста (а цяпер студэнта Белдзяржуніверсітэта) Антося Рудака, які паступаў у дзяржаўную ўстанову, але вучыўся і заканчваў ужо нелегальную.
* * *
— Я паступаў, калі ліцэй яшчэ не быў падпольным. Гэта было пасля сёмага класа, у маёй звычайнай школе было размеркаванне па профільных класах: я прайшоў тэставанне па фізіка-матэматычным профілі, затым па філалагічным, але гэта было не маё. І тут маці недзе знайшла абвестку, што ідзе набор у ліцэй. Здаў туды іспыты і паступіў. Пазней, калі стала зразумела, што ліцэй больш не дзяржаўны, бацькі толькі паўторна перапісалі заяву. У мяне не такая ўжо і беларуская сям’я, у сэнсе дома паўсядзённа па-беларуску не размаўляем. Але стаўленне да беларускага адэкватнае.


Дык вось, я прынёс заяву на паступленне акурат 28 мая, калі прыйшоў загад на прызначэнне новай дырэктаркі. Там стаяў страшэнны гармідар, усе кудысьці бегалі, нічога не было зразумела, мяне адправілі да загадчыцы нейкай гаспадаркі — сядзела сабе такая жанчынка ў далёкім пакойчыку і самотна слухала радыё. Яна і прыняла мае дакументы.
Уразіла вялікая колькасць беларускамоўнай моладзі. Я да таго часу амаль не меў кантактаў з цалкам беларускамоўнымі людзьмі. Мяне здзіўляла іх мова, лексіка, нават імёны — упершыню я бачыў жывых людзей, якіх завуць Адам ці Вітаўт. Памятаю, што калі пачаліся заняткі, мне трэба было раней сысці. І я не ведаў, як можна па-беларуску развітацца нефармальна. Не ведаў, што гэта слова “пакуль, мне здавалася, мусіць быць іншае.
* * *
Першыя месяцы, гады было цікава, нават цікавей, чым у школе... Калі заняткі ліцэя праводзіліся на выездзе, гэта была цудоўная магчымасць наведаць краіны замежжа. Для многіх тое былі першыя вандроўкі за мяжу, расстанне з домам, бацькамі. Было шмат свабоды. Але не магу сказаць, што яна разбэшчвала ў мяшчанскім сэнсе. Канешне, у ліцэі вучыліся розныя людзі, але асаблівых канфліктаў паміж навучэнцамі не было. Адзінства духу праяўлялася звычайна падчас супольных святаў, пасля выезду за межы краіны. На Новы год мы ўсе спявалі “Gaudeamus, хаця многія не ведалі тэксту. Пасля мы ішлі абдымацца з выкладчыкамі. Гэта вельмі кранальныя моманты, якія былі нетыповымі ў паўсядзённым жыцці.
Найбольш запоўніўся самы дальні па адлегласці выезд. Праездам праз Польшчу, Германію, Бельгію ў Францыю. У такім узросце гэта ўражвае. Ціхі гарадок на беразе Луары на пяць тысяч жыхароў. Плюс ліберальныя законы, якія дазвалялі набываць алкаголь з 16 гадоў. Нашы настаўнікі спрабавалі з гэтым змагацца, але беспаспяхова. Ліцэісты пехам знаходзілі краму з ежаю хутчэй, чым адміністрацыя на машыне.


Была цікавая гісторыя з засяленнем. Прыехалі позна ноччу. Пусты будынак, адчыненыя дзверы, але нідзе нікога няма. Кіраўніцтва праверыла адрас — усё сыходзілася. Мы самі сабе неяк паслалі, улегліся, і нам сказалі закрыць вокны на жалезныя жалюзі: “Мы не ўпэўненыя, ці туды прыехалі, то не трэба, каб было бачна святла, бо нас могуць выселіць з паліцыяй. На раніцу высветлілася, што мы папросту не знайшлі ўначы наш суседні будынак, у якім пасля і пражылі два тыдні. А на зваротным шляху зламаўся аўтобус, і мы двое сутак начавалі на аўтазапраўцы. Гэта немагчыма ўявіць у беларускай сітуацыі: людзі прыходзяць на запраўку, а там на падлозе спяць дзеці. Нас ратаваў французскі Чырвоны крыж. Прыехала брыгада, за некалькі хвілін разгарнулі ложкі і паклалі нас спаць.
* * *
Калі студэнт прыходзіць пасля школы ў ВНУ, то здае дзесяты іспыт, а ліцэіст саракавы ці больш. Каб паступіць ва універсітэт, хапала і падрыхтоўкі, і досведу. Усе мае аднагрупнікі з ліцэя, а гэта 16 чалавек, паступілі ў ВНУ. Прыкладна дзве траціны з іх з’ехалі за мяжу. Большасць — у Польшчу. Некаторыя пасля вярталіся, паступалі тут ці ў іншых краінах.

“Айцы ліцэя: Уладзімір Колас і Лявон Баршчэўскі. Фота Юрыя Дзядзінкіна


Калі ліцэй перайшоў на падпольнае становішча, некаторыя выкладчыкі сышлі. Але хто застаўся, ніколі не наракаў. Многія выкладалі паралельна ў розных ВНУ. Некаторыя ліцэйскія навучальныя праграмы, я так разумею цяпер, былі адмысловымі. Выкладчыкі самі іх распрацоўвалі, пасля па гэтых праграмах займаліся і са сваімі студэнтамі. Спачатку мы маглі абіраць адну з дзвюх замежных моў — англійскую ці нямецкую, пасля ўвялі польскую. Перад нашымі замежнымі выездамі ладзіліся кароткатэрміновыя курсы, напрыклад, французскай.
* * *
Аднойчы мы прыйшлі праводзіць дзяцей з малодшых курсаў, якія з’язджалі на навучанне за межы краіны. Стаяў адзін аўтобус, тоўпіліся дзеці, бацькі, а мы ўсё чакалі, калі ж прыедзе яшчэ другі аўтобус. Але высветлілася, што ліцэй змяшчаецца ў адзін рэйсавы аўтобус. Для мяне гэта быў шок. Бо калі я прыйшоў у ліцэй, навучэнцаў было каля двухсот, затым колькасць зменшылася да 150. А тут адзін рэйсавы аўтобус. Сумны сімвал. Гавораць, што выпускнікам цяпер раяць прыводзіць сваіх знаёмых. Я сам не раіў нікому, але так сталася, што ў ліцэй пасля мяне паступіла мая стрыечная сястра.
Калі б магчыма было вярнуць час назад, але пакінуць мой сённяшні розум, я зрабіў бы такі ж самы выбар і пайшоў вучыцца ў ліцэй. Многія б учынкі перагледзеў. Цяпер яшчэ больш відавочна, што гэта быў аптымальны шлях як у плане адукацыі, так і досведу. Калі б я застаўся ў сваёй школе, гэта было б намнога горш.