У Мінску адбудзецца круглы стол "Чарнобыль, Астравец: Эвалюцыя катастрофы"
Рашэнне пра правядзенне мерапрыемства прынятае на чарговым паседжанні аргкамітэта па правядзенні "Чарнобыльскага шляху".
На круглым стале будуць дыскутавацца тэмы "Пераадоленне наступстваў Чарнобыля", "Уплыў сучасных АЭС на здароўе людзей", а таксама разглядацца сацыяльна-эканамічны аспект сучаснай атамнай энергетыкі. На мерапрыемства, якое мяркуецца правесці 20 красавіка, плануецца запрасіць айчынных і замежных экспертаў.
У пасяджэнні аргкамітэта, якое адбылося ў Мінску 5 красавіка, прынялі ўдзел прадстаўнікі Руху "За Свабоду", АГП, БХД, ГА "Экадом", партыі "Зялёныя", "Беларускага руху", "Еўрапейскай Беларусі", БСДП(Г), арганізацыі "Навукоўцы за без'ядзерную Беларусь".
Прысутныя ўзгаднілі тэкст заяўкі на правядзенне 26 красавіка дэманстрацыі "Чарнобыльскі шлях". Мяркуецца, яна пачнецца а 18-й гадзіне ад кінатэатра "Кастрычнік". Маршрут пройдзе ўздоўж праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор. У парку "Дружбы народаў" запланаваны мітынг. Пасля яго заканчэння адбудзецца ўскладанне кветак і запальванне свечак каля Чарнобыльскай капліцы. Арганізатары таксама просяць даць дазвол выкарыстаць падчас шэсця адну паласу праезнай часткі вуліцы Сурганава і аказаць садзейнічанне ў выкарыстанні гукаўзмацняльнай апаратуры.
Заяўку на правядзенне акцыі падпішуць прадстаўнікі Руху "За Свабоду", АГП, БХД, арганізацыі "Экадом", Партыі БНФ і БСДП(Г). Яна будзе перададзена ў Мінгарвыканкам у панядзелак.
Прадстаўнік арганізацыі "Навукоўцы за без'ядзерную Беларусь", прафесар Гергій Лепін на паседжанні аргкамітэта выказаў занепакоенасць адсутнасцю належнай увагі грамадства да будаўніцтва Астравецкай АЭС і паўшчуваў апазіцыйныя партыі за слабую працу ў гэтым накірунку.
"Зараз з'явілася Фукусіма, пачалося будаўніцтва Астравецкай АЭС. Таму мы мусім дзейнічаць больш актыўна. Калі нам не дазваляюць праводзіць рэферэндум, мы павінны ініцыяваць выказванне людзей на гэты конт, а менавіта — намаганнямі ўсіх грамадска-палітычных арганізацый распачаць агульнанацыянальны збор подпісаў супраць пабудовы Астравецкай АЭС", — адзначае навуковец.
Паводле спадара Лепіна, гэта прыцягне ўвагу грамадства да існуючай праблемы, а таксама (праз міжнародны розгалас) паспрыяе інтэрнацыяналізацыі праблемы пабудовы АЭС у Беларусі.
Сябры аргкамітэта лічаць, што рашэнне пра будаўніцтва Астравецкай АЭС нелегітымнае, паколькі было прынятае недэмакратычным шляхам. Вяртанне права на здаровае наваколле мусіць ісці поруч з вяртаннем свабоды сходаў і свабоды слова. На "Чарнобыльскім шляху" намераны вылучыць патрабаванне поўнай дэмакратызацыі, пачынаючы ад вызвалення палітвязняў і спынення будаўніцтва АЭС.
Прысутныя таксама абмеркавалі падрыхтоўку іншых мерапрыемствы да гадавіны аварыі на ЧАЭС. Акрамя круглага стала запланаваныя паездка ў чарнобыльскую зону, паказ фільмаў на чарнобыльскую тэматыку ў сядзібе Партыі БНФ, падача заявак на пікетаванне ў Астраўцы, збор сродкаў для пацыентаў дзіцячага анкалагічнага цэнтра, правядзенне выставы.
Наступнае пасяджэнне аргкамітэта на сядзібе Партыі БНФ прызначана на 8 красавіка ў 11 гадзін. Пасля яго будзе пададзена заяўка мінскім уладам. На наступны дзень, 9 красавіка а 12 гадзіне пройдзе прэсавая канферэнцыя.